Каму здрадзілі сербы?

Вынікі сербскіх парламенцкіх выбараў расійскія СМІ ўспрынялі як здраду сербаў, якія, маўляў, прадаліся Еўропе. Пра выбар сербскага грамадства НЧ размаўляе з сербскім эколагам Веснай Юсуп.

serbskija_vybary.jpg


— «Вось табе і сербскія братушкі», «Удар у спіну Масквы», «Братэрскія народы: камень, нажніцы, папера». Гэта загалоўкі расійскіх СМІ, прысвечаныя вынікам парламенцкіх выбараў у Сербіі, на якіх перамаглі прыхільнікі еўрапейскага выбару: «прагрэсісты» і сацыялісты разам набралі 59% галасоў. Як ты пракаментуеш такую рэакцыю расійскага грамадства?

 

— Мне падаецца, што расійская грамадскасць вельмі слаба ўяўляе сербскія рэаліі. Усе адэкватныя палітыкі ў Сербіі стаяць на еўрапейскай глебе. Без супрацоўніцтва з Еўропай немагчымыя інфраструктурныя рэформы, мадэрнізацыя, прыход інвестыцый. Сімпатыі на адрас Расіі таксама ёсць, аднак гэта хутчэй нейкая ўдзячнасць за ролю Расіі ў вызваленні балканскіх народаў у XIX стагоддзі. У любым выпадку, русафілія не мае пад сабой ніякай палітычнай перспектывы. Самы вялікі сербскі прыхільнік еўраінтэграцыі можа публічна казаць, што ён сябра Расіі — і нікога гэта не шакуе. Напэўна, у Расіі палічылі здрадай адносна слабы паказчык нацыяналістаў-еўраскептыкаў на фоне поспеху партый, якія лічацца праеўрапейскімі.

 

— З улікам іміграцыйнага крызісу Еўрасаюза, еўрафобскіх тэндэнцый і нарастаючага скепсісу наконт перспектыў пашырэння ЕС, трыумф праеўрапейскіх партый выглядае трошкі дзіўна…

 

— У дачыненні да Сербіі сітуацыя асаблівая. Існуе прынятая яшчэ да цяперашняга крызісу дарожная карта далучэння да Еўрасаюза. Паводле яе, у выпадку выканання ўсіх умоў, краіна атрымае шанс падаць заяву на ўступленне ў ЕС прыкладна пасля 2019 года. Пакуль ніякіх сігналаў пра перагляд дамовы з боку Брусэлю не было. Наадварот, падчас выбараў кіраўніцтва ЕС заклікала трымаць рэфарматарскі тэмп.


Весна Юсуп

Весна Юсуп

 

— Знаёмства з сербскай палітычнай кухняй не можа не выклікаць здзіўлення. Аляксандр Вучыч, галоўны прыхільнік еўраінтэграцыі, лідар Сербскай прагрэсіўнай партыі, яшчэ ўчора лічыўся галоўным лабістам расійскіх інтарэсаў, а яшчэ раней засвяціўся ў якасці міністра інфармацыі ў камандзе Мілошавіча. Таго самага Мілошавіча, які ў 1990-я гады меў у Еўропе статус «вораг нумар адзін».

 

— Палітычная памяць — не канёк сербскага выбаршчыка. Тэма мінулага палітыкаў мала агучваецца падчас выбарчых кампаній. Як правіла, гэта канкурэнцыя харызмы лідараў партый і іх абяцанняў. Таму змена ўрада зводзіцца, як правіла, да змены каманды, якая кантралюе фінансавыя патокі і адказвае за дзяржсектар, куды ідуць бюджэтныя грошы. Асаблівасць цяперашніх выбараў — у тым, што ўзнікла перспектыва фармавання аднапартыйнага кабінету — Прагрэсіўная партыя набрала 48% галасоў. Акрамя таго, сапраўды назіраецца актывізацыя еўраскептыкаў у выглядзе нацыяналістаў, якіх, быццам бы, падтрымлівае Масква. Яны зараз маюць трэцюю фракцыю ў парламенце.

 

— Як можна ацаніць вынікі Ваіслава Шэшаля і яго нацыяналістаў?

 

— У прынцыпе, гэта адносны поспех. Яны пераадолелі пяціпрацэнтны бар’ер, і праз чатыры гады вяртаюцца ў парламент. Аднак усё ж ад іх чакалі большага. Праўда, тут былі аб’ектыўныя падставы. Найперш, раптам знік «косаўскі фактар», на якім актыўна гралі правыя: Прышціна пагадзілася даць сербам, якія кампактна жывуць на Поўначы краю, аўтаномію. У выніку тэма Косава на выбарчых дэбатах амаль не абмяркоўвалася. Падкасіла шанцы нацыяналістаў і тое, што нядаўна была закрытая мяжа з Македоніяй і Грэцыяй. Транзіт уцекачоў праз Сербію зараз не такі буйны і не дазваляе еўрафобам спекуляваць на іміграцыйным крызісе.

 

— Ці існуе ў Сербіі настальгія па часах Ціта? Ці здольнае мінулае палітычна мабілізаваць сербскі электарат?

 

— Настальгія па Югаславіі характэрная для больш сталага насельніцтва, аднак нават самыя вялікія ахвяры югаслаўскага міфа прызнаюць: аднавіць той праект немагчыма. У дадатак успаміны пра часы Ціта і настальгія па іх якраз не азначаюць сімпатыі на адрас Масквы, якая, як вядома, мела спецыфічныя адносіны з Бялградам.

 

— Ці ўплываў на выбаршчыкаў досвед Харватыі, якая стала сябрам ЕС у 2013 годзе?

 

— Хаця пакуль асаблівых поспехаў сяброўства ў ЕС краіне не прынесла, у Харватыі ёсць прагрэс у барацьбе з карупцыяй. Пад наглядам Брусэля харвацкім уладам давялося рэфармаваць частку антыкарупцыйнага заканадаўства. Еўрапейцы ўвогуле жорстка назіраюць за выкананнем такога кшталту законаў, што выклікае зайздрасць у сербаў. Над нашымі чыноўнікамі ніхто не стаіць, гэта дазваляе ім рабіць усё, што заўгодна. Як эколаг я ўзгадаю такі нонсэнс: у Сербіі няма міністэрства экалогіі. За гэтую сферу адказвае Мінэнергетыкі. Безумоўна, у краіне — сябры ЕС такое немагчыма. Таксама харвацкі досвед імпануе сербам тым, што ЕС заўсёды апякуецца краінай-сябрам, ніколі не пакідае яе без падтрымкі.

 

— Што бліжэйшым часам чакае Сербію?

 

— Спачатку перамовы наконт фармату ўраду. У прынцыпе, Вучыч ішоў на выбары, каб кіраваць самастойна. Пасля таго, як урад будзе сфармаваны, ён павінен запусціць прыватызацыю дзяржсектара. А гэта шмат у каго выклікае сумнеў. Што тычыцца апазіцыі, то яна баіцца, што Вучыч захоча стаць сербскім Орбанам. Павесці краіну аўтарытарным шляхам. У любым выпадку, пасля 2019 года, калі павінны распачацца перамовы пра ўступленне ў ЕС, у сербскай гісторыі пачнецца новая старонка.