Літва: «Калі робіш бізнес з Беларуссю, ты ведаеш, дзе ты яго робіш»
Літва не будзе дапамагаць сваім кампаніям, якія працуюць з Беларуссю. Бо для бізнесу не стала навіной, што Беларусь — «гэта дзяржава-аўтакратыя».
Пра гэта заявіла міністарка эканомікі і інавацый Літвы Аўшрыне Арманайтэ, паведамляе ej.by. Гаворка ідзе пра рызыкі і страты літоўскіх кампаній, якія могуць узнікнуць праз палітычную сітуацыю ў Беларусі.
Аўшрыне Арманайтэ заявіла радыёстанцыі LRT, што для бізнесу, які працуе ў Беларусі, не навіна, што гэта дзяржава-аўтакратыя, таму кампаніі ўзялі на сябе рызыку працаваць у такой краіне.
«Гэта рызыка, якая была прынятая. Натуральна, што рызыка выяўляецца з аднаго або з другога боку», — заявіла Аўшрыне Арманайтэ.
Некаторым кампаніям, у якіх цесныя сувязі з Беларуссю, не хапае абаротных сродкаў, таму дзяржава шукае фінансавыя інструменты для дапамогі.
Аднак міністарка эканомікі і інавацый Літвы наўпрост заявіла, што для такіх кампаній «ні пра якія субсідыі не можа быць і гаворкі».
«Калі робіш бізнес з Беларуссю, ты ведаеш, дзе ты яго робіш», — падкрэсліла яна.