Планы ўрада да 2020 года: «У кожнай сям'і будзе магчымасць пабудаваць свой дом»

 У 2020 годзе прырост ВУП Беларусі ў параўнанні з 2015 годам павінен скласці 12—15%, а рэальных грашовых даходаў грамадзян — 9,5—11,6%. Гэта прадугледжана праектам асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, якая будзе абмяркоўвацца на пятым Усебеларускім народным сходзе.

фота з сайта www.d-p.by

фота з сайта www.d-p.by


Згодна з дакументам, тэкст якога апублікаваны 17 чэрвеня, да канца 2020 года інфляцыя паменшыцца да 5%, а стаўкі па крэдытах знізяцца да 9—11%.
"У кожнай беларускай сям'і будзе магчымасць пабудаваць свой дом або кватэру. Працягласць жыцця вырасце да 75,3 года", — гаворыцца ў дакуменце.
Праграмай запланаванае разняволенне бізнес-ініцыятывы. Адзначаецца, што дзяржава забяспечыць абарону і недатыкальнасць правоў прыватнай уласнасці, здыме абмежавальныя бар'еры, лібералізуе кантрольную дзейнасць. Для гэтага прадугледжваецца: пашырэнне формаў дзяржаўнай падтрымкі суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва; павышэнне эфектыўнасці бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі; увядзенне адміністрацыйнай (а пры паўторным учыненні — крымінальнай) адказнасці за ўмяшанне службовых асоб праваахоўных (кантралюючых, наглядных) органаў у законную дзейнасць суб'ектаў гаспадарання; істотнае зніжэнне фінансавых санкцый за нязначныя парушэнні; радыкальнае спрашчэнне і скарачэнне колькасці відаў і формаў справаздачнасці; укараненне сістэмы ацэнкі наступстваў прыняцця нарматыўных прававых актаў у сферы прадпрымальніцкай дзейнасці; скарачэнне колькасці ліцэнзаваных відаў дзейнасці; увядзенне інстытута падатковых кансультантаў з мэтай якаснага падавання адпаведных паслуг.
Запланаванае прыняцце стымулюючых мер для хуткага адкрыцця сваёй справы. Дзяржава ў межах адпаведнай праграмы падтрымае пашырэнне інавацыйнай інфраструктуры малога і сярэдняга бізнесу ў рэгіёнах рэспублікі (тэхнапаркі, венчурныя арганізацыі, цэнтры падтрымкі, інкубатары малога прадпрымальніцтва). Прамое рэгуляванне цэн і тарыфаў будзе захаванае толькі на паслугі, якія аказваюцца прадпрыемствамі, што дамінуюць на таварных рынках, і натуральнымі манаполіямі, а таксама на асобныя групы тавараў (у прыватнасці паліва, электра- і цеплаэнергію). Вынікам рашэння пастаўленых задач стане рост долі суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў агульным аб'ёме валавога дададзенага кошту з 28,7% у 2014 годзе да 40% у 2020 годзе.
Плануецца таксама і мадэрнізацыя адносін уласнасці. "Захаванне дзяржаўнай уласнасці або пашырэнне прыватнай — не самамэта. Яны павінны быць эфектыўнымі і прыбытковымі", — падкрэсліваецца ў дакуменце.
Прадугледжваюцца: перадача ў камунальную ўласнасць прадпрыемстваў, якія не маюць стратэгічнага значэння, з мэтай прыцягнення інвестараў у акцыянерны капітал; укараненне перадавых сусветных практык карпаратыўнага кіравання на дзяржаўных прадпрыемствах з усталяваннем галоўнага крытэра для кіраўніка — максімізацыя прыбытку; актывізацыя малой і сярэдняй прыватызацыі, арыентаванай на прыцягненне інвестыцый, мадэрнізацыю вытворчасцяў і стварэнне новых працоўных месцаў; прыцягненне вядучых сусветных кампаній (з капіталізацыяй больш за мільярд долараў) у Беларусь для рэалізацыі праектаў з высокім дададзеным коштам; выпуск акцый найбуйнейшых кампаній на міжнародных біржах Лондана, Нью-Ёрка, Франкфурта з мэтай росту капіталізацыі гэтых прадпрыемстваў і зніжэння пазыковай нагрузкі.
Плануецца зацвярджэнне спрошчанага парадку рэгулявання адносін уласнасці, уключаючы радыкальнае скарачэнне пераліку дакументаў і ўзгадненняў.
Запланаванае абнаўленне сістэмы кіравання эканомікай і, у прыватнасці, размежаванне функцый дзяржавы як рэгулятара і ўласніка; скарачэнне залішніх і дублюючых функцый органаў дзяржаўнага кіравання, кантралюючых (наглядных) і праваахоўных органаў; пашырэнне паўнамоцтваў і сфер адказнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання; умацаванне пазіцый Нацыянальнага сходу Беларусі на міжнароднай арэне; фарміраванне кампактнага ўрада; перавод да 2020 года ўсіх адміністрацыйных працэдур у электронны фармат; павышэнне прэстыжу дзяржаўнай службы; арганізацыя сістэмы стажыровак дзяржаўных служачых у вядучых сусветных адукацыйных цэнтрах.
"У выніку паслядоўнай рэалізацыі намечаных мер будзе створаны эфектыўны кампактны дзяржаўны апарат", — адзначаецца ў дакуменце.
Асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады будуць вынесеныя на абмеркаванне V Усебеларускага народнага сходу, які пройдзе ў Мінску 22—23 чэрвеня.
Аляксей Арэшка, БелаПАН