Сатыра па-баранавіцку

Мусіць, па сумарнай колькасці палітвязняў на тысячу насельніцтва Беларусь даўно стала лідарам сярод усіх краін, якія два дзесяцігоддзі таму пачалі рух па шляху да рынкавай эканомікі ды палітычнай дэмакратыі. І амаль кожны дзень дадае да спісу чарговую ахвяру.

Мусіць, па сумарнай колькасці палітвязняў на тысячу насельніцтва Беларусь даўно стала лідарам сярод усіх краін, якія два дзесяцігоддзі таму пачалі рух па шляху да рынкавай эканомікі ды палітычнай дэмакратыі. І амаль кожны дзень дадае да спісу чарговую ахвяру. Адзначым, што ў адрозненні ад многіх эканамічных паказчыкаў, гэты лёгка паддаецца як колькаснаму вымярэнню, так і якаснай інтэрпрэтацыі. Прыкладам, людзей арыштоўваюць за дзеянні, якіх яны яшчэ не ажыццяўлялі. У мэтах прафілактыкі. А калі хапаюць на вуліцы, то быццам за дробнае хуліганства, то па падазрэнні ў збыце наркотыкаў, як гэта было нядаўна з адным паважаным прафесарам сацыялогіі. У савецкія часы на гэты конт сумна жартавалі — пайшоў за цыгарэтамі, а трапіў на Лубянку.  
І нават калі перасталі хапаць людзей на вуліцы без прычыны, савецкае грамадства па ўсіх навуковых дэфініцыях вызначалася як таталітарнае. Чаму ж адносна беларускага палітолагі ўсё яшчэ шукаюць адпаведныя дэфініцыі? Ці ж няма ў нас партыі ўлады, ці няма «правадыра», якому з усёй не такой ужо і малой сілы дзяржаўнай прапагандысцкай машын лепіцца самы натуральны культ асобы? Адзінае, што бракуе поспеху, гэта якасць асобы. Але ж для навукі большае значэнне мае сацыяльна-палітычны статус і роля, якую гэта персона спрабуе выканаць.
Па такіх жа правілах без правіл ажыццяўляецца кантроль за ўсімі астатнімі сферамі дзейнасці, асобамі і сацыяльнымі групамі. Прыкладам, у месцах зняволення, мусіць, другой па колькасці (акрамя чыстых крымінальнікаў) групай з’яўляюцца бізнэсоўцы. Мноства з іх прадстаўлена звычайнымі ахвярамі абставін, якія могуць быць створаны для бізнэсу толькі таталітарным рэжымам. З улікам гэтага трэба лічыць, што Савецкі Саюз на асобных этапах выглядаў (ці быў) нашмат больш ліберальным да бізнэсу, чым наша дзяржава з сацыяльна-арыентаванай эканомікай. Лёгкасць, з якой Астап Бэндэр з «Залатога цяляці» Ільфа і Пятрова рэгіструе кантору-аднадзёнку «Рогі і капыты» не можа не здзіўляць. Праўда, гэты сатырычны раман напісаны ў 1931 годзе, на самым пачатку Вялікага пералому, у ходзе якога праз усталяванне калгасаў было адноўлена прыгонніцтва для бальшыні насельніцтва краіны. І хто ведае, каб не гэты «пералом», можа б і не спатрэбілася перабудова, якой не вынесла знясіленая шматгадовым эксперыментам ды татальным кантролем эканоміка. 
Дарэчы, у Беларусі калгаснае аднаўленне пачалося з першага дня прэзідэнцтва Лукашэнкі. І гэта дазваляе правесці паралель паміж «тым» і «нашым» часам і вызначыцца з нашымі перспектывамі. Гісторыя ж любіць паўтарацца…  Гэта бачна ўжо і па тым, што ў сучаснай Беларусі немагчымы тыя спосабы, з дапамогай якіх Астап Бэндэр распачаў пераследаванне ўцёклага ад справядлівай экспрапрыяцыі падпольнага мільянера Карэйкі. Проста пагнаў «Антылопу Гну» Адама Казлевіча паперадзе афіцыйнага аўтапрабегу, ад імені якога атрымліваў цёплы прыём, харчовыя рэсурсы ды праводзіў прапаганду сярод сустракаючых мясцовых жыхароў. А мясцовыя ўлады былі настолькі далікатнымі, што так і не адважыліся пацікавіцца паперамі вялікага камбінатара. У сучаснай Беларусі ён бы і кіламетра не праехаў. Прыпынілі б па падазрэнні, што гэты «Ролэн-Дзітрых» знаходзіцца ў вышуку. 
Зрэшты, нашы ўжо даўно пайшлі далей за тых, тады яшчэ не зусім дасведчаных ды нахабных савецкіх начальнікаў. Прыкладам, тыя прафсаюзы гарантавалі сваім чальцам права піць піва, а сучасныя беларускія з глыбокім задавальненнем ухвалілі ініцыятыву Лукашэнкі па замене бестэрміновага найму на кантрактную сістэму. Як кажуць, адчуйце розніцу! 
Даволі дасканала, на наш погляд, меру сацыяльнага дэбілізму (у сэнсе адсутнасці пачуцця гумару) чальцоў ды інстытутаў так званай уладнай вертыкалі жыхар Баранавіч  вызначыў з дапамогай эксперыментаў. Спачатку ён папрасіў раённыя ўлады перадаць у арэнду мясцовым бізнэсоўцам памяшканне закінутай фермы. Але нават не дачакаўся адказу на сваю просьбу. Пасля падаў заяўкі на правядзенне велапрабегу ды марафонскага забегу супраць бюракратызму. Усе гэта цалкам кладзецца ў стыль і схему паводзін Астапа Бэндэра. На гэты раз выканкам адказаў адмовай і фактычна стварыў сатырычную пародыю на самога сябе. У стылі Ільфа і Пятрова. Але нават на гэтым фоне ўнікальнай выглядае справакаваная рэакцыя чыноўніцтва на просьбу спадара Хітрыка даць яму хоць бы магчымасць глыбока і вольна падыхаць на плошчы побач з помнікам Леніну. 
Аказваецца не, ні побач з Леніным, ні побач з выканкамам у Беларусі вольна дыхаць нікому не дазволена. Акрамя самога Леніна ды чальцоў выканкама. Калі ім дазволяць вышэйшыя... У выніку атрымаўся цудоўны хэпенінг без актыўнага дзеяння — баранавіцкія ўлады здолелі стварыць сатырычную пародыю на афіцыйную і недатыкальную тэму, пра краіну, дзе дзякуючы ўладзе так вольна дыхае чалавек. Гэта ўжо, як кажуць, апошні штрых, пасля якога карціна дасягае эстэтычнай дасканаласці з гледзішча намераў мастака. Ні дадаць, ні адняць.