Сярэдні курс продажу долара вырас за мінулы дзень на 320 рублёў
З 11.140 да 11.460 рублёў вырас 18 снежня сярэдні курс продажу наяўнага долара. Пры гэтым у абменных пунктах валюты амаль не засталося, касіры прадаюць толькі тое, што прыносіць насельніцтва. Выключэнне складаюць расійскія рублі.
Малюнак TUT.BY
У абсалютным выражэнні сярэдні курс продажу павялічыўся за дзень на 320 рублёў, у адносным — на 2,87%. За два дні долар падаражэў на 429 рублёў (3,89%). Максімальны курс продажу дасягнуў 11.690 рублёў (Беларускі банк малога бізнесу).
Сярэдні курс куплі павялічыўся за дзень на 189 рублёў (з 10.990 да 11.179), ці на 1,72%. За двое сутак рост склаў 264 рублі (2,42%).
Тым часам курс долара на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы вырас за два дні на 20 рублёў — да 10.890. Адзінае змяненне палітыкі Нацбанка: калі раней курс павялічваўся на 10 рублёў
праз таргі, то цяпер каціроўка вырасла і ў сераду, і ў чацвер.
Рэзка вырас сярэдні курс умацаванага на Маскоўскай біржы расійскага рубля: са 140,7 да 162,4 беларускага рубля пры куплі, са 181,2 да 205,1 рубля пры продажы (адпаведна на 15,4% і
13,2%).
18 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь не будзе бегчы за Расіяй і дэвальваваць свой рубель. Паводле яго слоў, стабільнасць на валютным рынку — абавязак банкаўскай сістэмы на чале
з Нацыянальным банкам і ўрадам, усё астатняе — у руках насельніцтва. "Хочаце абвалу — бегайце па абменніках. Гэта ўсё ў руках грамадзян нашай краіны. Ківаць на кіраўніцтва,
на ўрад, на Нацыянальны банк сёння непрымальна, — сказаў Лукашэнка. — Мы будзем прытрымлівацца стабільнай сітуацыі ў краіне і будзем выкарыстоўваць для гэтага ўсе рычагі, не
парушаючы ніякіх фінансава-эканамічных законаў, якія дзейнічаюць аб`ектыўна".
Не выключана, што ў межах стабілізацыі сітуацыі Нацбанк успомніць пра сваю старую пастанову, паводле якой каціроўкі на наяўным рынку не могуць адрознівацца ад афіцыйных больш чым на 2%. Прынамсі
"Франсабанк" вечарам у чацвер апусціў курс продажу з 11.200 да 11.100, што ўкладваецца ў межы 2%.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН