Віталь Цыганкоў: Няма глыбыні дэградацыі
У нас часам гучаць параўнанні з бальшавікамі ці Паўночнай Карэяй. Але! Лукашэнка ідзе далей за ўсіх.
Журналіст Віталь Цыганкоў пракаментаваў выступ Аляксандра Лукашэнкі, у якім ён назваў ворагамі дзяржавы тых, хто вучыўся за мяжой.
«Разабрацца з такімі, якія з’яжджаюць і вяртаюцца да нас... Яны ўсе выступілі за разбурэнне ўласнай дзяржавы. Я даручыў міністру адукацыі паглядзець на такое навучанне. Бо ўсе сто працэнтаў яны на шкоду.
Едзьце, вучыцеся. Але вы, калі ласка, там і заставайцеся. Бо там не столькі навучаюць (ім далёка да нашай адукацыі) – яны ім прамываюць мазгі, і закідваюць да нас ужо як агентуру, з прамытымі мазгамі. Гэта ўжо ідэйныя, ну калі не ворагі, то праціўнікі нашай дзяржавы. І нам даводзіцца з імі змагацца».
Слухайце, у нас часам гучаць параўнанні з бальшавікамі ці Паўночнай Карэяй. Але! Нават бальшавікі ў 20-я гады клікалі замежных спецыялістаў і тых расіян, якія вучыліся на Захадзе, вяртацца ў Расію і ствараць навуку і прамысловасць.
Нават цяперашні кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын вучыўся ў Швейцарыі. Афрыканскія дыктатары і царкі вучыліся самі і пасылалі сваіх дзяцей вучыцца на Захадзе.
Лукашэнка ідзе далей за ўсіх іх. Ён называе кожнага, што адвучыўся ў лепшых універсітэтах на Захадзе, ворагамі (праціўнікамі).
У прынцыпе, гэта чарговае яркае пацверджанне таго тэзіса, якія я паслядоўна адстойваю.
Няма ніякай шкоды, якую Лукашэнка не быў бы гатовы нанесці краіне дзеля захавання сваёй улады і дзеля панавання сваёй ідэалогіі.
Калі з краіны будуць вымушаныя з’ехаць некалькі мільёнаў – ён будзе не супраць. Калі заўтра ў беларускіх універсітэтах будзе недабор на 50 працэнтаў – яго гэта не хвалюе. Калі прахадны бал у ваенныя ВНУ будзе 100 (з 400), ён будзе толькі рады.
Няма такога дзеяння, перад якім ён бы задумаўся – «можа, не трэба, бо гэта прыносіць шкоду краіне зараз і ў будучыні?». Не.
Няма ніякай глыбыні дэградацыі, перад якой ён можа спыніцца».
Паводле «Салідарнасці»