Што адбываецца на валютным рынку?

Золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся, за люты яны ўпалі на 4,6 працэнта. Ці чакаць бяды?

_hroszy___rubli___kapejki__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Ціск на беларускую фінансавую сістэму ў 2023 годзе нікуды не знікне. На гэта будуць уплываць геапалітычная абстаноўка і ўнутраныя фактары

Нівеліраваць адмоўны ўплыў можа падтрымка з боку Расіі. Зрэшты, РФ і так перанесла Беларусі першыя выплаты за крэдыт на будаўніцтва АЭС на 2024 год.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі (ЗВР) на 1 сакавіка 2023 года склалі 7,769 млрд долараў. За люты рэзервы ўпалі на 4,6% (на 373,3 млн долараў) пасля росту на 2,9% (на 213,3 млн долараў) у студзені. З пачатку года ЗВР знізіліся на 2% (на 160 млн долараў).

Зніжэнне рэзерваў у лютым адбылося ўпершыню са жніўня мінулага года, пасля таго, як з верасня рэзервы раслі.

Са жніўня мінулага года Нацбанк адмовіўся ад публікацыі структуры золатавалютных рэзерваў і каментароў аб фактарах, якія паўплывалі на дынаміку.

Эксперты звяртаюць увагу на тое, што Мінфін Беларусі 28 лютага 2023 года пагасіў еўрааблігацыі на 800 млн долараў, адначасова па іх быў выплачаны купон на 27,5 млн долараў.  Акрамя таго, у канцы лютага былі выплачаны даходы яшчэ па трох выпусках на 57,2 млн долараў.

Праўда, расійскія інвестары маглі не атрымаць своечасова да 500 млн долараў выплат па еўрааблігацыях Беларусі. На фоне санкцыйных абмежаванняў выплаты робяцца ў беларускіх рублях. Сродкі залічваюцца на асобны банкаўскі рахунак, адкрыты ў «Беларусбанку». Уладальнікі еўрааблігацый маюць права атрымліваць выплаты з названага рахунку пры падачы адпаведнай заяўкі і праходжанні верыфікацыі.

Як растлумачылі «Коммерсанту» ў расійскай Асацыяцыі ўладальнікаў аблігацый, шэраг інвестараў цалкам выканалі ўмовы (падалі выпіскі, адкрылі рахунак у беларускім банку і г.д.), але выплат не атрымалі. Юрысты песімістычна ацанілі судовыя перспектывы інвестараў. Самі інвестары разлічваюць на «добрую волю» эмітэнта і бачаць у гэтым больш хуткае рашэнне, чым праз суд, кажуць у Асацыяцыі ўладальнікаў аблігацый. У Мінфіне РФ адзначылі, што «Міністэрства фінансаў РБ прапрацоўвае магчымыя варыянты ўрэгулявання пытання выканання абавязацельстваў па еўрааблігацыях Беларусі».


Што тычыцца сітуацыі на валютным рынку, то люты скончыўся перавышэннем попыту над прапановай на 192,1 млн долараў, сведчаць звесткі Нацбанка. У мінулым месяцы фізасобы ў Беларусі зноў выступілі чыстымі прадаўцамі замежнай валюты. Яны прадалі на 31,6 млн долараў больш, чым купілі. Суб'екты гаспадарання — нерэзідэнты — за люты таксама сталі чыстымі прадаўцамі ў памеры 192,9 млн долараў. А вось банкі і юрыдычныя асобы Беларусі ў мінулым месяцы аказаліся чыстымі пакупнікамі ў памеры 416,6 млн долараў.

За тры апошнія тыдні (ад 17 лютага) беларускі рубель аслабеў да долара і еўра, але захаваў ранейшыя пазіцыі з расійскім рублём. На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 7 сакавіка курс долара склаў 2,8345 рубля. За 100 расійскіх рублёў давалі 3,7632 беларускія рублі. Курс еўра быў усталяваны на ўзроўні 3,0207 рублі. Амерыканская і еўрапейская валюты дасягнулі максімумаў за амаль 11 месяцаў.

За мінулы час крыху аслабеў і расійскі рубель, з якім цесна ўвязаны беларускі. На закрыцці таргоў на Маскоўскай біржы 7 сакавіка курс долара склаў 76,02 расійскіх рублёў. Еўра каштаваў 80,59 рубля.


У найбліжэйшай перспектыве на расійскім рублі можа адбіцца зніжэнне аб'ёмаў продажу валюты Мінфінам Расіі паводле бюджэтнага правіла. Нагадаем, у сярэдзіне студзеня ў РФ сталі прадаваць юані з рэзерваў для пакрыцця бюджэтнага дэфіцыту. У сакавіку маюць намер выдаткоўваць на гэтыя мэты 5,4 млрд расійскіх рублёў у дзень супраць 8,9 млрд рублёў у лютым.

Расійскія эксперты лічаць, што, нягледзячы на тое, што Мінфін у сакавіку амаль на 40% знізіць продаж валюты, у сакавіку расійскі рубель будзе прадавацца блізу 75-76 рублёў за долар. Хоць негатыўнымі фактарамі для рубля застануцца рызыкі абвастрэння геапалітыкі і скарачэнне нафтагазавых даходаў РФ праз санкцыі.

Разам з тым знізіць ціск на беларускія фінансы ў 2023 годзе адтэрміноўка пачатку пагашэння Беларуссю расійскага крэдыту на будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Згодна з новымі дамоўленасцямі, працэс павінен пачацца не пазней за 1 красавіка 2024 года. Гэта значыць, праз паўгода пасля планаванага запуску другога энергаблока ў Астраўцы.

Паводле «Беларусы і Рынак»