Намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі расказаў, як рэжым спадзяецца кампенсаваць страты ад санкцый
Афіцыйны Мінск разглядае цану на расійскі газ у 2022 годзе на ўзроўні $128,5 за 1 тыс. куб. м як адну з крыніц пакрыцця санкцыйных страт, заявіў намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітры Крутой, піша «Свабода».
Гэтую заяву, паводле ТАСС, Крутой зрабіў у інтэрв’ю праграме «Пытанне нумар адзін» на тэлеканале «Беларусь 1».
«Калі на еўрапейскіх рынках газ сёння каштуе больш як $1 тыс., а ў нас — $128,5, гэта вялікая канкурэнтная перавага. І, вядома, гэта адна з крыніц рэсурсаў пакрыцця нейкіх санкцыйных страт, калі мы гаворым аб даданай вартасці, аб пэўных выдатках», — сказаў Крутой.
Таксама Дзмітры Крутой заявіў, што «ў наступным годзе з улікам таго, што першы энергаблок атамнай станцыі будзе працаваць на поўную магутнасць, прагназуецца эканомія газу ў аб’ёме 1,8 млрд. куб. м». «Калі пераводзіць у грошы, гэта прыкладна $200-250 млн. Гэта значыць па сутнасці толькі эканомія на газе ў наступным годзе перакрые ўвесь адмоўны эфект па санкцыйных пазіцыях у гандлі з Еўрапейскім саюзам».
Беларусь прагназуе страты ад санкцый для энергетычнага і хімічнага экспарту ў суме $350-300 млн, заявіў Крутой. «Па той групе, якая знаходзіцца ў санкцыйным спісе, паводле ацэнак экспертаў, гэта прыкладна $250-300 млн у год. Гэта, у першую чаргу, энергетычная і нафтахімічная група, дзе плануецца зніжэнне паставак», — сказаў Крутой.
Паводле чыноўніка, Беларусь у наступным годзе будзе цалкам забяспечана нафтавай сыравінай, а падрыхтоўка кантрактаў на пастаўкі амаль завершана. «Па нафце кантракты практычна падпісаныя на наступны год, ніякіх пытанняў па нафтаваму рынку таксама не будзе», — заявіў Крутой.
Паводле яго слоў, «аб’ём [паставак нафты ў 2022 годзе] на ўзроўні гэтага года». «У бюджэце закладзены больш кансерватыўны сцэнар — перапрацоўка нафты ў аб’ёме 12,5 млн тон. Але мэтавы сцэнар — 16-17 млн тон, частка будзе пастаўлена чыгуначным транспартам, частка — трубаправодным. Два нашы заводы будуць у наступным годзе ў поўным аб’ёме забяспечаныя нафтай, ніякіх пытанняў няма», — сказаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.
Тым часам, старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Леў Львоўскі лічыць, што нядаўна ўведзеныя новыя санкцыі ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і Канады супраць беларускага рэжыму істотна ўдараць па беларускай эканоміцы ў перыяд свайго паўнавартаснага дзеяння.
Ацаніць патэнцыйныя страты беларускай эканомікі пакуль досыць складана, бо не хапае інфармацыі пра дакладныя тэрміны старту некаторых абмежаванняў, адзначае Леў Львоўскі.
Раней эканамісты BEROC ацэньвалі страты ад чатырох абмежавальных пакетаў ЕЗЭ прыблізна ў 6% ВУП на працягу двух-трох кварталаў пасля пачатку іх дзеяння, а ў далейшай перспектыве — аж да 10% ВУП
Новыя абмежаванні чатырох уплывовых гульцоў сусветнай эканомікі, дадае Львоўскі, адчувальна пагаршаюць негатыўны эфект. Паводле яго, агулам гаворка можа ісці пра мільярды долараў.
2 снежня Еўрасаюз увёў пяты пакет санкцый супраць афіцыйнага Мінска. У той жа дзень уступілі ў дзеянне новыя санкцыі ЗША, Канады і Вялікабрытаніі.