Спажывецкі імпарт у студзені знізіўся ў тры разы
Як сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі, у першы месяц 2015 года Беларусь імпартавала спажывецкіх тавараў на 443,9 млн. долараў. У параўнанні са снежнем 2014-га, калі месячны аб'ём спажывецкага імпарту склаў 1,33 млрд. долараў, гэты паказчык скараціўся ў тры разы.
Эксперты прагназуюць далейшае скарачэнне імпарту.
Імпарт спажывецкіх тавараў у студзені гэтага года знізіўся ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
Асноўны аб'ём такога імпарту традыцыйна прыпадае на сталічны рэгіён — Мінск і Мінскую вобласць. Звесткі статыстыкі аб імпарце па ўзбуйненых групах тавараў сведчаць, што Мінск у
студзені імпартаваў тавараў на 192,1 млн. долараў (супраць 419,7 млн. долараў — у снежні). У Мінскай вобласці гэты паказчык склаў 103,1 млн. долараў (194,3 млн. долараў — у
снежні).
Варта зазначыць, што летась назіралася адваротная тэндэнцыя — імпарт спажывецкіх тавараў павялічваўся. Беларусь у 2014 годзе імпартавала спажывецкіх тавараў на 9,3 млрд. долараў —
гэта на 18,6% (або прыкладна на 1,5 млрд. долараў) больш у параўнанні з 2013 годам.
У снежні 2014 года ў Беларусі быў зафіксаваны ажыятажны попыт на імпартныя тавары ў сувязі з ростам дэвальвацыйных чаканняў. 19 снежня Нацбанк увёў 30-працэнтны збор, які павінны былі выплачваць
фізічныя і юрыдычныя асобы пры куплі замежнай валюты. Пасля гэтага імпарцёры скарэктавалі рублёвы кошт імпартных тавараў, заклаўшы ў яе валютны збор.
На думку беларускіх эканамістаў, у 2015 годзе ў сувязі з наяўнай дэвальвацыяй рубля попыт на імпартныя тавары на ўнутраным рынку скароціцца ў параўнанні з 2014-м.
"Наяўная 40-працэнтная дэвальвацыя беларускага рубля ў дачыненні да долара прывяла да таго, што імпартныя тавары для насельніцтва істотна падаражэлі. Адпаведна, гэты фактар будзе
прыводзіць да зніжэння попыту насельніцтва на імпарт", — мяркуе эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына
Барнукова.
Апрача таго, прагназуюць эксперты, аб'ём спажывецкага імпарту сёлета скароціцца пад уплывам адміністрацыйных мер. Размова ідзе ў тым ліку аб працягу дзеяння ўказа прэзідэнта №
361 на 2015 год. Указ устанаўлівае адтэрміноўку для імпарцёраў спажывецкіх тавараў права на вылічэнне ўвазнога ПДК на 90 дзён. Фактычна гэта азначае, што імпарцёры абавязаныя двойчы выплаціць падатак
на дададзены кошт: першы раз — на мяжы пры ўвозе тавару, другі — пры выплаце падаткаў за справаздачны перыяд. Вярнуць звышвыплачаныя сумы ПДК імпарцёры могуць толькі праз тры
месяцы. У выніку ў іх утвараецца недахоп абаротных сродкаў на суму звышвыплачанага ПДК.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН