Нацбанк паводле рэкамендацыі МВФ узмацняе жорсткасць патрабаванняў да камерцыйных банкаў

Нацыянальны банк Беларусі ўзмацняе жорсткасць патрабаванняў да камбанкаў у частцы валютнага крэдытавання. Пра гэта сведчыць ліст кіраўніцтва Нацбанка, накіраваны камерцыйным банкам, тэкст якога мае БелаПАН.



nacbank2_245.jpg

Рашэнне рэгулятара з'явілася ўслед за адпаведнымі рэкамендацыямі Міжнароднага валютнага фонду. 


У лісце, які на мінулым тыдні атрымалі камерцыйныя банкі, паведамляецца, што кіраўніцтвам Нацбанка "ў мэтах абмежавання крэдытных рызыкаў банкаў, звязаных з валютнымі рызыкамі іх даўжнікоў", прынята пастанова, якая ўносіць змену ў інструкцыю аб нарматывах бяспечнага функцыянавання для банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый


Рэгулятар адзначае, што ў сувязі з прынятым рашэннем валютнае крэдытаванне будзе адносіцца да аперацый з больш высокім каэфіцыентам рызыкі


"Змены, што ўносяцца, прадугледжваюць выкарыстанне банкамі пры разліку паказчыкаў дастатковасці нарматыўнага капіталу вагавога каэфіцыента рызыкі 150 працэнтаў для крэдытнай завінавачанасці, каштоўных папер рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, намінаваных у замежнай валюце, а таксама для крэдытнай завінавачанасці, міжбанкаўскіх крэдытаў і дэпазітаў, забяспечаных закладам каштоўных папер, гарантыямі і паручыцельствамі юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь, намінаванымі ў замежнай валюце", — паведамляецца ў лісце Нацбанка. 


Варта адзначыць, што гэтае рашэнне галоўнага банка краіны з'явілася ўслед за рэкамендацыямі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС і МВФ — крэдыторамі Беларусі — абмежаваць аб'ёмы валютнага крэдытавання ў краіне. 


Так, Міжнародны валютны фонд у сваім чэрвеньскім дакладзе рэкамендаваў Нацбанку "выкарыстоўваць меры макрапрудэнцыйнай палітыкі для стрымлівання хуткага росту крэдытавання ў замежнай валюце". Персанал фонду выказаў занепакоенасць тым, што ў Беларусі "вялікая частка валютных крэдытаў выдзяляецца нехеджаваным пазычальнікам", і гэта стварае рызыкі невяртання крэдытаў. 


"Персанал МВФ рэкамендаваў разгледзець дадатковыя меры па абмежаванні росту крэдытавання ў замежнай валюце. У прыватнасці, персанал рэкамендаваў разгледзець павышаныя вагавыя каэфіцыенты рызыкі для валютных крэдытаў", — адзначалася ў дакладзе. 


Такім чынам, прынятае рашэнне Нацбанка з'яўляецца люстраным адбіткам рэкамендацый фонду. 


Як растлумачылі БелаПАН банкіры, рашэнне Нацбанка будзе наўпрост ўплываць на ўзровень дастатковасці капіталу банкаў. 


"У банка зыходзячы з яго актыўных аперацый павінна хапіць капіталу для пакрыцця непрадбачаных рызык. Для вызначэння дастатковасці капіталу да актываў прымяняюцца розныя вагавыя каэфіцыенты рызыкі. Згодна з новымі правіламі капітал павінен быць у 1,5 разу большы за выдадзены крэдыт у замежнай валюце", — сказаў БелаПАН кіраўнік падраздзялення камерцыйнага банка. 


Такім чынам, прадоўжыў ён, рэалізацыя прынятага рашэння прывядзе да зніжэння паказчыкаў дастатковасці капіталу банкаў. "Гэта прымусіць банкі задумацца пра аб'ёмы валютнага крэдытавання, бо паказчык дастатковасці капіталу — ключавы, на які ўсе звяртаюць увагу", — канстатаваў прадстаўнік камерцыйнага банка. 


У лісце Нацбанка паведамляецца, што зараз прынятая пастанова, якая тычыцца валютнага крэдытавання, праходзіць абавязковую юрыдычную экспертызу. "Дата набыцця пастановай моцы вызначана з 1 кастрычніка 2013 года", — гаворыцца ў лісце. 

Дзмітрый Заяц, БелаПАН