Лядоўня супраць тэлевізара

Калі глядзець і чытаць справаздачы беларускіх чыноўнікаў, практычна заўсёды ўзнікае думка: «Што яны там паляць?» Зрэшты, маніпуляцыя статыстыкай — гэта адзін з падмуркаў прапаганды.

istock_000026399391_medium_1024x576.jpg


На гэтым тыдні па тэлевізары нам у чарговы раз распавялі, як мы добра жывем. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты, напрыклад, заявіў, што беларуская эканоміка паказвае лепшыя вынікі працы за 12 гадоў.
«Калі глядзець у цэлым па ўсіх паказчыках, і колькасных, і якасным, то я б сказаў, што гэта лепшыя вынікі за апошнія 12 гадоў. ВУП вырас па бягучых дадзеных на 2,4%. Натуральна, асноўным драйверам, як і на працягу ўсяго года, заставалася прамысловасць. Прыкладна 70% гэтага прыросту забяспечыў менавіта прамысловы комплекс, на другім месцы па ўкладзе — IT-сектар. Астатнія галіны размеркаваць больш раўнамерна», — сказаў ён.
Круты таксама звярнуў увагу на рэкордныя тэмпы экспарту тавараў. «Экспарт вырас на 32%. Гэта таксама адзін з рэкордных паказчыкаў у нашай гісторыі. Прычым ён вырас збалансавана: на 19% за кошт цэнаў і на 12-13% за кошт аб'ёмаў. Гэта ў тым ліку вынік мадэрнізацыі нашай прамысловасці, якую мы пачалі праводзіць у 2012-2014 гадах (гэта актыўная фаза)», — сказаў чыноўнік.
Лічбы, прыведзеныя намеснік кіраўніка АП, праўдзівыя. ВУП краіны сапраўды складае ў дадзены момант 2,4% пры гадавым прагнозе ўрада ў 1,8%. Аднак ці можна назваць гэта «лепшымі вынікамі працы за 12 гадоў»? Бо Круты не патлумачыў дынаміку росту. А дынаміка такая, што ВУП, на самай справе, падае. За кошт эфекту «нізкай базы» мінулага года і ажыўлення сусветнай эканоміі рост ВУП вясной складаў да 3,5%. Эканамісты папярэджвалі, што спрыяльная кан’юнктура не вечная — так яно і адбылося. У выніку ў другім паўгоддзі ВУП пачаў падаць, і цяпер, па словах Крутога, ён складае 2,4%.
Пры гэтым сам Круты прызнаецца, што ў далейшым урад чакае запаволення эканомікі да 2% ВУП па выніках года. Але ж галоўнае — заявіць, што «мы лепшыя за 12 гадоў», правільна?
Рост беларускага ВУП, як правіла, вымяраецца ў беларускіх рублях. Але з беларускім рублём у нас праблемы. У тым жа эфіры той жа Круты сказаў, што цяпер «задача нумар адзін — не выйсці за двухзначнае значэнне інфляцыі. Максімум — гэта 9-9,4% да снежня мінулага года (гэта значыць гадавая інфляцыя) павінна быць. Цяпер яе значэнне на сярэдзіну лістапада ў рэжыме анлайн, — 8,8% у цэлым па індэксе спажывецкіх цэн і 6,9% — па групе сацыяльна значных тавараў — індыкатыўна».
Такім чынам, інфляцыя ў Беларусі — цяперашняя і прагназуемая — у 3-4 разы вышэй, чым рост ВУП. Як вы думаеце, ці варта выхваляцца такім «ростам», які імгненна паглынаецца інфляцыяй?
Рост коштаў чыноўнік патлумачыў проста: на 33% выраслі сусветныя цэны на прадукты харчавання і сельгаспрадукцыю, таму ў беларускай інфляцыі вінаватыя не мы, а сусветная кан’юнктура.
«Пачакайце, пачакайце, — скажа ўважлівы чытач, — але ж некалькімі абзацамі вышэй было сказана, што наш экспарт расце шалёнымі тэмпамі! У гэтай сувязі рост сусветных цэн на прадукты харчавання нам, як экспарцёру сельскагаспадарчай прадукцыі, павінен быць вельмі і вельмі выгадны! Так як жа можа быць так, што рост сусветных коштаў на прадукты харчавання адначасова і карысны, і шкодны?»
А вось так. Справа ў тым, што такі паказчык, як «рост экспарту», сам па сабе бессэнсоўны. Важны не экспарт сам па сабе, а колькі грошай мы на ім зарабляем. І вось тут «вынік мадэрнізацыі нашай прамысловасці» з’яўляецца велічынёй адмоўнай: па дадзеных Нацбанка, сальда знешняга гандлю таварамі ў гэтым годзе ў адносінах да студзеня-верасня 2020 года склала 47,5%, і «мінус 593,7 млн долараў». Гэта значыць, мы амаль на 600 млн долараў купілі тавараў за мяжой больш, чым туды прадалі. Нават ва ўмовах росту коштаў на харчавання на траціну.
Справядлівасці дзеля варта адзначыць, што ад канчатковага «мінусу» гандлёвага балансу нас ратуе знешні гандаль паслугамі, якая паднялася на 17, 7% і забяспечыла нам агульнае «плюсавае» знешнегандлёвае сальда на ў 2 млрд 340,5 млн. долараў. Пры гэтым значную ролю адыграў той самы ІТ-сектар, які, па словах Крутога, на другім месцы па ўнёску ў эканоміку. Рост экспарту камп’ютарных паслуг прыйшоўся, у першую чаргу, на ЗША.
Такія вынікі прымушаюць задумацца аб «мадэрнізацыі нашай прамысловасці», праўда?
Ёсць і больш сумныя лічбы. Напрыклад, пра тое, што флагманы беларускай прамысловасці ў чарговы раз пабілі рэкорд па даўгах, і іх агульная запазычанасць складае больш гадавога ВУП краіны (а калі расце, па словах Крутога, ВУП, то складана нават уявіць, як, у такім выпадку, растуць даўгі нашай эканомікі).Налічаная сярэдняя заработная плата («бруднымі», да выліку падаткаў) работнікаў Рэспублікі Беларусь у верасні 2021 года склала, па дадзеных Белстата, 1442,7 рублёў і знізілася на 1,4%. У жніўні яна таксама зніжалася — на 0,6%.
Садавіна і гародніна за год падаражэлі амаль на чвэрць (24,8%), пры тым, што ў агульным прадукты падаражэлі на 12,1%.
Як паведамляе выданне «Магілёўскі рэгіён», у горадзе былі праблемы з асноўнымі прадуктамі харчавання: дэфіцытам сталі малочная прадукцыя і хлеб.
Намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Субоцін заявіў, што нашумелую пастанову ўрада № 100, якой увялі столь па росту коштаў на многія сацыяльна значныя тавары і лекі, «сябе зжыве як нарматыўна-прававы акт». Ужо цяпер урад гатовы скараціць пералік сацыяльна значных тавараў да 17 (цяпер — 30 пазіцый), а ў далейшым чыноўнікі прыдумалі альтэрнатыву гэтаму дакументу: бонусныя карты на тавары для пенсіянераў, маламаёмных, шматдзетных сем'яў.
Такім чынам, «лепшы вынік працы беларускай эканомікі за 12 гадоў» —гэта ўвядзенне для некаторых катэгорый грамадзян прадуктовых картак!
Яскравы паказчык поспеху, ці не так?