Багданкевіч: Нацбанк могуць прымусіць уключыць друкарскі станок

Насельніцтва Беларусі на парозе дэнамінацыі. Ці чакаць нам яшчэ і дэвальвацыі, ды наогул ці прыспеў час для дэнамінацыі — пра гэта разважае экс-старшыня Нацбанка Беларусі (1991–1995) Станіслаў Багданкевіч.

stanislau_bahdankevicz_uznaczalvau_nacyjanalny_bank_belarusi_u_1991_1995_hadah._fota_novy_czas_logo.jpg

Станіслаў Багданкевіч ўзначальваў Нацыянальны банк Беларусі ў 1991–1995 гадах
Надзея Ермакова пра дэнамінацыю выказвалася так: «Трэба аднавіць цалкам эканоміку, грашова-крэдытную сістэму ўсю прывесці ў парадак, каб у нас і працэнтныя стаўкі былі нармальныя, тады можна будзе казаць пра дэнамінацыю. Любая дэнамінацыя ўсё роўна прыводзіць да росту інфляцыі». Дэнамінацыя адбудзецца 1 ліпеня. Няўжо ў нас зараз усё добра з эканомікай?
— Дэнамінацыя — гэта ўзбуйненне грашовай адзінкі. У цяперашнім выпадку — у дзесяць тысяч разоў. Такі крок вядзе да скарачэння ў абароце грошай. То бок гэта толькі тэхнічная змена. Калі гаварыць пра ўплыў на эканоміку, то хіба што ён толькі псіхалагічны. Рубель будзе каштаваць дорага. Напрыклад, адзін долар будзе каштаваць два рублі. Магчыма, гэта падвысіць давер людзей да нацыянальнай валюты, больш пачнуць ашчаджаць менавіта ў беларускіх рублях.
Мяркую, на інфляцыю гэта асабліва не паўплывае. Хіба што на 0,5–1 працэнтны пункт. Інфляцыя ў нас і без гэтага адбываецца. Да слова, ад пачатку ўвядзення беларускага рубля грашовая адзінка абясцэнілася ў сто тысяч разоў. Мы тройчы праводзілі дэнамінацыю: спачатку ў 10 разоў, потым у 1000 разоў і цяпер — у 10 000 разоў. Дэнамінацыя, канешне, выкліканая нездавальняючай эканамічнай, манетарнай палітыкай. Кіраўніцтва выкарыстоўвала друкарскі станок, каб плаціць заробкі, аплачваць выдаткі ды іншае. Але грошай мусіць быць столькі, колькі вырабляецца тавару. Пустыя грошы вядуць да стагнацыі эканомікі.
— Улады цяпер прытрымліваюцца палітыкі абмежавання росту заробкаў і тэмпаў росту рублёвага крэдытавання. З улікам таго, што не праводзіцца ніякіх структурных змен, да чаго могуць прывесці гэтыя захады?
— Само сабой, трэба плаціць заробак у межах заробленай вартасці. Але нашы рэаліі такія, што намінальны заробак расце, а вытворчасць падае. Гэта ўсё вядзе да інфляцыі, абясцэньвання нацыянальнай валюты. За мінулы год вытворчасць упала на 3,9%, і сёлета толькі за першы квартал — больш чым на 3%. Па правілах, заробак таксама мусіць упасці. Калі ж намінальны заробак наадварот павялічваюць, то гэта вядзе да росту цэн. Праўда ў тым, што наша эканоміка патрабуе рэформ. Структурныя пераўтварэнні трэба пачынаць з таго, што перастаць вырабляць прадукцыю, якая неканкурэнтаздольная.
Я паглядзеў спіс самых стратных прадпрыемстваў — там прамысловыя гіганты, як «Гомсельмаш», БМЗ. Эканамічная палітыка ў нас неразумная. А вось палітыка Нацбанка больш-менш разумная, бо ён спрабуе абмежаваць выпуск пустых грошай. Праўда, не надта жорстка дзейнічае. Бо грашовая маса ўсё адно расце, хай сабе і не такімі тэмпамі як пры ранейшым кіраўніцтве. Але ж гэтую грашовую масу немагчыма спыніць, бо людзям трэба плаціць заробак, інакш яны ўладу паднімуць на вілы.

Яшчэ ў снежні 1992-га спатрэбіліся банкноты большай вартасці, і таму выпусцілі паперкі ў 200 і 500 рублёў, на іх надрукавалі краявіды Мінска — Прывакзальную плошчу і плошчу Перамогі

Яшчэ ў снежні 1992-га спатрэбіліся банкноты большай вартасці, і таму выпусцілі паперкі ў 200 і 500 рублёў, на іх надрукавалі краявіды Мінска — Прывакзальную плошчу і плошчу Перамогі


— Што трэба, каб адчуць станоўчы эфект ад дэнамінацыі, калі ён наогул магчымы?
— Пачынаць трэба са зніжэння падаткаў, каб прадпрыемствы мелі грошы для новых тэхналогій. У нас жа ўсё наадварот — Міністэрства фінансаў і ўрад увесь час шукаюць, якія б яшчэ новыя падаткі ўвесці. Трэба скараціць дзяржаўныя выдаткі, што не нясуць прыбытку. Гэта аплата сілавых структур, аховы прэзідэнта і падобнага. Трэба палітычная воля, каб закрыць стабільна стратныя прадпрыемствы, але і разам з тым ствараць новыя. У Рыме Лукашэнка гаварыў правільныя словы, што да 90% ВУП Італіі стварае малы і сярэдні бізнес. А ў нас гэты бізнес у загоне.
Увогуле, трэба змяніць наш стары ўрад, прыцягнуць новых кіраўнікоў, можа быць, адправіць іх на навучанне ў Еўропу. Паставіць перад дырэктарамі прадпрыемстваў задачы забяспечыць прыбытак і рэнтабельнасць…
— У свой час вы таксама праводзілі дэнамінацыю. Тады ўмовы былі больш спрыяльнымі?
— Мая дэнамінацыя была не такой, як цяпер. Мы тады выпусцілі нацыянальныя «зайчыкі» ў суадносінах 10 да 1 савецкага рубля і заблыталі гэтым насельніцтва. Чалавек распісваўся за тысячу, а атрымліваў сто. Чаму мы зрабілі такую бязглуздзіцу? Дзякуючы Расіі. Расія не паведаміла нам і ўвяла расійскі рубель, а нам наяўных грошай не далі. Кебіч да таго часу выдаў карткі, каб людзі маглі купляць па заніжаных коштах прадукты і тавары. Хаос на нацыянальным рынку трэба было спыняць, мы забралі савецкія грошы па курсу 10 да 1, прывязаўшы іх да колькасці выпушчаных раней «зайчыкаў». Дэнамінацыя — гэта заўсёды вымушаная мера, а не жаданне ўладаў проста так праводзіць рэформу з затратамі.

Першыя самастойныя грошы сучаснай Беларусі з’явіліся 25 мая 1992 года — гэта былі купюры ў 50 капеек, 1, 3, 5, 10, 25, 50 і 100 рублёў, на якіх адлюстравалі розных жывёл — ад вавёркі да зубра

Першыя самастойныя грошы сучаснай Беларусі з’явіліся 25 мая 1992 года — гэта былі купюры ў 50 капеек, 1, 3, 5, 10, 25, 50 і 100 рублёў, на якіх адлюстравалі розных жывёл — ад вавёркі да зубра


— Які курс беларускага рубля ў дачыненні да долара вы спрагназавалі б да канца года?
— Галоўны паказчык эканомікі — інфляцыя, а не валютны курс. Калі расце кошт долара, то выгодна развіваць нацыянальную эканоміку. Гэта нават карысна для ўнутранага рынка, насельніцтва, дзяржавы. Канешне, калі інфляцыя не будзе расці, то і курс будзе ўстойлівым. Многія эканамісты, у тым ліку і я, прагназавалі, што курс долара будзе працягваць расці. Але, як бачыце, ён спыніўся. Мы памыліліся, бо не чакалі, што Нацбанк вытрывае ціск уладаў з патрабаваннямі выдаваць грошы стратным прадпрыемствам, каб падтрымаць іх. У выніку грашовая маса ў рублях нават скарацілася.
Але для перамогі над інфляцыяй жорсткай манетарнай палітыкі недастаткова. Патрабуецца ажыўленне эканомікі, рост аб’ёмаў вытворчасці, рост ВУП. Калі захаваецца палітыка Нацбанка, не будзе вялікага росту курсаў валют. Але ўлады, ратуючы свой імідж, з імкненнем не дапусціць вялікага беспрацоўя могуць прымусіць уключыць друкарскі станок. Тады ўсё будзе выглядаць інакш.
Не так даўно я быў на круглым стале ў Нацбанку, Калаўр ды іншыя кіраўнікі Нацбанка гаварылі, што не дапусцяць росту грашовай масы. Яны спасылаліся на тое, што, калі будзе галапіруючая інфляцыя больш за 12%, то давядзецца несці персанальную адказнасць. Але ёсць вялікія праблемы. Напрыклад, БМЗ пры нулявым прыбытку мае запазычанасці па крэдытах у 1 мільярд долараў. З чаго іх аддаваць? Баюся, ціск на Нацбанк будзе павялічвацца.
Таксама ўстойлівасць рубля залежыць і ад таго, ці дадуць нам крэдыты на выплату пазыкаў — сёлета на гэта патрэбна 4 мільярды долараў.


— А што б зрабіў Станіслаў Багданкевіч, калі б узначальваў галоўны банк краіны?
— Калі б я ўваходзіў у кіраўніцтва Нацбанка, то змяніў бы палітыку ў сферы выдачы крэдытаў. У нас жа 40% крэдытаў выдаецца Банкам развіцця, якім кіруе Сяргей Румас. Гэтыя крэдыты выдаюцца пад 7–9% гадавых стратным прадпрыемствам, астатнія банкі выдаюць пад 40%. У першым выпадку гэта называецца «дырэктыўным крэдытаваннем», а гэта аграмадныя сумы. Нацбанк мусіць наглядаць за ўсімі банкамі дзяржавы, у нашым выпадку ён такой магчымасці не мае. Гэта ненармальна. Нацбанк мусіць цалкам кіраваць грашовай адзін­кай. Таксама добра было б, каб Нацбанк выдаў рэкамендацыю не крэдытаваць хранічна стратныя прадпрыемствы. Бо гэтыя крэдыты зноў-такі ідуць на праяданне. Яшчэ момант: нарматыўны капітал банкаў мусіць быць 25 мільёнаў долараў. Але ён улічваецца ў беларускіх рублях. Дэвальвацыя адбылася, капітал у доларавым эквіваленце зменшыўся, а нарматыў выконваецца ж. Вось такія справы. Але пачынаць сапраўдныя рэформы, як я ўжо сказаў, трэба з кіраўніцтва.