Раманчук: Што будзе, калі ў Лукашэнкі адкрыецца асаблівая чакра
Вядомы эканаміст робіць прагнозы.
Яраслаў Раманчук нагадвае, што ВУП на душу насельніцтва Беларусі у 2019 годзе склаў 6 682 долары — а гэта на 40 працэнтаў менш, чым у сярэднім у свеце.
— Для Беларусі гэта быў год, калі працягнулася стагнацыя, — піша Яраслаў Раманчук. — Рэальны ВУП вырас на 1,2%. У намінальных BYN-рублях ён павялічыўся на BYN 10,38 млрд. У доларах ВУП па выніках 2019-га склаў $63,2 млрд і прырос на $ 3,6 млрд. У доларавым выражэнні ВУП краіны вырас на 6% у параўнанні з ростам на 8,9% у мінулым годзе.
Эканаміст адзначае, што ў параўнанні з эканамічным дном 2016 года, калі ВУП быў на ўзроўні $ 48,1 млрд, наша эканоміка дадала больш за $ 15 млрд. Але да гістарычнага максімуму 2014 года ($ 78,6 млрд) не хапае яшчэ $ 15,4 млрд.
— То-бок за пяць апошніх гадоў мы нават палову шляху да піка 2014 года не прайшлі. А прэм'ер-міністр Сяргей Румас у канцы 2019-га заявіў, што рэсурсы старой мадэлі практычна вычарпаныя, — працягвае ён. — Сярэднегадавыя тэмпы росту ў BYN-рублях у першыя чатыры гады пятай пяцігодкі (2016—2020) склалі 1% ВУП. Гэта ў 3,5—4 разы ніжэйшыя за сярэднесусветныя тэмпы і больш чым у шэсць разоў павольней, чым тэмпы развіцця Кітая. У 2019 годзе Украіна, Польшча, Літва выраслі амаль на 4% ВУП. Але беларускія ўлады ўпарта не хочуць адмаўляцца ад той мадэлі, якая даўно сябе зжыла.
У доларавым выражэнні сярэднегадавыя тэмпы росту ў перыяд пятай пяцігодкі склалі 3,3%. У 2015 годзе наш доларавы ВУП зваліўся на 27,7%, а ў 2016—2019 гадах набраў 28,6%. Да мэты «ВУП — $ 100 мільярдаў» нам засталося амаль $ 37 мільярдаў.
Паводле падлікаў Раманчука, калі ў доларавым выражэнні мы будзем развівацца так, як у перыяд 2016—2019 (сярэднегадавая прыбаўка $ 1,7 млрд.), то дасягнем гэтага паказчыка прыкладна праз 22 гады, гэта значыць не ў 2025 годзе, а ў 2042-м.
— У гэты час Лукашэнку будзе 88 гадоў. Тэарэтычна дапушчальна, што ён будзе радавацца дасягненню гэтага паказчыка ў рамках X пяцігодкі. Гэта якраз той выпадак, калі вынік — нішто, а шлях да яго — усё.
Згодна з прагнозамі эксперта, з улікам знешнеэканамічных фактараў, у 2020 годзе можа быць рэцэсія. Старая эканоміка будзе хваравіта злазіць з нафтавай іголкі, а таксама лячыць небяспечную моназалежнасць ад расійскага рынку.
— У ідэале, такой дэцэнтралізацыяй і структурнымі трансфармацыямі павінны займацца сотні тысяч прыватных уласнікаў, — лічыць Яраслаў Раманчук. — У Беларусі ж львіную долю важных эканамічных рашэнняў працягвае прымаць тысяча наменклатурных начальнікаў і «чырвоных дырэктараў». Яны застаюцца ў матывацыйнай парадыгме галкава-палкавай сістэмы, а не ў рэжыме паўнавартасных рынкавых індыкатараў ацэнкі якасці працы.
Так што шлях да аднаўлення беларускай эканомікі будзе доўгім і складаным. На старых калёсах у свет IV прамысловай рэвалюцыі не заедзеш. Хіба што ў Лукашэнкі пад уздзеяннем нематэрыяльных фактараў (уплыў блізкіх сваякоў, партнёраў, знешняй або чароўнай прыгажосці / гармоніі) адкрыецца чакра бачання свабоднай, рынкавай, народнай Беларусі.
Цуды здараюцца. Нават ружжо, якое вісела на сцяне 25 гадоў, можа стрэліць. Застаецца верыць у цуд. Або прасушыць порах.
Паводле gazetaby.com. Пераклад НЧ