Краіна «лукавых» людзей

Хітраваты чалавек заўсёды супрацьстаіць дзяржаве, але заўсёды ў адзіночку. Ляжаць на канапе і ўсведамляць сваю еднасць з такімі ж прыхільнікамі гэтага шаноўнага занятку — лепш, чым не ўсведамляць яе наогул. Аднак у практычным жыцці адвінчваць, адкручваць і адломліваць больш эфектыўна ў адзіночку.

shchanjuki_1_logo.gif


Сацыёлагі «Лявада-цэнтра» для характарыстыкі постсавецкага чалавека часта выкарыстоўваюць прыметнік «лукавый» («хітраваты, падступны»). Абмяжуюся адным прыкладам: «Чалавек наш хітраваты, ён думае, што ён сцерпіць, і яго не закране. Што кагосьці давядуць да галечы, а яго — не. Што ён паслухаецца і сцерпіць павышэнне цэнаў, але здолее атрымаць зарплату, з якой падаткаў не заплаціць, і пакрые тое павышэнне. Гэтая рыса з’яўляецца адной з самых трывалых» (Леў Гудкоў).

Прычына хітраватасці «нашага чалавека» не хаваецца за сямю замкамі. У прамой, адкрытай, сумленнай асобы шанцаў прыстасавацца да рэпрэсіўнай дзяржавы практычна няма, а менавіта ў такой дзяржаве ўсім нам выпала шчасце жыць. Вось і даводзіцца спалучаць два ў адным: публічную дэманстрацыю лаяльнасці да дзяржавы і непавагу да яе.

Дзяржава адплачвае чалавеку той жа манетай. Прыгадаем адзін з базавых прынцыпаў, што забяспечваў сацыяльную стабільнасць у эпоху «дарагога Леаніда Ільіча»: «Дзяржава робіць выгляд, што плаціць, а мы робім выгляд, што працуем».

Між іншым, паводле афіцыйнай міфалогіі, савецкая дзяржава выказвала волю ўсяго народа. «Дзяржава — гэта я», — сцвярджаў Людовік XIV. «Дзяржава — гэта мы», — запярэчыў праз трыста гадоў каралю-сонцу Ленін. Яно, вядома, так, пагаджаліся з правадыром працаўнікі, але хітраваць працягвалі.

Выдатныя працавітыя людзі

Падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць адзінага палітыка (АП), калі вы памятаеце, не абышлося без чарговага публічнага адкрыцця. Цытую паводле прэс-рэлізу: «Расхлябанасць насельніцтва надзвычайная. Не хачу сказаць, што ўсе дрэнныя. Але крадзеж квітнее. Мне нават сорамна як прэзідэнту пра гэта гаварыць. Прытым крадуць усё, пачынаючы ад дызельнага паліва і бензіну. Нядаўна выявілі: адразу з поля збожжа вязуць дадому. Сталі нахабнымі да такой ступені, што нават не хаваюцца. Бяруць, як сваё. Вось гэта мы павыкарчоўваем з коранем».

Крадзеж квітнее. Для рэзідэнтаў «беларускай мадэлі» нічога новага ў гэтым адкрыцці няма. Надзвычайная расхлябанасць насельніцтва — наша нацыянальная рыса, нароўні з талерантнасцю і любоўю да дранікаў. Тут ужо нічога не зрабіць. З раскрадальнікамі сацыялістычнай уласнасці сем дзесяцігоддзяў змагаліся камуністы. Яны і высылалі, і расстрэльвалі, і законы пра «тры каласкі» прымалі, але перамога засталася за раскрадальнікамі.

Шляхам навядзення жалезнай дысцыпліны крадзеж вось ужо чвэрць стагоддзя спрабуе выкарчаваць з коранем АП. Але як кралі, так і крадуць. Што да перспектывы, дык яе лёгка сабе можна ўявіць, і нават у варажбіткі няма чаго пытаць. Для тых жа, хто так і не навучыўся карыстацца інтэрнэтам, растлумачу: сінонімамі прыметніка «лукавый» з’яўляюцца прыметнікі «хітры», «падступны» і «зладзюкаваты».

«Не будзе дысцыпліны, арганізаванасці, — зноў сеў на свайго любімага канька АП, — мы ні адну праблему не вырашым. Калі вы хочаце, каб было лепш тут, а тут павінна быць лепш (у вас цудоўнае месца для жыцця)... Выдатныя працавітыя людзі! Трэба даць ім магчымасць працаваць і зарабляць. А тых, хто перашкаджае, мы да прытомнасці прывядзём».

Два выказванні стаяць у прэс-рэлізе побач. Другое тлумачыць першае. Без яго было б немагчыма зразумець, хто канкрэтна нясе адказнасць за росквіт крадзяжоў. Але зараз усё стала на свае месцы. Гэта «выдатныя працавітыя людзі!»

Працавітасць — не перашкода клептаманіі. У «лукавого» чалавека першае служыць падмогай другому і наадварот. Шкада толькі, што свае жаданні і ўменні працаваць працавітыя клептаманы ў Касцюковічах не могуць рэалізаваць на практыцы, бо магчымасці працаваць і зарабляць мясцовая адміністрацыя даць не здольная. Адчайвацца, аднак, не варта. Паабяцаў жа АП прывесці да прытомнасці тых, «хто перашкаджае».

Яшчэ адна цытата з прэс-рэлізу. Яе аўтар — жыхар Касцюковічаў: «Вялікі дзякуй за прыезд. А яшчэ вялікі дзякуй за тое, што вы патрабуеце. Не бу­дзе вашай патрабавальнасці — не будзе нашай Беларусі. Адзіная рэспубліка наша без канфліктаў, без баёў, жыве спакойна. Працуем».

Вось такі ён, падступны чалавек. Кланяецца і дзякуе. Кланяецца і дзякуе. Наколькі шчыра? А хто ж яго ведае! Ці сам ён праявіў ініцыятыву, ці гэта прыклад хатняй нарыхтоўкі мясцовага ідэалагічнага «вертыкальшчыка»? І на гэтае пытанне адказу мы ніколі не атрымаем. Але, хутчэй, другое. Усё ж занадта лісліва кланяўся і занадта складна дзякаваў.

І адвінчвае, адкручвае, адварочвае...

Механізм масавага ўзнаўлення «лукавого» чалавека — тэма для сур’ёзнага сацыялагічнага даследавання. На жаль, штатным сацыёлагам яна не цікавая. «У выніку, — як справядліва заўважыў АП, але з іншай нагоды, — у практычнай палітыцы даводзіцца ісці па «цаліне», прымаючы стратэгічныя рашэнні, як той казаў, ад жыцця. І дзякуй Богу, што пакуль гэты падыход, веданне самога жыцця даюць магчымасць пазбегнуць сур’ёзных памылак».

А жыццё пастаянна нагадвае практычным палітыкам, што захаваць сваю манаполію на ўладу яны могуць толькі шляхам зніжэння інтэлектуальнага і маральнага ўзроўню грамадства. Занадта разумныя, з усведамленнем уласнай годнасці не патрэбныя, больш за тое, яны небяспечныя. Нездарма ж падзеі 2014 года ва Украіне былі названыя «Рэвалюцыяй годнасці», а што можа быць страшней за Майдан!

Тактычныя перамогі даводзіцца аплачваць стратэгічнымі паразамі. На нарадзе ў Касцюковічах, у прыватнасці, на адрас мясцовых кіраўнікоў прагучаў папрок за адсутнасць усплёску дзелавой актыўнасці і скарачэнне колькасці занятых у эканоміцы. «Усё б нічога, — падкрэсліў АП, — калі стварылі высокатэхналагічныя вытворчасці, дзе, можа, замест сотні чалавек працуюць дзесяць».

Але ж хто будзе ствараць такія вытворчасці? Ці не той жыхар Касцюковічаў, які кланяўся і дзякаваў? Кіраваць хітраватым чалавекам вельмі зручна. Яму што ні скажы, што ні даручы, — ён не будзе пярэчыць і тут жа пакажа дзелавую актыўнасць. Лепш за сатырыка Міхаіла Жванецкага такі тып узаемаадносін хітраватага чалавека з дзяржавай яшчэ ніхто перадаць не здолеў:

«— У нас дзяржава рабочых і сялян, — кажа дзяржава.

— А як жа, — адказвае народ, — натуральна!

І адвінчвае, адкручвае, адварочвае.

— Усё, што дзяржаўнае, тое тваё, — кажа дзяржава.

— А як жа, — шэпча народ, — гэта так натуральна!

І адвінчвае, адкручвае, адломлівае».

Ад сябе дадам:

«І адвозіць збожжа з поля сабе дадому, стаўшы нахабным да такой ступені, што нават не хаваецца».

Дзяржава — гэта што?

Эканоміка — наша ўсё. Пры гэтым неабходна памятаць, што беларуская мадэль пабудаваная на пераразмеркавальным (дыстрыбутыўным) прынцыпе. Перш, чым «дзяржава для народа» будзе здольная максімальна ашчаслівіць кожнага, яна павінна кожнага максімальна абабраць. Сканцэнтраваўшы такім чынам у сваіх руках рэсурсы, дзяржава раздае іх, але не пароўну («гэта долька для вожыка, гэта долька для чыжыка»), а па справядлівасці.

Сучаснае беларускае грамадства, як і яго савецкі і дасавецкі папярэднікі, працягвае заставацца саслоўным. Адпаведна, і справядлівасць у нас саслоўная. Дзяленне грамадскага апельсіна на роўныя долькі яна не прадугледжвае. Усе саслоўі ў нас ранжыраваныя ў залежнасці ад укладу ў забеспячэнне бяспекі ўлады. Першымі пры раздачы, натуральна, аказваюцца сілавікі і дзяржаўныя служачыя.

«І апошнія стануць першымі», — сказана ў Святым Пісанні. Аднак чакаць сацыяльнай ракіроўкі можна да Другога прышэсця. Падступны чалавек гэта выдатна разумее, таму ўсю сваю працавітасць ды кемлі­васць, у якой яму не адмовіш, ён накіроўвае на карэкціроўку афіцыйнага варыянту справядлівасці. Адвінчванне, адкручванне, адломліванне — самыя простыя і хаця б таму самыя папулярныя спосабы карэкціроўкі.

Хітраваты чалавек заўсёды супрацьстаіць дзяржаве, але заўсёды ў адзіночку. Асновай для фарміравання грамадства (нацыі) ён быць не можа. Тут трэба разабрацца ў паняццях. Зрабіць гэта лепш з дапамогай спецыяліста, напрыклад, сацыёлага Сімона Кардонскага: «Калі мы пытаем сябе: “дзяржава — гэта што?” — то мы выяўляем нейкую групу людзей, якая пераследуе ўласныя мэты, займаецца адміністрацыйным бізнесам і эксплуатуе хатнія гаспадаркі. Мы маем такую схему, дзе ў дзяржавы няма ні мэтаў, ні місіі, а ёсць група асобаў, што дбае пра свае асабістыя інтарэсы... »

«Што такое грамадства? Грамадства робіць тэлевізар. І паліттэхнолагі вельмі добра гэта зразумелі. У нас ёсць лакальныя, нічым не звязаныя супольнасці, якія нічога не ведаюць адна пра адну. Іх інтэгруе тэлевізійная карцінка».

Ляжаць на канапе і ўсведамляць сваю еднасць з такімі ж прыхільнікамі гэтага шаноўнага занятку — лепш, чым не ўсведамляць яе наогул. Аднак у практычным жыцці адвінчваць, адкручваць і адломліваць больш эфектыўна ў адзіночку.