У Беларусі цяпер сярэдні заробак ніжэйшы, чым у 2013 годзе

Беларускія чыноўнікі падлічылі вынікі па заробках за ліпень. Аказалася, што цяпер у доларах заробак меншы, чым 8 гадоў таму.

_hroszy___infljacyja___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Па афіцыйных разліках, сярэдні налічаны заробак у краіне за ліпень склаў 1472 BYN. Калі параўноўваць з ліпенем 2020 года, рэальны заробак у «зайчиках» (з папраўкай на інфляцыю) вырас усяго на 3,7%. Гэта найменшы тэмп прыросту рэальнага заробку з красавіка 2017 года. Перафразуючы, 50 месяцаў запар рэальны заробак рос большымі тэмпамі, паведамляюць banki24.by.

У запаволенні дынамікі рэальных заробкаў вінаватая інфляцыя, якая паскорылася. Калі ў ліпені 2020-га кошты ў спажывецкім сектары выраслі на 5,2% (год да года), то ў ліпені 2021-га — на 9,8%.

Звярніце ўвагу: статыстычныя органы лічаць налічаны заробак да выліку падаткаў і ўнёскаў работніка. Гэта значыць, што налічаны заробак утрымлівае падаходны падатак (13%), унёсак работніка ў ФСАН (1%), а таксама прафсаюзныя складкі, аліменты, штрафы і да т. п.

Больш яскравае — параўнанне заробкаў у доларавым эквіваленце. У пераліку па афіцыйным курсе Нацбанка сярэдні налічаны заробак у ліпені 2021 года склаў 579,4 USD.

579,4 USD — гэта шмат ці мала? Калі параўноўваць з дакрызіснымі 2013–2014 гадамі, то мала. У ліпені 2013 года сярэдні заробак у Беларусі дасягаў 616,5 USD, у ліпені 2014 года — 629,3 USD.

Такім чынам, нават без уліку абясцэньвання самога долара, сярэдні заробак у сярэдзіне лета 2021-га меншы, чым 8 гадоў таму. Можна сказаць, што для мноства наёмных работнікаў гэтыя гады сталі страчанымі ў плане росту доларавых даходаў.

Ёсць яшчэ адзін важны момант — нарастанне зарплатнай няроўнасці ў краіне. Калі ў траўні 2013-га медыянны заробак складаў 81% ад сярэдняга, то ў траўні 2021-га — ужо 71,7%. Медыянны заробак — гэта заробак, які дзеліць выбарку работнікаў роўна напалову: 50% маюць заробак ніжэйшы за медыяны і яшчэ 50% — вышэйшы за яго.

За 8 гадоў сярэдні травеньскі заробак у доларах скараціўся на 2,4%, а медыянны — на 13,5%. Атрымліваецца, што планку сярэдняга паказчыка падтрымлівалі ў асноўным высокааплатныя работнікі (тыпу айцішнікаў), у той час як астатнія страцілі ў доларах важкія сумы.

Для даведкі: у Беларусі сярэдні заробак за травень 2021-га склаў 1420 BYN, а доля работнікаў з заробкам ніжэй за 1400 BYN — 72,9%, ніжэй за 1500 BYN — 76,9%. Гэта значыць, амаль у трох чвэрцей занятых на прадпрыемствах-флагманах заробак ніжэй за сярэдні.