Паводле прагнозаў экспертаў, курс долара да канца 2014 года складзе каля 11 тысяч рублёў
Курс долара да канца 2014 года можа скласці каля 11 тысяч беларускіх рублёў, прагназуюць незалежныя фінансавыя эксперты.
"Улічваючы новыя пазыкі і планы продажу акцый дзяржуласнасці, дэвальвацыя ў 2014 годзе будзе павольнай і складзе мінімум 10% да цяперашняга ўзроўню. Гэта значыць долар будзе каштаваць прыкладна 11 тысяч беларускіх рублёў да канца года", — адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч.
"Калі Расія выдзеліць нам абяцаныя 2 млрд. долараў, яшчэ 440 млн. долараў складзе транш крэдыту ад ЕўрАзЭС, расійскія банкі дадуць рэсурсы беларускім банкам, а таксама калі ўлады
прададуць Мазырскі НПЗ і дзярждолю мабільнага аператара "МТС", рубель будзе дэвальвавацца павольна. Рэальна дэвальвацыя можа скласці 10–15% за год", —
прагназуе Багданкевіч.
Аналагічнага пункту гледжання адносна тэмпаў дэвальвацыі прытрымліваецца і фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб.
"Базавы сцэнарый грунтуецца на тым, што сітуацыя ў эканоміцы і манетарнай палітыцы Беларусі вельмі не зменіцца, — адзначыў ён. — Гэта значыць будзе працягвацца
ўмерана жорсткая грашова-крэдытная палітыка, будуць праведзены адна-дзве значныя прыватызацыйныя зделкі, паступяць чаканыя 1,5–2 млрд. долараў ад Расіі. У гэтым выпадку рост курсу долара
можна чакаць на ўзроўні прыкладна 15% ад бягучых значэнняў. Гэта значыць курс долара будзе складаць прыкладна 11 тысяч рублёў на канец 2014 года".
Паводле меркавання Іосуба, сітуацыя будзе падобная на тую, што была ў 2013 годзе. Рост курсу долара будзе прыблізна прапарцыянальны ўзроўню інфляцыі. Прычым рост цэн складзецца, хутчэй за ўсё, не на
11%, як запланаваў урад, а на ўзроўні прыкладна 15% за год.
"Калі курс валют расце больш павольна, чым інфляцыя, гэта прыводзіць да сітуацыі ўмацавання рэальнага эфектыўнага курсу і наш экспарт становіцца меней канкурэнтаздольным. На падзенне
курсу беларускага рубля тэмпамі большымі, чым тэмпы інфляцыі ў цяперашняй сітуацыі, з улікам будучых прэзідэнцкіх выбараў, улады наўрад ці вырашацца", — лічыць фінансавы
аналітык.
Тым часам намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч у інтэрв'ю "Народной газете" ў канцы снежня заявіў, што стабільнасць абменнага курсу беларускага рубля ў
запланаваных параметрах будзе залежаць ад прыцягнення валюты ў краіну.
"Бюджэт-2014 звярстаны зыходзячы з абменнага курсу 9.800 рублёў за долар. Ці ўтрымаемся на гэтым узроўні, залежыць ад таго, наколькі паспяхова будзем працаваць над прыцягненнем валюты ў
краіну, у тым ліку на мэты рэфінансавання пазыковых абавязацельстваў. Галоўная задача для ўрада на бліжэйшы год — забяспечыць раўнавагу і ўстойлівасць на фінансавым рынку. Нават калі для
гэтага давядзецца паступіцца ростам ВУП ці фінансаваннем асобных дзяржпраграм. Калі ўрад не адыдзе ад гэтага курсу, абменны курс будзе стабільным", — заявіў
Ермаловіч.
Сітуацыя на фінансавым рынку Беларусі пачала пагаршацца з другога квартала 2013 года, калі аб'ём золатавалютных рэзерваў стаў паступова памяншацца. Па стане на 1 снежня беларускія рэзервы
склалі 6,46 млрд. долараў і скараціліся ў параўнанні з данымі на 1 мая на 1,8 млрд. долараў.
Акрамя таго, адмоўная дынаміка ўвесь гэты час назіралася і ў знешнім гандлі. Так, паводле даных за студзень—кастрычнік 2013 года, адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі
(паводле метадалогіі плацежнага балансу) склала 714,1 млн. долараў (у аналагічны перыяд 2012-га сальда было станоўчым і складала 3,7 млрд. долараў).
На фоне пагаршэння эканамічных паказчыкаў жыхары Беларусі пачалі актыўна скупляць замежную валюту. У студзені—лістападзе 2013 года насельніцтва купіла валюты на 1,9 млрд. долараў больш, чым
прадало.
Аляксей Арэшка, БелаПАН