Марэк Дамброўскі: Беларусь сярод аўтсайдэраў нават у СНД
Адзін з аўтараў польскай «шокавай тэрапіі» 1989–1990 гадоў прафесар Марэк Дамброўскі ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» разважае аб неабходнасці эканамічных рэформаў у Беларусі.
У свой час Дамброўскі быў першым намеснікам міністра фінансаў Польшчы Лешка Бальцаровіча, кансультантам шэрагу постсацыялістычных урадаў, а цяпер старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE.
Марэк Дамброўскі добра ведае эканамічную сітуацыю Беларусі, рэгулярна тут бывае, пачынаючы з 1994 года. Кожны год ён бярэ ўдзел і ў Кастрычніцкіх эканамічных форумах, дзе дзеліцца сваімі думкамі пра тое, як выйсці са складанага эканамічнага становішча, у якім апынулася Беларусь.
Рынкавыя рэформы ў Беларусі захраслі на шмат гадоў
На традыцыйнае пытанне «Радыё Свабода»: «Што рабіць?» Марэк Дамброўскі адказаў так:
«Трэба давесці да канца працэс рынкавых рэформаў, які захрас у Беларусі на шмат гадоў.
Калі параўнаць Беларусь — я не кажу ўжо пра краіны Цэнтральнай Еўропы, але нават у параўнанні з краінамі СНД — відавочна, што Беларусь далёка не лідар па шмат якіх рэйтынгах. Калі паглядзець на паказнікі структурных і інстытуцыйных рэформаў Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця, ёсць тры краіны-аўтсайдэры: Туркменістан, Узбекістан і Беларусь (па розных паказніках парадак розны). Гэтыя тры краіны адрозніваюцца ад астатніх тым, што ў вельмі важных кірунках рэформы буксуюць.
Я думаю, што асабліва цяпер, калі знешнеэканамічная абстаноўка радыкальна памянялася (я маю на ўвазе падзенне цэн на рэсурсы, падзенне цэн на нафту, немагчымасць атрымліваць рэнту з гандлю з Расіяй) — тым больш Беларусі трэба думаць пра рэформы».
Марэк Дамброўскі прагназуе: перспектыва на бліжэйшыя 2–3 гады — больш марудны рост усясветнай эканомікі. На думку эканаміста, наўрад ці яна пачне расці хутчэй бліжэйшым часам: нават калі асобныя краіны крыху паскораць рост, іншыя запаволяцца. Так што, у прынцыпе, сітуацыя не настолькі спрыяльная, як была, прыкладам, да крызісу 2008 году, і пэўны час нам яшчэ давядзецца жыць у такой абстаноўцы:
«Зразумела, што нават калі Расія і суседняя Украіна крыху стабілізаваліся, затрымалі падзенне ВУП (Украіна нават пачала крыху расці) — яны таксама наўрад ці вернуцца на шлях высокага росту (асабліва Расія). Цэны на рэсурсы, хутчэй за ўсё, у сярэднім застануцца на ўзроўні, набліжаным да цяперашніх. Дэмаграфічная абстаноўка і ў вашай краіне, і ва ўсёй Еўропе адмоўная, колькасць насельніцтва працаздольнага ўзросту падае.
Так што адзіны шанец тут — павысіць прадукцыйнасць працы. І па-другое — трэба прыцягнуць больш добрых інвестыцыяў з-за мяжы. А гэта немагчыма без дастаткова радыкальных і комплексных рынкавых рэформаў».
Галоўная перашкода рэформаў у Беларусі
Дамінаванне дзяржаўнага сектару, перакананы Марэк Дамброўскі, — асноўная перашкода на шляху рынкавых рэформаў:
«Вельмі важная прыватызацыя дзяржаўнага сектару, тым больш што ў Беларусі адна з самых высокіх доляў дзяржаўнага сектару ў эканоміцы. Адмена рэгламентаваных абмежаванняў для прыватнага бізнесу (і для буйнога, і малога, і сярэдняга). Адмена рознага кшталту абмежаванняў для замежных інвестыцыяў. Рэформа праваахоўнай і судовай сістэмы, рэформа дзяржкіравання, зямельная рэформа, без якой не будзе павышэння эфектыўнасці сельскай гаспадаркі. Банкаўская рэформа, адмена таго, што называецца мяккімі бюджэтнымі абмежаваннямі для дзяржпрадпрыемстваў — прыпыніць прамое або ўскоснае субсідаванне адстаючых прадпрыемстваў...
Гэта тыя ж самыя прапановы, пра якія казалі і год таму, і некалькі гадоў таму», — заўважыў Марэк Дамброўскі.
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, інфляцыя за студзень — кастрычнік склала 9,2%. Прыбыткі беларусаў імкліва падаюць: са студзеня па жнівень — на 7,1%. ВУП сёлета, насуперак афіцыйнаму прагнозу, знізіцца не менш чым на 3%. У 2017 годзе, паводле прагнозу Міжнароднага валютнага фонду, стагнацыя працягнецца.
Шокавая тэрапія для Беларусі
На пытанне, ці не варта Беларусі пайсці па шляху Польшчы 1989–1990 гадоў, калі тая перажыла шокавую тэрапію, правёўшы радыкальныя рэформы, Марэк Дамброўскі адказаў:
«Я ніколі не карыстаўся тэрмінам «шокавая тэрапія», гэта прыдумана праціўнікамі трансфармацыі для таго, каб у карыкатурным выглядзе прадставіць сутнасць трансфармацыі, напалохаць людзей. Мы можам казаць пра радыкальныя рэформы і комплексныя рэформы. Калі вы ўзгадалі Польшчу, скажу, што ніхто тады не ведаў, як хутка з’явяцца вынікі, якімі будуць гэтыя вынікі. Так што казаць пра тое, што ўсе ведалі, што спачатку трэба ахвяраваць, цярпець, а потым будзе выйгрыш, не выпадае. Гэта далёка не так.
Я думаю, тут іншы фактар адыграў сваю ролю: тагачаснае палітычнае кіраўніцтва, прэм’ер-міністры, віцэ-прэм’еры, што адказвалі за эканамічныя рэформы, былі гатовыя ўзяць на сябе палітычную рызыку правядзення гэтых рэформаў. У прынцыпе, яны заплацілі асабістую цану — я маю на ўвазе палітычную папулярнасць. Але ўсё ж такі вынікі засталіся.
Але я б не параўноўваў цяперашнюю сітуацыю Беларусі з сітуацыяй любой іншай посткамуністычнай краіны ў 1989–1990 гадах. Я думаю, што тады глыбіня крызісу была нашмат большая — і макраэканамічнага, і структурнага крызісу.
Нягледзячы на тое, што Беларусь — не лідар рэформаў, усё ж такі частковыя змены адбыліся, рэформы прайшлі. А шок атрымаўся перш за ўсё з прычыны макраэканамічных крызісаў — такія крызісы здараліся ў Беларусі некалькі разоў (апошні быў пры канцы 2014 — на пачатку 2015 году).
Цяпер пытанне стаіць інакш: што зрабіць, каб пазбегнуць чарговага крызісу праз пэўны час. У выніку прыватызацыі і рэструктурызацыі будуць і тыя, хто прайграе, і тыя, хто выйграе. Але я б не драматызаваў, тут усё ж такі іншая дылема: або вы праведзяце хуткія рэформы, пакуль сітуацыя яшчэ не зусім дрэнная, або вы зноў адкладаеце рэформы, і прыйдзе наступны крызіс, магчыма, нашмат глыбейшы, чым у 2008-м, 2011-м і ў канцы 2014 года. І тады ўжо не будзе куды падзецца, і выдаткі будуць значна больш сур’ёзныя.
Гэта, перш за ўсё, пытанне рашучасці, перакананняў, палітычнай волі кіраўніцтва».
***
Марэк Дамброўскі — доктар эканамічных навук, прафесар. Адзін з заснавальнікаў Цэнтру сацыяльна-эканамічных даследаванняў у Варшаве (CASE), ад 2011-га — старшыня Назіральнай рады цэнтру «CASE Украіна» ў Кіеве. Сябра Вучонай рады Інстытуту эканамічнай палітыкі імя Ягора Гайдара ў Маскве. Ад пачатку 1990-х удзельнічаў у даследчых і кансультацыйных праграмах CASE у Азербайджане, Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіне, Грузіі, Егіпце, Іраку, Емене, Казахстане, Кыргызстане, Малдове, Манголіі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Македоніі, Сербіі, Сірыі, Туркменістане, Узбекістане, Украіне. Займаў пасаду першага намесніка міністра фінансаў Польшчы, быў дэпутатам польскага Сейму, сябрам Рады грашовай палітыкі Нацыянальнага банку Польшчы. Марэк Дамброўскі — кансультант Усясветнага банку і Праграмы развіцця ААН. Сфера навуковых інтарэсаў уключае праблемы макраэканамічнай палітыкі, глабалізацыі, фінансавых крызісаў, эканомікі палітычнай трансфармацыі, еўрапейскай інтэграцыі, ролі міжнародных фінансавых арганізацыяў.