Руды: Рэформы лагічна пачынаць з рэальнага сектара

Рэформа ЖКГ, ліквідацыя перакрыжаванага субсідавання, скарачэнне фінансавання дзяржпраграм, перадача няпрофільных актываў прадпрыемстваў дзяржаве — усё гэта ў любым выпадку прывядзе да спажывецкай інфляцыі

Кірыл Руды. Фота : TUT.by

Кірыл Руды. Фота : TUT.by

Эканамічныя рэформы ў Беларусі лагічна пачынаць з рэальнага, а не з фінансавага сектара. Такое меркаванне выказаў БелаПАН памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях у 2013—2016 гадах, прафесар, доктар эканамічных навук Кірыл Руды, каментуючы дзейнасць Нацыянальнага банка за апошнія 1.000 дзён.1.000 дзён таму, 27 снежня 2014 года, у Беларусі было прызначана новае кіраўніцтва Нацбанка на чале з Паўлам Калаурам.
"Увага СМІ да 1.000-дзённай працы Паўла Калаура і яго каманды невыпадковая. Укаранелыя дэвальвацыйныя і інфляцыйныя чаканні падштурхоўваюць весці адлік нечакана спакойнага перыяду. Запаволенне інфляцыі, адсутнасць рэзкіх дэвальвацый дазваляюць хоць трохі адцягнуць увагу ад грашовай сферы, якая доўгі час была крыніцай эканамічных навін", — адзначыў Руды.
На яго думку, палітыку дэдаларызацыі, узмацненне банкаўскага нагляду, спробы развіцця фінансавага рынку і стварэння мегарэгулятара — усё гэта можна аднесці ў актыў Нацыянальнаму банку.
Пакрытыкаваць, на думку эксперта, можна правядзенне дэнамінацыі пры двухзначнай інфляцыі, скарачэнне валютных дэпазітаў насельніцтва, рост праблемных актываў банкаў, перавод банкаўскіх даўгоў у дзяржаўны доўг.
"Але, ці адносіцца гэта толькі да цяперашняга кіраўніцтва Нацбанка, ці гэта наступствы папярэдніх рашэнняў, або дзеянняў іншых дзяржорганаў? І наогул, ці павінен Нацбанк быць лакаматывам эканамічных пераўтварэнняў у краіне і ў адзіночку дамагацца фінансавай стабільнасці?" — задаецца пытаннем Руды.
На яго думку, правядзенне эканамічных рэформаў варта пачынаць з рэальнага, а не фінансавага сектара.
"Бо, напрыклад, рэформа ЖКГ (паступовая або рашучая), непазбежная ліквідацыя перакрыжаванага субсідавання, скарачэнне фінансавання дзяржпраграм, перадача няпрофільных актываў прадпрыемстваў дзяржаве і іншае ў любым выпадку прывядуць да адпаведнай спажывецкай інфляцыі. У сувязі з гэтым правядзенне эканамічных рэформаў лагічна пачынаць з рэальнага, а не з фінансавага сектара", — лічыць Руды.
Менавіта гэта, дадае ён, будзе спрыяць прытоку ліквідных валютных рэсурсаў для фарміравання бяспечнага ўзроўню рэзерваў, неабходнага для забеспячэння доўгатэрміновай валютна-фінансавай стабільнасці.
"Пакуль жа гэты 1.000-дзённы перыяд (Нацбанка. — БелаПАН.) можна ахарактарызаваць перыядам шанцавання і пазбягання старых памылак. Гэта ўжо шмат, але і адначасова мала для аднаўлення ўстойлівага эканамічнага росту і павышэння дабрабыту насельніцтва", — рэзюмаваў Кірыл Руды.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.