Выжывайце самі

Чым багатая краіна без прыродных рэсурсаў? Толькі сваімі працавітымі і разумнымі грамадзянамі. Падаецца, нарэшце гэта пачынаюць разумець і ва ўладных кабінетах.

146660529158625347.png

На тыдні ў нас адбылася амаль рэвалюцыйная па­дзея. Аляксандр Лукашэнка 19 верасня падпісаў указ №337 «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб». Указы ён падпісвае вельмі часта, але гэты — асаблівы. Ён пашырае пералік відаў эканамічнай дзейнасці, якімі грамадзяне маюць права займацца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў пры ўмове выплаты адзінага падатку.

У гэты пералік увайшлі такія віды дзейнасці, як рэалізацыя самастойна вырабленых грамадзянамі кулінарных вырабаў, прадастаўленне месцаў для кароткатэрміновага пражывання фізічных асоб, выкананне па заказах спажыўцоў работ па рамонце мэблі, гадзіннікаў, абутку, шыццю адзення, наладзе музычных інструментаў, распілоўцы дроў, пагрузцы грузаў, збудаванні печаў і камінаў, а таксама выкананне аддзелачных работ і аказанне грамадзянам паслуг па распрацоўцы веб-сайтаў, абслугоўванні камп’ютарнага і перыферыйнага абсталявання.

У пералік таксама ўключаны паслугі па дызайне памяшканняў, інтэр’еру, мэблі, адзення і абутку, графічным дызайне, паслугі цырульні і касметычныя. У пераліку легалізаваныя віды эканамічнай дзейнасці, якія сёння фактычна ажыццяўляюцца фізічнымі асобамі ў хатніх умовах (напрыклад, паслугі цырульніка) альбо могуць ажыццяўляцца ў такіх умовах без пагрозы прычынення шкоды як асобна ўзятым грамадзянам, так і грамадству ў цэлым.

Асноўныя палажэнні дакумента ўступаюць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання.

Канешне, трэба было зразумець гэта раней. І не душыць прадпрымальнікаў падаткамі, указамі, сертыфікатамі і рознымі міждзяржаўнымі пастановамі ЕАЭС. Тады б, глядзіш, і крызіс мы б перажывалі менш балюча. Аднак зараз дзяржаўныя асобы, падаецца, вымушана пачынаюць разумець вартасць «чалавечага патэнцыялу». А можа, наадварот, яны ўцямілі, што «сацыяльная дзяржава» ўжо не можа пракарміць усіх, каго магла карміць раней. І таму вырашылі, што «ратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў». Хай людзі самі выжываюць, як могуць.

Але што самае цікавае і карыснае ў гэтым указе? Стаўку адзінага падатку для асобаў без рэгістрацыі ІП вызначаюць мясцовыя ўлады. Па Мінску, напрыклад, такі падатак складае ад 21 да 116 рублёў. Заплаціўшы такую суму, грамадзянін ужо не лічыцца «дармаедам».

Можна сказаць, што Аляксандр Рыгоравіч стварыў патэнцыйную шчыліну для абыходу свайго ж Дэкрэту №3 пра дармаедства. Праўда, не бясплатную, але тым не менш…

Жадаем, каб наступны ўказ кіраўніка дзяржавы яшчэ больш пашырыў гэтыя віды дзейнасці. Бо ў Гродне, напрыклад, закрылася першая ў краіне студыя для аматараў БДСМ-гульняў.

Прадпрымальнік Уладзімір, які адчыніў студыю, у інтэрв’ю журналістам з гэтай нагоды не хаваў разгубленасці: «Нібыта вывучылі рынак падобных паслуг за мяжой, прааналізавалі водгукі сямейных параў, большасць з якіх былі станоўчымі, і сужэнцы заставаліся больш чым задаволенымі. Але нашы чаканні не спраўдзіліся, не знайшлося так шмат жадаючых неяк разнастаіць руціну і паспрабаваць нешта новае».

Па яго словах, гродзенцы цікавіліся навінкай, але вельмі асцярожна: ахвочых паспрабаваць сябе ў ролевых гульнях у панаванне і падпарадкаванне апынулася зусім няшмат.

Можна было б сказаць, што беларусы кансерватыўныя, закамплексаваныя, сарамлівыя, сціплыя. Але сапраўдная прычына, напэўна, у іншым: суайчыннікам гэта проста надакучыла. Бо ў ролевыя гульні ў панаванне і падпарадкаванне з імі штодзённа гуляе дзяржава. Сапраўды, у якой яшчэ краіне кіраўнік дзяржавы, не пабаюся гэтага слова, прэзідэнт, вызначае, як і каму можна гандляваць уласна спечанымі плюшкамі? Ці гэта не панаванне і падпарадкаванне? Дык хоць уначы ў ложку дайце расслабіцца…

На гэтым жа тыдні мы даведаліся і пра яшчэ адзін спосаб самавыжывання. Як паведаміла начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Давідовіч, у дзяржаўных дзіцячых садках з’явяцца платныя групы. Магчымасць рэалізацыі праграмы дашкольнай адукацыі на платнай аснове закладзена ў праекце новага Кодэкса аб адукацыі.

«Дзяржаўныя ўстановы дашкольнай адукацыі змогуць адкрываць платныя групы і працаваць у іх цалкам на платнай аснове. Такая патрэба выказвалася бацькамi, адпаведна, да нас паступалі запыты ад дзіцячых садкоў. Мы вывучылі вопыт іншых краін у гэтым пытанні і заклалі такую магчымасць у праект Кодэкса аб адукацыі», — сказала чыноўніца.

І ў гэтым ёсць вялікая сярмяжная праўда. Сапраўды, трэба з маленства прывучаць дзяцей да рэаліяў жыцця ў Сінявокай. Калі ўводзілі платнае навучанне ў ВНУ, казалі пра тое, што яно таксама будзе ледзь не выключэннем. А зараз 60–70% студэнтаў — «платнікі». Тое ж самае адбудзецца і з дзіцячымі садкамі. Засталося толькі ўвесці платныя ўрокі ў сярэдніх школах — і дасягненні «сацыяльнай дзяржавы» можна будзе лічыць выкананымі.

Больш за тое, пэўныя колы насельніцтва ўжо жывуць пры камунізме, і грошы ім не патрэбныя. Інакш не патлумачыш выпадак, які адбыўся ў Маладзечна.

Сям’я збіралася на дачу. У сумку з рэчамі яны паклалі і скрынку ад мабільнага тэлефона, дзе знаходзіліся 14 500 долараў. Селі ў машыну, а сумку, пакінутую побач з машынай, забыліся. Узгадалі пра яе, толькі калі прыехалі.

Канешне, крык, лямант, міліцыя. Супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС разам з гэтымі небаракамі шукалі рэчы па прылеглай тэрыторыі, і ў адным са смеццевых бакаў знайшлі раскіданыя рэчы, якія ляжалі ў пакінутай сумцы і скрынку ад тэлефона з грашыма. А саму сумку не знайшлі — яе і скралі.

Хтосьці скажа, што рабаўнік памыліўся. Але ці так насамрэч? Можа, справа ў тым, што грошы былі ў доларах? Вось і наш Нацбанк з 1 кастрычніка зніжае памер абавязковага продажу валютнай выручкі з 20% да 10%. Як паведамляе прэс-служба Нацбанка, такое рашэнне прынята ў рамках палітыкі лібералізацыі валютных адносін і з улікам стабільнай сітуацыі на валютным рынку, якая доўгі час характарызуецца ўстойлівым перавышэннем прапановы замежнай валюты над попытам на яе.

То бок, долары нам проста не патрэбныя — давай рублі.