Высокая турбулентнасць на макраэканамічным фронце

Антон Болтачка перакананы, што Нацбанк збольшага праводзіць слушную лінію, але аздараўленне эканомікі будзе магчыма, калі гэтую лінію падтрымае Саўмін і распаўсюдзіць на рэальны сектар.

makraekanomika.jpg


— Беларускі ўрад сцвярджае, што ў краіне забяспечана фінансавая і валютная стабільнасць, вы з гэтым згодны?
— Пакуль мы не можам канстатаваць дасягнення ў Беларусі макраэканамічнай стабільнасці, якая праяўляецца ў нізкім узроўні інфляцыі і слабых флуктуацыях курса нацыянальнай валюты. Традыцыйна лічыцца, што інфляцыя ніжэй за 3% — джэнтльменскі ўзровень гэтага паказчыка для краіны. Улічваючы структуру эканомікі Беларусі — вялікая колькасць дзяржаўных прадпрыемстваў, якія патрабуюць фінансавай падтрымкі на тле адсутнасці палітычнай волі па іх банкруцтву, — джэнтльменскі ўзровень для нашай краіны не мусіць перавышаць 10%. Але гэтага пакуль няма!
Нагадаю, што ў Беларусі толькі тры разы інфляцыя мела адназначнае выражэнне — у 2005, 2006 і 2010 гадах. Што тычыцца курса беларускага рубля, то беларусы і без экспертаў і аналітыкаў ведаюць, што з пачатку года ён паспеў вырасці да 22 тысяч BYR / USD і вярнуцца да 20 тысяч BYR / USD. Ваганні ў 15% — гэта відавочна не паказчык стабільнасці.
Такім чынам, пакуль мы знаходзімся ў сітуацыі высокай турбулентнасці на макраэканамічным фронце.
— Беларусь своечасова разлічваецца па валютных даўгах, і пры гэтым захоўвае гнуткі абменны курс нацыянальнай валюты — сцвярджаў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі. Пры гэтым, у адпаведнасці з першай ацэнкай Белстату, валавы нацыянальны прадукт (ВУП) Беларусі ў студзені — красавіку 2016 года ў бягучых цэнах складаў 293,1 трыльёна беларускіх рублёў, або ў супастаўляльных цэнах — 97% да ўзроўню леташніх студзеня — красавіка. Ці ў слушным кірунку рухаецца ўрад, і куды ўсё ж такі прыйдзем?
— Гэта досыць складанае пытанне, бо яно шматграннае. Без стомы паўтараю тэзіс, якія заключаецца ў тым, што катэгорыя «слушны», «правільны» ў беларускай эканамічнай сістэме мае дваякае значэнне.
З аднаго боку, «правільнай эканамічнай палітыкай» мусіць з’яўляцца тая палітыка, якая адпавядае станоўчаму досведу іншых краін (гэта значыць, эмпірычны матэрыял) і тэарэтычнаму базісу эканамічнай навукі (гэта значыць, тэарэтычны матэрыял). Пакуль у гэтым вымярэнні эканамічныя ўлады крыху аддаленыя ад узроўню «правільны».
З другога боку, існуюць і ідэалагічныя межы, якія не дазваляюць выкарыстоўваць усе напрацоўкі (і эмпірычнага, і тэарэтычнага матэрыялу) у нашай краіне. Аднак з улікам гэтых абмежаванняў па асобных кірунках урад і Нацбанк робяць шмат што (збольшага гэта адносіцца да Нацбанку, а не да ўраду). Для фармавання некаторага кансенсусу паміж «правільным» і «дазволеным» пакуль нестае адкрытага дыялогу, які б дазволіў прыйсці да агульнага (ці прынамсі наблізіцца да гэтай пазіцый) меркавання.
Калі ж паспрабаваць коратка ацаніць, што робіць Нацбанк і ўрад, то ўсё ж такі можна сфармаваць некаторы адказ. Нацбанк спрабуе ўтрымаць фінансавую сістэму ад магчымых крызісных з’яў: таргетуе грашовую масу, кантралюе пытанні працэнтных ставак і г. д. Гэта, канечне, аказвае сур’ёзны ўплыў на рэальны сектар эканомікі.
У той час урад занадта павольна рэфармуе гэты самы рэальны сектар: пакуль стымулы для дзелавой актыўнасці ў прыватным сектары недастатковыя; дзяржаўныя прадпрыемствы працягваюць генераваць страты і г. п. Канечне, можна скардзіцца толькі на манетарныя фактары — высокія працэнтныя стаўкі, — але стымулы мусяць быць такімі, каб бізнес не баяўся рызыкаваць сваім уласным капіталам (нават калі яго валавое накапленне ў Беларусі не такое вялікае, як у іншых краінах). Пакуль прадпрымальнікі будуць ацэньваць рызыку па дзесяцібальнай шкале і даваць максімальную ацэнку рызыкі 10 балаў, мы не будзем назіраць за сапраўднай балансіроўкай сістэмы.

Антон Болтачка

Антон Болтачка


— Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання і стаўкі па стала даступных аперацыях падтрымкі і прадастаўлення ліквіднасці і тлумачыць гэта ў тым ліку пазітыўнымі вынікамі барацьбы з інфляцыяй, а потым выдае рэкамендацыі банкам паменшыць стаўкі па дэпазітах. Ці зробяць гэтыя меры больш даступнымі крэдыты? Ці захаваецца прывабнасць укладаў у беларускіх банках?
— Зараз гэтае пытанне не мусіць хваляваць насельніцтва. Так, у банкаўскім сектары ёсць свае праблемы, свае рызыкі. Нацбанк імкнецца іх неяк вырашыць (пры гэтым нагадваю пра ідэалагічныя межы, у якіх ён працуе). Я перакананы, што многія гульцы на рынку напагатове вытрываць гэтыя абмежаванні, калі яны павераць у пазітыўныя змены ў будучыні. Пакуль Нацбанк фактычна пераконвае іх аўтарытэтам каманды на чале з Паўлам Калаурам і яго намеснікамі.
Аднак доўга гэта працягвацца не можа — патрэбны змены і ў сферы рэальнага сектара. У адваротным выпадку запэўніваю: у краіне будзе яшчэ адзін крызіс — фінансавы. Прапаную паглядзець на гэта ў першым набліжэнні.
Нацбанк упершыню за 25 гадоў здолеў устрымацца ад грашовай эмісіі, якая спараджала высокую інфляцыю. Здавалася б, тэмпы інфляцыі мусяць знізіцца. Яны сапраўды знізіліся — глядзіце статыстыку.
Аднак скараціць інфляцыю з дастаткова высокага ўзроўню (у 20–30%, і нават у 80–100%) да 10–15% — гэта менш складаная задача, чым задача давесці яе да 2–3% у год (для Беларусі — хаця б 5–6%). Тут не абыдзешся выключна манетарнымі інструментамі. Неабходна ў цэлым рэфармаваць інстытут цэнаўтварэння. А Мінгандль да гэтага часу працягвае ў ручным рэжыме кантраляваць прадпрымальнікаў, якія ўстанаўліваць цэннік на паліцах у крамах.
Або працэнтныя стаўкі па крэдытах. Ёсць меркаванне, што яны высокія, бо Нацбанк праводзіць занадта жорсткую грашова-крэдытную палітыку. Але прычына ў іншым: дагэтуль у краіне захоўваецца льготнае крэдытаванне, калі стаўкі па крэдытах для дзяржаўных прадпрыемстваў у разы ніжэй за рынкавыя.
Хто аплачвае гэтую розніцу? Пытанне пэўна рытарычнае. Таму і ў гэтым выпадку ўсё ўпіраецца ў змену падыходаў да кіравання не манетарнай палітыкай, а рэальным сектарам эканомікі, што з’яўляцца вотчынай ураду на чале з Андрэем Кабяковым.
Але я не гатовы цалкам апраўдаць манетарныя (дададзім сюды яшчэ і фіскальныя) улады. Тое, што яны робяць са скарачэннем рызыкі ў фінансавай сістэме праз павелічэнне ўнутранага і знешняга дзяржаўнага доўгу — гэта патрабуе сур’ёзнага крытычнага аналізу. Такім чынам адбываецца пабудова дастаткова хісткай асновы для наступнага развіцця краіны. І гэта можа абрынуцца!

2016_god_economic.jpg


У выніку, на сённяшні дзень крытычна важна задумацца пра ўзмацненне кадравага патэнцыялу ўраду. І, як мне падаецца, прыняцце чарговай «пяцігодкі» — цудоўная для гэтага аснова. Старт яе выканання пэўна мусіць быць са зменай Саўміна і кіраўніка ўраду, які за амаль 1,5 гады зарэкамендаваў сябе не з лепшага боку — эканоміка як была ў «чырвонай зоне», так і засталася. Кандыдаты на пасаду кіраўніка ўраду, якія б падтрымалі і змаглі б памножыць поспехі Нацбанку, дакладна ёсць.
— Станоўчыя вынікі гандлю паслугамі ўжо не перакрываюць адмоўнае значэнне сальда знешняга гандлю таварамі. Ці ёсць падставы лічыць, што ў другім паўгоддзі сітуацыя выправіцца?
— Калі паглядзець на дынаміку, то можна заўва­жыць, што адмоўнае сальда за 2015 год значна лепш за аналагічны паказчык 2014 года. Канечне ж, гэта дасягнута за кошт не нарошчвання экспарту, а за кошт больш хуткіх тэмпаў скарачэння імпарту ў параўнанні з экспартам. Таму глядзець неабходна хутчэй на паказчык аб’ёму паступлення валюты ад экспарту на чыстай аснове. І тут ёсць пытанні. Аб’ём паступлення валюты ад экспарту істотна скараціўся. І гэта таксама аказвае ўплыў на прастору для манеўру манетарных уладаў.
Але для таго, каб атрымліваць больш валюты ад экспарту, неабходна — даруйце за чарговы паўтор — працаваць з рэальным сектарам. І не толькі ў форме чарговай рытарычнай тырады ў стылі «працаваць эфектыўней», а ў праўдзівай рэформе ўмоў гаспадарання на беларускай зямлі. Гаворка ідзе не пра прыватызацыю (у цяперашніх умовах яна можа прывесці да незваротных наступстваў, але пра гэта можна пагаварыць іншым разам), а хаця б сапраўднай «замарозцы» любых зменаў у заканадаўстве для бізнесу на тэрмін не менш за 5 гадоў. У выглядзе выключэння можна вітаць змены, якія вядуць да абсалютнага паляпшэння ўмоваў.
Падсумоўваючы, магу сказаць наступнае: слушная манетарная і фіскальная палітыка — гэта не ўсё, што патрабуецца Беларусі для выхаду з крызісу, бо перабудовы патрабуе ўся эканамічная сістэма, але рабіць гэта трэба адкрыта, без кулуарных гульняў. Гэта пакуль гучыць не рэалістычна для нашай краіны.