Новыя крэдыты з нізкай стаўкай: хто за іх заплоціць?

Напрыканцы 2023 года выйшла пастанова №992 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб спажывецкім крэдытаванні. З пункту гледжання пазычальнікаў там усё цудоўна — крэдыт пад 4% на тэрмін да 3 год з сумай да 12 000 беларускіх рублёў на спажывецкія тавары, зробленыя ў Беларусі. Гэта мэбля, тэхніка, тавары для будаўніцтва і рамонту. 

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Але ці ўсё так празрыста і добра з гэтымі крэдытамі? Што спрабуюць змяніць у эканоміцы з іх дапамогай? Давайце разбяром асноўныя пункты пастанаўлення і паразважаем.

У першым пункце Савет Міністраў прапануе «Беларусбанку» выдаваць грамадзянам спажывецкія крэдыты згодна з дадаткам, а ў другім — просіць прадстаўнікоў улады ў кіраўніцтве банка прадугледзець накіраванне часткі прыбытку на новыя крэдыты.

Глядзіце таксама

Што па факце мы бачым у першым і другім пунктах? Планавую эканоміку з усімі яе хібамі. У структуры ўстаўнога фонда «Беларусбанка» пераважвае дзяржаўная форма ўласнасці — 99,86%. То-бок, згодна з гэтым дакументам, кіраўнікі банку павінны лабіраваць пытанне — размеркаваць частку прыбытку на гэтыя самыя крэдыты, нават ведаючы, што яны, хутчэй за ўсё, стратныя. Чаму стратныя, разбяром разам з пунктам тры.

У пунктах 3.1 і 3.2 прапісаныя ўмовы выдачы крэдытаў: тэрмін да 3 год, 4% гадавых, сума — да 300 базавых (памер базавай велічыні ўлічваецца на дату заключэння дамовы). У 2024 годзе гэта 12 000 беларускіх рублёў.

Давайце спынімся на стаўцы па крэдыце — 4% 

Звычайна фармаванне крэдытнай стаўкі прадугледжвае такія параметры, як стаўка рэфінансавання, узровень інфляцыі, прыбытак банка і рызыкі. 

Стаўка рэфінансавання — працэнтная стаўка, якую Нацбанк выкарыстоўвае пры выдзяленні крэдытаў іншым фінансавым арганізацыям, у прыватнасці, камерцыйным банкам. Прыбытак банка залежыць ад розніцы паміж стаўкай рэфінансавання і тым працэнтам, пад які выдаецца крэдыт. Прагноз стаўкі рэфінансавання на 2024 год — 9,5%. У дадзеным выпадку прыбытку для банка няма. 

Яшчэ адзін паказчык, ад якога залежыць працэнт па крэдыту, — узровень інфляцыі. Прагноз інфляцыі на 2024 год — 8%, то-бок, 4% крэдыту не пакрываюць яе. А калі ўлічыць магчымасць падвышэння ўзроўню інфляцыі за 3 гады (на якія можа выдавацца крэдыт), то вернутыя банкам грошы стануць яшчэ таннейшымі, чым яны былі на момант выдачы крэдыту.

Яшчэ ёсць лагічная фінансавая формула: чым меншая сума крэдыту і чым карацейшы яго тэрмін, тым, як правіла, вышэйшая стаўка. Як бачым, аўтары пастанаўлення гэты прынцып праігнаравалі, як і ўсе вышэйпералічаныя акалічнасці.

Выклікае цікавасць пункт 3.3 — выдача крэдытаў ажыццяўляецца безнаяўна шляхам пералічэння сродкаў на рахункі прадпрыемстваў у кошт аплаты па разліковых дакументах пазычальніка.

Такую форму крэдытавання можна аднесці да спробы змяншэння аб’ёму наяўнай грашовай масы, якая няспынна падвышалася пачынаючы з лютага 2021 (не лічачы неістотнае зніжэнне ў лістападзе 2023).

Аб чым сведчыць вялікі аб’ём наяўнай грашовай масы? Аб росце ценявога абароту, наяўнасці шэрага рынку, ухіленні, і як вынік, зніжэнні падатковых паступленняў. Таму яго і хочуць зменшыць, каб непажаданых эканамічных з’яў таксама стала менш.

Глядзіце таксама

Змяншэнне аб’ёму наяўнай грашовай масы — таксама адзін з інструментаў зніжэння інфляцыі. Але наяўная грашовая маса з’яўляецца толькі часткай агульнай грашовай, і асобна ад яе ўзровень інфляцыі залежыць не моцна.

Дык навошта ўвялі такія крэдыты? 

Магчымай прычынай з’яўляецца разгрузка складоў дзяржаўных прадпрыемстваў. Ва ўмовах санкцый, з невялікай колькасцю краін для экспарту і адмоўным сальда знешняга гандлю (прынамсі за 9 месяцаў 2023 года) стымуляцыя ўнутранага рынку — спосаб прадаць заляжалыя тавары. Улічваючы, што імпартных тавараў стала меней з-за тых жа санкцый і каштуюць яны болей, чым раней, улады разлічваюць такім чынам падагрэць попыт на айчыннае.

І здаецца, усё лагічна ў дадзенай схеме. Акрамя таго, як банк па выніку будзе забяспечваць 4-адсоткавыя крэдыты. У гэтым выпадку ёсць верагоднасць падвышэння працэнтаў на іншыя крэдыты, каб пакрыць рызыкі ад 4 %. І атрымліваецца, што за новыя крэдыты іншыя беларускія пазычальнікі заплацяць са сваёй кішэні.