На расійскіх АЗС абмежавалі продаж бензіну. Беларусам падрыхтавацца да скачка цэн на паліва?
Найбуйнейшы аператар паліўных карт у Расіі наважыўся ўвесці абмежаванне на продаж нафтапрадуктаў у сетках «Раснафта» і «Газпрам нафта». Цяпер там дазволілі купляць не больш за 150 літраў за суткі. Уся справа з-за дэфіцыту, адзначае «Тэлеграф».
«У нас ёсць рэгіёны, у шэрагу вытворцаў якіх заканчваецца
паліва, яго застаецца на тыдзень. І яны прыпыняюць палявыя работы. На поўдні ў
нас сітуацыя досыць складаная», — прызналася першая намесніца міністра сельскай
гаспадаркі Расіі Аксана Лут. Але праблемы ў РФ з палівам
паўсталі не толькі ў аграрыяў.
Тым часам расійскія СМІ пішуць, што АЗС у РФ сталі прыносіць страты. У «Петрамаркеце» падлічылі, што прыбытак заправак з бензіну АІ-92 і АІ-95 на пачатак верасня ў сярэднім складаў мінус 3 руб./л, па дызелю — мінус 2 руб./л.
«Гандаль бензінам знаходзіцца ў адмоўнай зоне з сярэдзіны чэрвеня, дызельнага паліва — з сярэдзіны жніўня», — паведаміў прадстаўнік «Петрамаркета».
Кіраўнік незалежнай паліўнай асацыяцыі Павел Бажэнаў пацвердзіў, што маржынальнасць АЗС па АІ-95 адмоўная — мінус 2,19 руб./л. Пры гэтым продажы АІ-92 і дызеля, паводле яго слоў, усё яшчэ выгадныя, хоць маржа вельмі нізкая (па бензіне складае ўсяго 63 кап./л). Тым часам аптовыя кошты нафтапрадуктаў у Расіі выраслі.
На гэтым фоне пайшлі размовы аб неабходнасці яшчэ большага павышэння коштаў на паліва ў РФ. На бензін АІ-95 на біржы яны дасягнулі гістарычнага максімуму ў 70123 рублі за тону.
А вось у Дзярждуме наадварот, прапанавалі пайсці па прыкладзе Беларусі і ўвесці гранічныя цэны. «Кошт паліва ўплывае на фарміраванне цэн практычна ўсіх тавараў і паслуг. У выніку павышэння коштаў значна павялічваюцца выдаткі асабістых і сямейных бюджэтаў», — заявіў лідар фракцыі ЛДПР Леанід Слуцкі.
Тым часам беларускія ўлады раней прывязалі кошт паліва на беларускіх запраўках да расійскіх. І павышэнне коштаў у суседняй краіне можа выклікаць рост на беларускіх АЗС.
Як беларускія кошты бензіну залежаць ад расійскіх?
Нагадаем, што 16 траўня, упершыню за папярэднія 11 тыдняў, у Беларусі не адбылося паніжэння коштаў на бензін і дызель. У «Белнафтахіме» не далі ніякіх тлумачэнняў. Але да гэтага беларускі дыпламат, пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты раскрыў сакрэт.
Паводле яго слоў, беларускаму боку важна было «трымаць коштавы парытэт на ўжо гатовыя нафтапрадукты ў калідоры 10-15%». Гэта значыць, кошты паліва ў Беларусі не павінны быць даражэйшымі за расійскія больш, чым на гэтыя адсоткі. У канцы вясны расійскі дызель быў таннейшы за беларускі прыкладна на запаветныя 15%. А вось 95-ты бензін-на 20%, 92-гі — на 24% танней.
Рост коштаў на паліва ў Расіі
ўвосень (амаль на 8%) цалкам можа прывесці да пастановы ўладаў Беларусі пачаць
падвышаць кошт на беларускіх АЗС. Але як заўсёды, гэта не дакладна. Беларусаў,
як правіла, папярэджваюць за некалькі гадзін да зменаў на запраўках. І хутчэй
за ўсё, гэта адбудзецца пасля заканчэння ўборачнай і пасяўной азімых.