Сельская гаспадарка малаэфектыўная

У рамках праекта «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі для Беларусі» мы гутарым з эканамістам Леанідам Злотнікавым пра тое, якія змены патрэбныя беларускай сельскай гаспадарцы.



zlotnikov.jpg

Леанід Злотнікаў

— Можа стварыцца ўражанне, што ў сельскай гаспадарцы ў нас усё не так і дрэнна — надоі і ўраджаі растуць, беларуская сельскагаспадарчая прадукцыя прадаецца на экспарт, у Маскве хваляць смак беларускай смятаны і гэтак далей. З пункту гледжання эканаміста — ці пацвярджаецца гэта ўражанне лічбамі і фактамі?

— Трэба спачатку прааналізаваць колькасныя паказчыкі, а затым — якасныя. Калі ўзяць першыя, то, сапраўды, за апошнія гадоў дзесяць крыху павялічылася ўраджайнасць збожжавых культур — цяпер каля 30 цэнтнераў з гектара, а гадоў дзесяць таму было ў сярэднім 27. Мы назіраем рост прадукцыйнасці малочнага статка: было 3 тысячы, цяпер — больш за 4 тысячы кілаграмаў.

Але калі параўнаць з перадавымі краінамі, то нашая прадуктыўнасць прыкладна ў два разы меншая. Але нават і гэтыя станоўчыя зрухі дасягнутыя занадта дарагой цаной. За апошнія 10–12 гадоў інвестыцыі ў сельскую гаспадарку склалі каля 40 мільярдаў долараў. Больш за ўсё ўкладвалася менавіта ў яе!

— Аднак сельская гаспадарка датуецца і ў Еўропе, і ў Амерыцы. Чаму тады іх датацыі — «правільныя», а беларускія — не?

— Я казаў толькі пра колькасныя паказчыкі, а цяпер пяройдзем да якасных. У Нямеччыне на адзін гектар плошчы ўносяць мінеральных угнаенняў у два разы менш, чым у Беларусі, а ўраджайнасць — у два разы вышэйшая. Кармоў на адзін цэнтнер прыбаўлення ў вазе таксама там патрабуецца ў два разы менш. Гэта значыць, аддача беларускіх інвестыцый у сельскую гаспадарку вельмі нізкая.

Нават Аляксандр Лукашэнка ў апошнім пасланні парламенту заявіў, што яго хвалюе перш за ўсё эфектыўнасць сельскай гаспадаркі. Колькасць стратных прадпрыемстваў у мінулым годзе складала 30 адсоткаў, у гэтым — ужо 54. Але гэтыя статыстычныя паказнікі не адлюстроўваюць рэальную карціну, таму што калі ўлічыць інфляцыю і хуткасць абароту капіталу, то можна заявіць: фактычна амаль усе сельгаспрадпрыемствы неэфектыўныя. Яны жывуць за кошт усіх нас, грамадзян Беларусі.

Калі ўзяць афіцыйныя лічбы, колькі сярэдні беларус выдаткоўвае на прадукты харчавання, то атрымаем 46 адсоткаў. Паказнік самых бедных краін... У Расіі аналагічная лічба — 33 адсоткі, у Еўропе — 20–25.

— Ведаючы вашы эканамічныя погляды, магу прадбачыць адказ на пытанне пра тое, што ж трэба рабіць: адкрыць межы для таннага імпарту, паменшыць датацыі і гэтак далей. І куды тады падзець усіх нашых перадавікоў сельскай гаспадаркі, якія адразу стануць адсталымі?

— Гэта вельмі павярхоўнае ўяўленне пра тое, што прапануюць незалежныя эканамісты. Сапраўды, на перыяд перабудовы сельскай гаспадаркі я прапаноўваў адкрыць дарогу для таннага імпартнага харчавання, як гэта зрабіла Эстонія ў 1990-я гады. Калі мы хочам, каб наша насельніцтва траціла менш на харчаванне, то трэба адкрыць межы для імпарту. Акрамя таго, варта памятаць: любая абарона свайго рынку ад імпарту паніжае ўзровень жыцця насельніцтва.

Наконт таго, што ж рабіць... Мая праграма глыбока распрацаваная, там абагульнены вопыт многіх краін свету.

Дзве абавязковыя ўмовы — адкрытая эканоміка і глыбокая рэформа сельскай гаспадаркі. Прычым гэта не такая рэформа, якую спрабавалі здзейсніць ва Украіне, і часткова ў нас — ператваралі калектыўную ўласнасць, уводзілі акцыянерныя таварыствы, але нічога асабліва не атрымлівалася. Пасля 2000 года ўкраінцы ўрэшце падзялілі зямлю паміж тымі, хто на ёй працуе. Стварылі буйныя гаспадаркі, акцыянерныя таварыствы. Нашы суседзі ўжо назапасілі вопыт пераўтварэнняў на вёсцы. І толькі расійскі прыклад мне не падабаецца.

— Лукашэнка не раз заяўляў, што захаванне калектыўных гаспадарак — не толькі пытанне эканомікі, але палітыкі і ідэалогіі. Магчыма, на сённяшні дзень гэта ўжо не так актуальна? Ці ёсць прыкметы таго, што дзяржава гатовая пайсці на сур’ёзныя пераўтварэнні?

— Так, зямля сёння ўсё больш адарваная ад селяніна. Людзі прыязджаюць з аграгарадкоў, папрацавалі, вярнуліся на месца. Селянін сёння ўсё больш падобны на прамысловага рабочага. Традыцыйны вясковы ўклад змяніўся, і ў ім занята нашмат менш людзей, чым раней. У сельскай вытворчасці цяпер працуе невялікая колькасць людзей, якія і атрымліваюць менш за іншых — прыбыткі ў гэтай галіне традыцыйна самыя нізкія па народнай гаспадарцы.

Лукашэнка раней наўпрост казаў, што «вёска — гэта наша палітычная апора, і мы не дамо яе разбурыць». Але цяпер і колькасць вясковага электарату памяншаецца з кожным годам, і незадаволеных людзей там усё больш. Так што ўжо цяжка казаць, што сяло — палітычная апора прэзідэнта.

Паводле «Свободные новости плюс»