Адрываць галовы за рост цэн, якога не будзе, паабяцаў Лукашэнка

"Росту цэн у сувязі з дэнамінацыяй не будзе — гэта я вам гарантую", — заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы 17 чэрвеня ў Гомелі з работнікамі кандытарскай фабрыкі "Спартак". "Мы за гэта адарвем галовы, калі хтосьці паспрабуе скарыстацца гэтым тэхнічным працэсам", — дадаў ён.

Фота з сайта naviny.by

Фота з сайта naviny.by


"Калі ідзе пералік цэн, ёсць жаданне крыху павысіць, на капейку. Больш, вядома, не атрымаецца, таму што ўсё пад кантролем, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Але мы дамовіліся, і ўрад давёў рашэнне: не трэба нават на капейку павышаць. Панізьце на адну капейку, і людзі скажуць, што мы добра зрабілі".
Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што зараз не баіцца інфляцыі. "Усё ж мы зараз не вельмі багатыя, і зарплаты ў нас так хутка не растуць, а гэта стрымлівае попыт. Таму калі нейкі гандляр падыме цэны, да яго людзі не пойдуць", — мяркуе Лукашэнка.
Ён дадаў, што правядзенне дэнамінацыі мае ў пэўнай ступені і палітычнае адценне, асабліва з улікам Усебеларускага народнага сходу (22—23 чэрвеня) і парламенцкай выбарчай кампаніі (11 верасня).


БелаПАН