«Coursera»: Беларусь першая ў Еўропе па ІТ-навыках. І другая ў свеце

Адукацыйная анлайн-пляцоўка «Coursera» абнавіла справаздачу «Global Skills Index», у якой аналізуе попыт на размешчаныя курсы і паспяховасць іх праходжання слухачамі з розных краін свету, паведамляе dev.by.

744ca5785003fcad1bdfa100cfe05aa1.jpg

У 2021 годзе было даследавана 77 мільёнаў студэнтаў у больш чым 100 краінах. Як звычайна, разглядаліся тры катэгорыі ведаў: Business, Technology і Data Science.

Краіны параўноўвалі адну з адной і падзялялі на 4 групы ў залежнасці ад узроўню кампетэнтнасці па той ці іншай катэгорыі:

  • перадавыя (cutting-edge)

  • канкурэнтныя (competitive)

  • краіны, якія развіваюцца (emerging)

  • адсталыя (lagging)

Беларусь заняла 12-е месца ў агульнасусветным заліку і 10-е месца — па Еўропе. Амаль усе краіны, якія абышлі Беларусь, — з Еўропы, за выключэннем Японіі (4) і Сінгапура (11). У топ-3 патрапілі Швейцарыя, Люксембург і Аўстрыя, Расія стала 9-й. 

e4acee1e2c7681a21fcacaf427bf60f1.jpg

У катэгорыі бізнес-скілоў Беларусь размясцілася ў групе «канкурэнтных» краін толькі на 50 радку глабальнай шкалы і на 25-м радку — у еўрапейскім спісе. Гэты вынік трохі горшы, чым у мінулым годзе: тады ў Беларусі было 32-е і 21-е месцы адпаведна.

Аўтары адзначылі, што Беларусь разам з некаторымі іншымі ўсходнееўрапейскімі краінамі — такімі, як Расія, Украіна, Эстонія і Літва, — вызначылася якасцю набытых навыкаў у HR-кірунку — яны асабліва моцныя ў HR-аўтсорсінгу. Аднак у цэлым у гэтай катэгорыі краіны Усходняй і Паўднёвай Еўропы саступаюць сваім «заходнім» суседкам.

Затое ў тэхналагічнай катэгорыі Беларусь упершыню заняла лідзіруючую пазіцыю па Еўропе. У сусветным рэйтынгу, як і ў мінулым годзе, Беларусь займае 2 месца, але на гэты раз яе абагнала не Расія, а Японія.

У агульным спісе Расія стала 9-й, Украіна — 8-й. Паводле слоў аналітыкаў, Беларусь, разам з Фінляндыяй, Балгарыяй і іншымі краінамі, значна перасягнула Расію па воблачных вылічэннях. Выдатныя паказчыкі Беларусь дэманструе ў падкатэгорыях праграмавання, мабільнай і вэб-распрацоўкі, распрацоўкі ПЗ і тэарэтычнай інфарматыкі.

У галіне Data Science Беларусь заняла 11-е месца ў глабальным заліку і 10-е — па Еўропе. Наперадзе — Фінляндыя (1), Расія (4) і іншыя. У 2020-м у Беларусі было 8 месца ў свеце і Еўропе.