Прадукцыйнасць працы ў Беларусі ў шэсць разоў ніжэйшая чым у Еўрасаюзе
У Беларусі прадукцыйнасць працы ў 6,2 разу ніжэйшая, чым у краінах Еўразвяза. Такая ацэнка прыводзіцца ў праекце афіцыйнага эканамічнага прагнозу на 2020 год, піша www.racyja.com.
Згодна з ацэнкай эканамічных уладаў, у Беларусі ўзровень прадукцыйнасці працы складае толькі 16% ад узроўню краін ЕС і 44% ад узроўню краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
На думку аўтараў афіцыйнага прагнозу, для Беларусі характэрная высокая затратнасць эканомікі (матэрыяла-, энергаёмістасць) і яе нізкая тэхналагічнасць, што адмоўна адбіваецца на прадукцыйнасці працы.
У структуры дададзенага кошту апрацоўчай прамысловасці на нізкатэхналагічныя і сярэднетэхналагічныя вытворчасці нізкага ўзроўню прыпадала 62%, на высокатэхналагічныя вытворчасці — толькі 5,5%. У выніку ў Беларусі экспарт высокатэхналагічнай прадукцыі не перавышае 3% у экспарце тавараў.
Згодна з разлікамі эканамічных уладаў, узровень прадукцыйнасці працы на прадпрыемствах рэспубліканскай уласнасці больш чым у 1,5 разу, а камунальнай — у 2,2 разу ніжэйшы, чым у прыватных кампаніях (арганізацыях без ведамаснай падпарадкаванасці).
Пры гэтым, як паказалі афіцыйныя разлікі, прадукцыйнасць працы ў замежных арганізацыях і ў арганізацыях з замежным удзелам да трох разоў вышэйшая, чым на дзяржпрадпрыемствах.
На нізкую прадукцыйнасць працы ў дзяржсектары звяртаў увагу вясной гэтага года прэм’ер-міністр Сяргей Румас. Выступаючы ў красавіку гэтага года на семінары ў Банку развіцця, прэм’ер-міністр канстатаваў, што сёння ва ўласнасці дзяржавы знаходзяцца акцыі 1.869 акцыянерных таварыстваў і амаль у 1,5 тыс. таварыстваў дзяржаве належыць кантрольны пакет. “Гэтыя таварыствы фармуюць палову ВУП краіны. Але калі мы паглядзім на якасны складнік, то ўбачым, што лічбы з году ў год адрозніваюцца, але прадукцыйнасць працы ў акцыянерных таварыствах, дзе кіруе дзяржава, у сярэднім у паўтара разу ніжэйшая, чым у прыватных”, — падкрэсліваў Румас.
У сувязі з гэтым ён звяртаў увагу на неабходнасць выбудоўвання якаснага карпаратыўнага кіравання, якое дазволіла б павысіць прадукцыйнасць працы ў дзяржсектары.
На гэтым тыдні тэма прадукцыйнасці працы падымалася падчас пасяджэння Рэспубліканскага клуба дырэктараў, арганізаванага Бізнес-саюзам прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага. Выступаючы на ім, генеральны дырэктар прыватнай кампаніі “Гомельліфт” Валерый Карніенка адзначыў, што кампанія параўноўвае сябе як з аналагічнымі прадпрыемствамі ўнутры краіны, так і з аналагічнымі прадпрыемствамі за мяжой.
“Калі параўноўваць сябе ўнутры Беларусі, напэўна, можна назваць нас паспяховай кампаніяй. Калі параўноўваць сябе з заходнімі кампаніямі, то там прадукцыйнасць працы ў 10 разоў вышэйшая, чым тут”, — канстатаваў Карніенка.
У размове з БелаПАН ён адзначыў, што адмоўна на прадукцыйнасці працы ў Беларусі ўплываюць шматлікія патрабаванні заканадаўства. “Складанае беларускае заканадаўства спараджае дадатковыя выдаткі для прадпрыемстваў і эканомікі ў цэлым”, — мяркуе дырэктар “Гомельліфт”.
У якасці прыкладу ён звярнуў увагу на складаны падатковы ўлік, які адымае шмат часу ў бухгалтараў, а таксама шэраг тэхнічных патрабаванняў, выкананне якіх патрабуе вялікіх працавыдаткаў.
Яшчэ адзін фактар, які стрымлівае эфектыўнасць беларускіх кампаній, — супраціў персаналу ўкараненню змен, кажа Карніенка. “Шмат каму зручна націскаць кнопку, якую яны націскалі 20 гадоў, і любыя змены бізнес-працэсаў выклікаюць вялікі супраціў з боку супрацоўнікаў”, — адзначыў ён.
www.racyja.com, belapan.by