Навошта Беларусь засакрэціла дадзеныя аб экспарце калію?

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі падвёў вынікі знешняга гандлю краіны ў студзені-маі 2014 года. Зноў адсутнічаюць дадзеныя па экспарту беларускага калію ў асобныя краіны. Чаму?



kalij1.jpg

Скандальны распад калійнага картэлі «Беларуськалія» і «Уралкалія» у мінулым годзе прывёў да рэзкага зніжэння коштаў на рынках і падзення даходаў ад экспарту беларускага калію. Ён скараціўся ў грашовым выражэнні на 22,5%. Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, на 40% ўпалі даходы «Беларуськалія» ў Бразіліі, на 36,4% — у Індыі, на 24,9% — у Нарвегіі, на 18,2 — у Польшчы. Скараціліся прыбыткі «Уралкалія» і ўсіх іншых сусветных вытворцаў угнаенняў. Гэта прывяло да ўзмацнення жорсткасці канкурэнтнай барацьбы. 
З бягучага года ў штомесячных статыстычных зборніках па экспарту калійных угнаенняў публікуецца інфармацыя толькі аб тым, колькі ўсяго было адгружана прадукцыі і колькі — у краіны па-за межамі СНД. Так, па выніках студзеня-мая 2014 года экспарт калійных угнаенняў склаў 1,1 млрд. даляраў, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 9,5%. Практычна ўся прадукцыя была адпраўлена ў краіны па-за  межамі СНД. 
Па выніках студзеня-мая сярэдні кошт калію ў гэты перыяд склаў 276,33 даляра за тону. У мінулым годзе сярэдняя цана па выніках студзеня-мая была прыкметна вышэй — 384,05 даляра за тону. Раней разлічыць сярэдні кошт, зыходзячы з аб'ёму экспарту і яго кошту, можна было для кожнай краіны. Гэта акалічнасць, мяркуючы па ўсім, прымусіла засакрэціць інфармацыю ў разрэзе рынкаў. 
Адзначым, што меры асцярожнасці прыняты Белстатам толькі ў дачыненні да калійных угнаенняў. Інфармацыя аб краінах-пакупніках азотных і змешаных угнаенняў пакуль знаходзіцца ў вольным доступе. 
Беларускія ведамствы не ўпершыню прыбягаюць да абмежавання публікацыі інфармацыі. Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, якое на падставе беларускага заканадаўства з 2006 года рэгулярна публікуе вынікі дзейнасці беларускіх ААТ, не ўключыла ў спіс ААТ «Белтрансгаз». 
Акцыянаванне беларускага прадпрыемства праводзілася ў рамках перадпродажнай падрыхтоўкі расійскаму «Газпрому» і, мяркуючы па ўсім, улады палічылі немэтазгодным знаёміць з фінансавымі паказчыкамі шырокую грамадскасць. Дарэчы, фінансавыя паказчыкі ААТ «Газпром трансгаз Беларусь», у якое ператвораны «Белтрансгаз», па-ранейшаму не ўключаюцца ў штоквартальныя справаздачы Мінфіна па дзейнасці беларускіх адкрытых акцыянерных таварыстваў.
zautra.by