Нацбанк шосты раз за год зніжае стаўку рэфінансавання. Аслабляе рубель?
Праўленне Нацбанка зноў прыняло рашэнне аб чарговым зніжэнні стаўкі рэфінансавання — з 28 чэрвеня 2023 года з 9,75 да 9,5 працэнта гадавых. Галоўны банк краіны зніжае стаўку рэфінансавання ўжо шосты раз за гэты год.
Падобныя прэцэдэнты адбываліся толькі ў 2012 (8 змяненняў з 43% да 30% гадавых) і 2017 (8 змяненняў з 17% да 11% гадавых) гадах, заўважае тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Варта адзначыць, што ў 2012 годзе стаўка зніжалася пасля маштабнага фінансава-экананамічнага крызісу 2011 года, калі беларускі рубель абясцэніўся за год амаль на 200%. А ў 2017 годзе стаўка зніжалася пасля паспяховай дэнамінацыі нацыянальнай валюты ў 2016 годзе.
Прычынай цяперашняга змякчэння грашова-крэдытнай палітыкі банк называе захаванне тэндэнцыі да запаволення інфляцыйных працэсаў, аднаўленне ўнутранага спажывання, рост прапановы тавараў і паслуг.
Інфляцыйныя працэсы ў Беларусі і Расіі падобныя, аднак расійскі Цэнтрабанк, наадварот, вытрымлівае паўзу і захоўвае ключавую стаўку ў 7,5% гадавых, якую ўстанавіў яшчэ ў верасні мінулага года.
Пры гэтым беларускі Нацбанк, з аднаго боку, ацэньвае рызыкі росту інфляцыі як умераныя і ў той жа час адзначае павышаны рост грашовай масы, высокую долю ліквідных зберажэнняў (наяўных і сродкаў на бягучых рахунках) і стрыманую ашчадную актыўнасць насельніцтва.
Банк пакідае сабе прастору для манеўру, кажучы пра тое, што рызыкі з боку ўнутраных і знешніх умоў могуць змяніць дзеянні рэгулятара. На фоне бягучых падзей рызыкі, здаецца, пачынаюць узмацняцца. Пакуль толькі знешнія. Але з улікам высокай залежнасці беларускай эканомікі ад расійскай негатыўных наступстваў доўга чакаць не давядзецца, і тады рызыкі стануць ужо ўнутранымі.
Стаўка рэфінансавання — працэнт у гадавым вылічэнні, што бяруць цэнтральныя банкі або іншыя дзяржаўныя органы, адказныя за крэдытна-грашовую палітыку, за крэдыты, якія прадастаўляюцца імі камерцыйным банкам. Як правіла, такія крэдыты выдзяляюцца банкам на адну ноч (overnight) для падтрымання ліквіднасці, выканання бягучых абавязацельстваў.
Стаўка рэфінансавання — адзін з самых дзейсных інструментаў рэгулявання стану эканомікі краіны. Паніжэнне стаўкі прыводзіць да стымулявання эканомікі. Пазыкі становяцца таннейшымі спачатку для банкаў, потым для карпарацый і ў канчатковым выніку для спажыўцоў. Попыт на тавары і паслугі расце, адбываецца эканамічны рост (у тэорыі).
У той жа час зніжэнне стаўкі рэфінансавання прыводзіць да паслаблення нацыянальнай валюты — паколькі грошы сталі «больш танныя». Справядліва і адваротнае: рост стаўкі рэфінансавання без уліку іншых фактараў, такіх, як інфляцыя і інш., робіць валюту больш прывабнай.
Таму рэгулятары ўсіх краін «гуляюць» са стаўкай рэфінансавання, рэгулюючы такім чынам эканоміку сваёй краіны.