На парозе «газавай вайны»

Варта запомніць гэты тыдзень. Магчыма, потым яго назавуць тым самым «днём ікс», з якога пачалася чарговая дэвальвацыя, альбо не ведаю ўжо якая па ліку «газавая вайна» з Расіяй.

hazavaja_vajna.jpg

Фота crimea.ria.ru

Беларусь — краіна цудаў. У ёй нібыта нешта адбываецца, а нібыта і не адбываецца. Прычым тое, што адбываецца, застаецца незаўважаным, а тое, што не адбываецца — наадварот. Гэткае «пайдзі туды, не ведаю куды, прынясі тое, не ведаю што»

Вось, напрыклад, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына абмеркавала з Аляксандрам Рыгоравічам дату парламенцкіх выбараў. Сышліся, дарэчы, на гадавіне маштабнага тэракту ў ЗША — атакі на «вежы-блізняты» ў Нью-Ёрку — 11 верасня. Такім чынам, пачацца парламенцкая кампанія павінна недзе 7 чэрвеня. У любой нармальнай краіне парламенцкія выбары — гэта значная, а недзе і лёсавызначальная падзея, іншым разам і больш важная, чым прэзідэнцкія выбары. Але — не ў нас.

Мы ўжо ведаем з лукашэнкаўскага паслання, што ў новым парламенце застанецца 30% дэпутатаў ад старога. І што дэпутаты натоўпамі бегаюць за Аляксандрам Рыгоравічам з просьбаю пакінуць іх на другі тэрмін, ці хаця б уладкаваць на «гасударавай службе». А народ, які, ці я нешта блытаю, павінен «абіраць дэпутатаў», застаецца недзе ўбаку. Бо нам ужо сказалі: траціна застанецца, яе вызначаць. Незалежна ад таго, чые прозвішчы будуць у бюлетэнях для галасавання. Ну і навошта гэтыя выбары? Навошта марнаваць на іх шалёныя грошы? Ужо не раз паступала прапанова адмовіцца ад гэтай непатрэбнай працэдуры, зэканоміўшы краіне дзясяткі мільёнаў долараў.

У мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў я б, заадно, пазбавіўся б і Палаты прадстаўнікоў. Навошта нам яна? Давайце зробім аднапалатны парламент, прычым, пакінем толькі Савет рэспублікі. Бо ён адпавядае рэаліям сённяшняга дня. Хто-небудзь калі-небудзь чуў пра ўсеагульныя выбары дэпутатаў Савета рэспублікі? А між іншым, гэтая палата — таксама ж парламент.

З той жа серыі: Аляксандр Лукашэнка 3 мая падпісаў указ № 164 «Аб скліканні пятага Усебеларускага народнага сходу». Мерапрыемства пройдзе 22–23 чэрвеня ў Мінску. Зараз усе аналітыкі аналізуюць, а эксперты — экспертуюць, што ж будзе сказана на тым Усебеларускім народным сходзе.

Зразумела, што сказаць народу няма чаго. Гэтае мерапрыемства не толькі стратнае, але і нават шкоднае. Шмат каму ўзгадаецца савецкі анекдот пра тое, як Брэжнева запыталіся, чаму ў краіне нестае мяса. І пачулі ў адказ: «Мы ідзем да камунізму сямімільнымі крокамі. Худоба за намі не паспявае».

Але ж і адмовіцца ад мерапрыемства нельга. Па-першае, народ з нагоды яго адсутнасці перад прэзідэнцкімі выбарамі ўжо пачаў казаць: «Бацька ўжо не той». Па-другое, абяцалі ж правесці, дык лепей позна, чым ніколі. І па-трэцяе, каб асабліва не раздражняць насельніцтва, прызначылі яго на самы пачатак сезону адпачынкаў, калі людзі будуць больш заклапочаныя выездам да мора альбо зборам ураджаю клубніцаў на сваіх палетках.

А вось што прайшло незаўважаным, але было значным… Варта запомніць гэты мінулы тыдзень. Магчыма, потым яго назавуць тым самым «днём ікс», з якога пачалася чарговая дэвальвацыя, альбо чарговыя «часовыя складанасці», альбо не ведаю ўжо якая па ліку «газавая вайна» з Расіяй.

Раней беларускія банкі ўсталёўвалі курс пакупкі валюты заўсёды ніжэйшы, чым курс Нацбанка, вызначаны таргамі на валютнай біржы. Сапраўды, навошта больш плаціць за валюту, чым можна набыць яе на біржы? На гэтым тыдні ў аўторак склалася адваротная сітуацыя — пры кошце долара па заканчэнні таргоў на біржы ў 19.121 беларускі рубель за «зялёны», банкі куплялі ў насельніцтва грошы 19.150 — 19.300. А гэта ўжо «званочак» для банкаўскай сістэмы. Нешта ў ёй не тое.

Адначасна з гэтым у сеціве з’явілася навіна пра тое, што ў дзяржбанкаў, якія па актывах займаюць ільвіную долю на банкаўскім рынку, у параўнанні з мінулым годам значна скараціўся прыбытак. Так, чысты прыбытак «Беларусбанка» скараціўся ў 4,3 разы. «Белаграпрамбанк» страціў у даходах у 4 разы і выбыў з першай дзясяткі самых прыбытковых банкаў краіны. Прыкметнае скарачэнне прыбытковасці яшчэ ў двух валаўтваральных банкаў краіны — «БПС-Ашчадбанка» і «Белінвестбанка». За год чысты прыбытак у першага скараціўся ў 4,6 разы, у другога — у 6,5 разы.

Падаецца, дзяржбанкі не вытрымліваюць «спансавання пасяўной».

І яшчэ нам адгукнуўся продаж нашай «іржавай трубы» Расіі. Калісьці мы на 100% прадалі «Белтрансгаз» «Газпраму». А зараз гэтая «іржавая труба» патрабуе ад Беларусі грошай. «Газпрам трансгаз Беларусь» як пастаўшчык расійскага прыроднага газу, прызначанага для спажыўцоў Рэспублікі Беларусь, звярнуўся ў Міжнародны арбітражны суд з пазовам да арганізацый Рэспублікі Беларусь, якія займаюцца газавымі пастаўкамі», — праінфармавалі ў кампаніі.

У «Газпрам трансгаз Беларусь» падкрэслілі, што «ў сувязі з наяўнасцю запазычанасці з боку адпаведных арганізацый Рэспублікі Беларусь па аплаце пастаўленага прыроднага газу ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» абараняе свае інтарэсы ў адпаведнасці з умовамі заключаных дагавораў».

А вось намеснік прэм’ера Уладзімір Сямашка лічыць, што нашы прадпрыемствы маюць права недаплочваць «Газпрам Трансгазу Беларусь». «З 1 студзеня гэтага года мы маем усе падставы, каб нашы суб'екты гаспадарання мелі больш нізкую цану, чым нам прад’яўляе суб’ект гаспадарання Беларусі са статусам замежнага прадпрыемства «Газпрам трансгаз Беларусь», — заявіў Сямашка. Таму што, па яго словах, у нас падпісана «цэлая сістэма пагадненняў на ўзроўні ўрадаў дзвюх краін».

Гаворка ідзе пра пагадненне ад 2010 года аб парадку доступу да паслуг пэўных манаполій, пагадненні ад 2011 года аб парадку фарміравання цэн на прыродны газ у Беларусі і дагаворы ад 29 мая 2014 года аб стварэнні ЕАЭС. «Там усё дакладна распісана — калі, што, якія кошты дзейнічаюць, якія падыходы да фарміравання гэтых коштаў ёсць», — канстатаваў віцэ-прэм’ер.

Дзіўна, што Сямашка ўзгадаў пра міжурадавыя пагадненні — зазвычай яны проста ігнаруюцца. Праўда, існуе меркаванне, што ў Расіі «Газпрам», — гэта і ёсць урад. Тады, канешне, усё лагічна. Але ў «Газпраму» можа быць сваё меркаванне наконт цаны. З гэтым разбяруцца падчас «газавай вайны».