Польшча заблакавала бізнэс-праекты ў Беларусі на 170 мільёнаў долараў

Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя Польшчы пад ціскам экалагічных арганізацый адклікала ранейшы дазвол на будаўніцтва плаціны «Сяжэва» на рацэ Вісла. Такім чынам, блакуецца і рэалізацыя буйнога праекту ў Беларусі — так званага «Воднага шляху Е40».

62279f91_d05f_406d_8070_df0d6fb996f6_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.webp

Як вынікае з рашэння, на якое спасылаецца выданне «Беларусы і рынак», ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе падрыхтаваная са шматлікімі парушэннямі заканадаўства і не ўлічвае ўсіх спадарожных аспектаў.

Неўзабаве ў Сяжэве мусілі пачаць узвядзенне каскаду плацін, каб забяспечыць навігацыю не ніжэй за IV клас суднаходзтва і стварыць новыя магутнасці ГЭС.

У сваю чаргу без каскадызацыі Віслы і будаўніцтва каналу Вісла — Мухавец немагчыма паўнавартаснае сучляненне ўнутраных водных шляхоў Польшчы, Беларусі і Украіны ў рамках «Воднага шляху Е40». Гэта праект будаўніцтва суднаходнай трасы даўжынёй больш за 2000 км, які хацелі пракласці па Вісьле, Прыпяці і Дняпры, каб злучыць Балтыйскае і Чорнае моры.

На яго рэалізацыю збіраліся выдаткаваць да 13 мільярдаў долараў, у тым ліку да 170 мільёнаў — на працы ў Беларусі. Гаворка вялася пра рэканструкцыю гідраўлічных збудаванняў на ўсходнім схіле Днепра-Бускага каналу, будаўніцтва новых гідравузлоў на Прыпяці са шлюзамі, стварэнне суднаходнага ўчастку міжнароднага воднага шляху на польска-беларускай мяжы і г.д.

Акрамя таго, у вёсцы Ніжнія Жары планавалася збудаваць вялікі порт, куды маглі пастаўляць грузавыя кантэйнеры з Кітая.

Раней беларускія эколагі і прадстаўнікі грамадскасці заклікалі адмовіцца ад будаўніцтва «Воднага шляху Е40» з прычыны высокіх экалагічных і інвестыцыйных рызык. Замест гэтага актывісты заклікалі засяродзіць рэсурсы на альтэрнатыўных рэгіянальных праектах, у тым ліку на развіцці турызму на Палессі.
Паводле «Свабоды».