Валерый Карбалевіч: «Дзяржава рэдукуе свае функцыі да вузкай патрэбы выжывання рэжыму»

«Сістэму адукацыі падганяюць пад патрэбы рэжыму», — напісаў палітычны аналітык Валерый Карбалевіч у сваім тэлеграм-канале. Дзяржава вызваляецца ад выканання яшчэ адной функцыі — забеспячэння якаснай адукацыі.

harri_i_szkola.jpg

Апошнія месяцы Лукашэнка, выступаючы перад любой аўдыторыяй, пры абмеркаванні самых розных пытанняў, звяртаецца да аднаго і таго ж — да леташняга пратэставага выбуху. Гэтая тэма сядзіць стрэмкай у ягонай свядомасці, не дае магчымасці адхіліцца, агледзецца і вярнуцца нарэшце да вырашэння актуальных праблем краіны. Выдатнай ілюстрацыяй гэтай заканамернасці стаў ягоны выступ на так званым «рэспубліканскім педсавеце» 24 жніўня.

У сістэме адукацыі Беларусі сёння шмат праблем. Бо яе ўзровень вызначае будучыню краіны, самавыжыванне, канкурэнтаздольнасць дзяржавы ў глабальным свеце. І Лукашэнка кажа: «Нам трэба будзе перазагрузіць сістэму адукацыі. Сёння гэта пытанне дзяржаўнай важнасці... Перад сістэмай адукацыі беспрэцэдэнтны па сваёй сур’ёзнасці выклік».

У якім кірунку перазагрузіць? Можа, каб падвысіць якасць адукацыі? Ці сфарміраваць з школьніка творчую асобу, якая крытычна глядзіць на свет?

Аказваецца, зусім не. Усе гэтыя задачы Лукашэнка праігнараваў, сканцэнтраваўшы ўвагу толькі на адным пытанні: «правільным» выхаванні моладзі. Выступ быў прысвечаны ўрокам мінулагодняга пратэсту і неабходнасці прадухілення новых выбухаў абурэння. Бо, паводле Лукашэнкі, «усе нашы «касякі», негатыўныя падзеі мінулага года, — гэта нашы школьныя «касякі».

Галоўны лейтматыў прамовы быў наступны: «Урокі засвоеныя. Падзеі, якія адбыліся, прадвызначылі глабальнасць тых пытанняў, якія мы вынеслі на гэты педсавет... Апошнія падзеі ў Беларусі прымусілі звярнуць увагу на адну з галоўных функцый адукацыйнага працэсу — выхаваўчую».

Такім чынам, галоўны ўрок, глабальнае пытанне перазагрузкі сістэмы адукацыі — гэта ідэалагічна правільна выхаваць моладзь, каб яна захоўвала палітычную лаяльнасць існаму рэжыму, любіла Лукашэнку. Напрыклад, у рамках рэалізацыі праекту «Гонар за Беларусь», у якім адлюстраваны дасягненні краіны за гады суверэнітэту. Ён пашкадаваў, што ўсё менш застаецца людзей, якія былі выхаваныя на каштоўнасцях савецкага часу, а ва ўсіх праблемах звінаваціў Захад і «праграмы Сораса».

Пад гэтую задачу падганяецца і фінансаванне. Лукашэнка паведаміў, што «з 1 студзеня 2022 года мы павінны знайсці магчымасць значна прастымуляваць у матэрыяльным плане працу класных кіраўнікоў і куратараў груп устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі». То-бок заробкі падвысяць не настаўнікам, якія займаюцца ўласна адукацыяй, а толькі класным кіраўнікам, чыя функцыя — якраз выхаванне. Бо на ўсіх грошай няма.

Якімі метадамі трэба выхоўваць маладых людзей? Можа, паспрабаваць падстройвацца пад моладзь, яе патрэбы, спрабаваць размаўляць з падрастаючым пакаленнем на ягонай мове, на адной хвалі з ім?

Зноў не. Сродкі дасягнення мэты традыцыйныя для рэжыму, яны раз і назаўсёды прадвызначаныя і не мяняюцца, другіх ён проста не прызнае. Лукашэнка іх фармулюе так: «Парадак і дысцыпліна... Навядзіце парадак у школе, чаго б гэта нам ні каштавала... Я б нават сказаў больш: выкарыстоўвайце любыя метады, але навядзіце парадак у школе».

Любыя метады — гэта якія? Няўжо гвалт? Памятаеце, як у 2019 годзе здарыўся скандал з настаўніцай гомельскай школы, якая пагражала забіць школьніка. Тады Лукашэнка прарэагаваў так: «Я б на месцы гэтай настаўніцы галаву б адарваў шчанюку нейкаму». Вось такі ўзор выхавання.

А дзяржава вызваляецца ад выканання яшчэ адной функцыі: забеспячэнне якаснай адукацыі. Гэта ўслед за адмовай ажыццяўляць правасуддзе, рэалізоўваць замежную палітыку, ахоўваць межы і г.д. Дзяржава рэдукуе свае функцыі да вузкай патрэбы выжывання рэжыму. І гэтая тэндэнцыя нарастае.