Улады называюць заніжаныя сумы магчымых страт ад заходніх санкцый

Улады спрабуюць супакоіць самі сябе, называючы заніжаныя сумы магчымых страт ад заходніх санкцый. Яшчэ нядаўна Лукашэнка казаў, што страты ад санкцый такія мізэрныя, што ён нават не даваў загад іх падлічыць. Атрымліваецца, што лічыць ужо пачалі.

pazly.png


Намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты кажа пра 250-300 млн долараў за год. «Гэта ў першую чаргу энергетычная група, нафтахімічная», — адзначае ён. Пры гэтым спасылаецца на ацэнкі нейкіх экспертаў.

Ёсць экспертныя ацэнкі, што страты ад санкцый могуць быць, як мінімум, у 2-3 разы большыя. Да таго ж санкцыі пашыраюць і ЕС, і ЗША, піша «Еўрарадыё».


ЕС замарожвае актывы

Актывы кампаній, які трапілі пад санкцыі, замарожваюцца ў ЕС. Грамадзянам і кампаніям Еўрасаюза забаронена прадстаўляць сродкі ў іх распараджэнне. Для санкцыйных фізічных асоб дадаткова дзейнічае забарона на наведванне ЕС у тым ліку транзітам.

ЕС пакараў тых, хто мае дачыненне з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі і яе еўрапейскіх суседзяў. Таксама ў санкцыйным спісе тыя, хто падтрымліваў антыдэмакратычную палітыку Лукашэнкі.

У «чорны спіс» трапілі важныя для Беларусі кампаніі: «Белавія», «Гродна Азот» і яго філіял «Завод Хімвалакно», «Беларуснафта», «Белшына». Таксама ўключаныя ў блэкліст турфірма «Цэнтркурорт», турагенцтва «Оскартур», гатэлі «Мінск», «Планета».

Калі ў «Белавія» і так вялікія праблемы і супрацоўнічаць у Еўропе з ёй адмаўляюцца, то для іншых прадпрыемстваў санкцыі ЕС стануць сур'ёзным ударам.


Палова экспарту азоту выпадае

Усяго ў 2020 годзе Беларусь прадала азотных угнаенняў на $181 млн. Больш за палову гэтай сумы прынёс рынак ЕС. Цяпер для прадукцыі «Гродна Азота» і «Завод Хімвалакно» прыйдзецца шукаць іншых пакупнікоў.

Самым буйным рынкам збыту ў мінулым годзе была Францыя (27,8%). За ёй Украіна (24%), Нідэрланды (8,6%), Літва (7,7%) і Вялікабрытанія (7,4%).


Беларуская нафта прадавалася толькі ў Еўропу

Санкцыйная «Беларуснафта» сярод іншага займаецца здабычай і рэалізацыяй нафты. У Беларусі здабываецца 1,6 — 1,7 млн тон нафты на год. Па даных Белстата, усе аб'ёмы ў апошнія гады прадаваліся ў Германію. У 2020 годзе Беларусь экспартавала нафты ў Нямеччыну на $343,1 млн. Аднак у мінулым годзе 500 тысяч тон нафты Беларусь пакінула ў сябе. Імаверна, праз канфлікт з Расіяй у пачатку года.

У 2019 годзе, калі была прададзеная ўся нафта, з Нямеччыны прыйшло $726,7 млн. Відавочна, цяпер гэтыя даходы выпадаюць. Магчыма, Беларусь замесціць сваімі рэсурсамі частку паставак расійскай нафты.

Выходзіць, толькі санкцыі на «Гродна азот» і «Беларуснафту» будуць каштаваць больш за $800 млн.


«Белшына» наросціць страты?

У «Белшыны» у далёкім замежжы восем прадстаўніцтваў. З іх два ў ЕС: у Літве і ў Балгарыі. Прычым балгарскае прадстаўніцтва адказвае таксама за працу на тэрыторыі Грэцыі і Македоніі. Цяпер гэтыя актывы павінны быць замарожаныя.

«Белшына» скончыла 2020 год з чыстай стратай 191,65 млн рублёў. Зараз прадпрыемства яшчэ і страціць частку экспартнага рынку.


Старыя санкцыі ўдараць у новым годзе

З улікам папярэдніх санкцыйных пакетаў у дачыненні да Беларусі, абмежавальныя меры ЕС цяпер распаўсюджваюцца на 183 фізічныя і 26 юрыдычных асоб.

З кампаній пад удар трапілі «Белтэхэкспарт», Мінскі завод колавых цягачоў, Dana holdings, «Сінезіс», 140-ы рамонтны завод (абароннае прадпрыемства), кіраўніцтва справамі прэзідэнта, БелАЗ, МАЗ, «Новая нафтавая кампанія».

Таксама былі ўведзеныя санкцыі супраць цэлых сектараў эканомікі: калійная галіна, нафтаперапрацоўка, тытунёвы бізнэс, гандаль зброяй, фінансавы сектар.

Санкцыі яшчэ не ўступілі ў сілу ў поўнай меры, паколькі яны не датычацца бягучых кантрактаў. Чакаецца, што мацней яны ўдараць па беларускай эканоміцы ў наступным годзе.

Патэнцыйныя страты ад іх складаюць каля 6% ВУП на працягу 2-3 кварталаў пасля іх актывацыі, а пасля, за кошт галіновых узаемасувязяў і абмежаванняў у выкарыстанні абменнага курсу для згладжвання іх эфекту, страты будуць узрастаць ажно да 10% ВУП, ацэньвалі шкоду ад чацвёртага пакета даследчыкі BEROC.