«Растлумачце дзецям...» Пра што варта гаварыць са школьнікамі, каб выйграць бітву за новую Беларусь

«Не даць шэрасці, адсутнасці цікаўнасці, абыякавасці, талерантнасці да гвалту з беззаконнем любога кшталту пракрасціся ў галовы нашых дзяцей — найважнейшая задача для новай Беларусі». Па матывах учарашняга «педсавета» бізнесмен і бацька Кірыл Валошын распавёў у Фэйсбуку, як і пра што ў цяперашніх варунках варта гаварыць з дзецьмі.

«Як справы ў школе?» Спадзяюся, гэта не фармальнае пытанне ў сем'ях з мінулага года. Задаваць яго кожны дзень, упэўнены, абавязваюць прыняты «парламентарыямі» «Кодэкс аб адукацыі», які забараняе бацькам умешвацца ў навучальны працэс, і будучыя ваенна-патрыятычна-духоўныя новаўвядзенні.

Уладзе стратэгічна важна, прабачце за відавочнасць, адвучыць падлеткаў (ды і не толькі іх) думаць крытычна, падвяргаць сумневу словы «аўтарытэтаў», захоўваць шырокі погляд на свет, мець ва ўмовах закрыцця 99% незалежных СМІ сваё меркаванне па педалюемых актыўна тэмах лепшасці, бяспекі, духоўнасці і безальтэрнатыўнасці “кавалачка зямлі".

Мы павінны (!) тлумачыць дзецям:

— Што настаўнікі і завучы не заўсёды маюць рацыю. І не заўсёды праўдзівыя! Нават выдатныя. Не заўсёды разумныя. Усё радзей шчырыя. Паднявольныя і бедныя. Што па розных прычынах педагогі таксама могуць хлусіць, хітрыць, дамагацца свайго, спрэс забываючы пра прыстойнасць. Зрэшты, як і любыя іншыя людзі. Уключаючы суддзяў. Можна ім нават дараваць (але не забыцца) удзел у фальсіфікацыях, распавёўшы пра моц страху і немач ад яго.

Прабачце, не- і паважаныя настаўнікі — ваш аўтарытэт павінен стаць хісткім. Тым больш пасля жніўня 2020.

Таварышы ад царквы, вас гэта таксама тычыцца. Асабліва тых, хто сабраўся патрыятызм праз праваслаўе (і наадварот) у школах насаджаць або бласлаўляе АМАП на пагром.

— Растлумачце, калі ласка, што дзяржава і Радзіма — не адно і тое ж. Што прымусіць або навучыць любіць яе — немагчыма. Бо натуральная любоў не на паказ ідзе ад душы і сэрца, а не з падручніка, «дзясяткі» на экзамене і прагі нажывы.

— Растлумачце, што законы і правы — не сінонімы. Законы могуць быць неправавымі (Германія Гітлера, СССР, РБ), а правы — вельмі абмежаванымі ў параўнанні са штодзённай сусветнай практыкай, якая склалася шмат дзесяцігоддзяў таму. Што выбарачнае прымяненне закону — гэта беззаконне. Што праўкі ў законы з мэтай знішчэння і пасадкі часткі насельніцтва — тэрор і рэпрэсіі. Што забарона на выезд і аплата за яго — абсурд, а дапамога ў нелегальным перасячэнні мяжы іранцам — ганьба. Што ўлада заможных і законна абраныя ў нашай краіне — зусім розныя людзі, а «лаяльныя» — не значыць «кампетэнтныя». Што суды без адвакатаў, але з балаклавамі — Сярэднявечча. Пакаранне за думкі, шкарпэткі, белыя лісты, звычайныя словы — недапушчальныя. Што тысячы сядзяць без віны. І іх катуюць, рабуюць, зневажаюць, пазбаўляюць матрацаў, лістоў, пасылак, магчымасці ляжаць днём, гуляць, мыцца, спаць ноччу без святла... Што Канстытуцыя — пустое месца для ўлад, а пераробка яе пад сябе — шлях да таталітарызму.

— Растлумачце, што прэзідэнт — любы, з вусамі і без, — наёмны работнік. Яго партрэту не месца побач з Пушкіным або Коласам. Што ён ці яна не можа разбірацца аднолькава добра ва ўсім: і ў гноі, і ў вакцынах, і ў крыптавалютах, і ў эканоміцы. І таму не павінен адзін вырашаць за ўсіх і ўся, а дарадчыя органы ператвараць у мышэй пад венікам.

— Растлумачыць, што Беларусь — не самая лепшая і не самая развітая ва ўсім. Не самая перадавая і ўплывовая. З адукацыяй, якая дэградуе. Сумнеўнай дзяржаўнай аховай здароўя. Неэфектыўным дзяржкіраваннем. Карумпаваная — адны кантрабандныя цыгарэты чаго каштуюць. Без свабоды слова. З суседзямі, якія адно за адным адгароджваюцца ад нас «калючкай».

Што немцы, якія прайгралі пастаянна ўзгадваемую вайну, жывуць на парадак лепш і даўжэй.
Але мы, бацькі, працуем, каб гэта паправіць. І робім бізнесы для гэтага. І збіраем грошы на штрафы або маскі для гэтага. І пратэставалі сотнямі тысяч, каб недахопы можна было хутчэй ліквідаваць. І дапамогі ў свету прасілі (звярталіся нават да рэштак сумлення і розуму ўлад Расіі) не па «метадычцы», а дзеля лепшай будучыні.

— Растлумачце, што РБ — не бясплатная і не сацыяльная. Што бюджэт, пенсіі, армія, стратныя заводы і калгасы, асфальты і салюты ўтрымліваюцца за кошт кішэняў усіх мам і тат. Што на пенсіі працуюць не ад добрага жыцця. Што бясконцыя паборы з бацькоў — не для развіцця шырыні душы, а 30 чалавек у класе — не для заахвочвання сяброўства. Што жыццё па-за межамі сталіцы моцна адрозніваецца па якасці і даходах.

Адкусіце, як у старой добрай парадзе ад марозіва дзіцяці, набытага на яго першыя грошы, "35%", "13%". Потым здзярыце 20+ % ПДВ і акцызаў у выглядзе глазуры або вафлі. Праглыніце частку прагна, а частку змыйце дэманстратыўна ва ўнітаз — вам, маўляў, лепш відаць. Крошкі аддайце бабулі.

— Растлумачце, што «Захад» і NATO — не ворагі, не прагнуць Гродна і Бераставіцы, жывуць лепш за нас, і куды больш міралюбна, чым Расія, якая адхапіла ў 21 стагоддзі Асецію, Крым, Абхазію, Прыднястроўе. Якая вядзе войны ва Украіне, Сірыі, Лівіі, ЦАР, але «зліла» Арменію. Знаецца з ХАМАС, талібамі, якая труціць «ворагаў», лезе ў чужыя выбары, абнуляе дзеда з мільярдным палацам і падтрымлівае самыя адмарожаныя рэжымы, уключаючы наш.

— Пакажыце акуратна бясконцыя «іншадумныя» навіны пра арышты, суды, здзекі, блакіроўкі. Пакажыце без прыкрас бясконцыя матэрыялы на закрытым і прызнаным (аж да лога!) экстрэмісцкім «ТУТБАЙ» пра зборы грошай на лячэнне беларускіх дзяцей за мяжой. На імпланты, калыскі, уколы, прылады падтрымання жыцця. Растлумачце, што гэта толькі вярхушка айсберга — хтосьці проста страціў надзею, што на дарослых і паджылых зборы рэдкія, а частка стабільна памірае ад нізкага ўзроўню развіцця медыцыны і галечы. Раскажыце пра хлусню аб СОVlD і правал вакцынацыі. Пра рэальную сітуацыю з СІЗамі, лекамі, кіслародам, пра ўбогасць многіх, калі не большасці, бальніц і палат... Пра тое, што амаль ляжачыя пасля інфаркту арлом павінны лезці на ўнітаз без стульчака і купляць сваю туалетную паперу. Пра чэргі, у якіх стаяць анкалагічныя. Пра лекараў, насуперак дасягненням, звольненых за палітыку. Пра выкладчыкаў таксама.

Спытайце дзяцей:

— Што яны даведаліся новага за дзень, што пры гэтым адчувалі і што з гэтай нагоды думаюць. Ці не называлі педагогі чорнае белым, зло — дабром, БТ — праўдзівым, а прэзідэнта — выратавальнікам планеты.

— Ці не пагражаюць ім у школе праз «няправільную» грамадзянскую пазіцыю зніжаць адзнакі, байкатаваць, не пускаць ва ўмоўны 10 клас. Ці не прымушаюць рабіць подласці. Растлумачце дзіцяці, чаму гэта ненармальна і амаральна. І што мы заўсёды на яго баку.

— Ці не прымушаюць зняцца ў «заябацькінскіх» роліках або ўступаць у БРСМ, запэўніваючы, што толькі так можна перавесці бабульку праз дарогу, прыбраць лісце або здаць макулатуру?

— Ці не заахвочваюць даносы? Ці не прыніжаюць годнасць вашага дзіцяці або яго аднакласнікаў? Ці ў захаванасці і цэласці яго маёмасць. Ці не ўжываюць зусім ужо «ад’ябацьнутыя» дзеці або дарослыя фізічны гвалт. Можа наадварот — ваш шпыняе фанатаў АГЛ?

Навучыце, калі ласка, дзіця пераправяраць інфармацыю, што ён атрымлівае ў школе, на вуліцы, па ТБ і ў інтэрнэце. Проста сядзьце і пакажыце, як гэта рабіць, як абдумваць. Якія могуць быць іншыя меркаванні па розных пытаннях. Раскажыце, што думаеце самі, чаму зрабілі такія высновы (вы ж таксама можаце шчыра памыляцца) і як да іншых высноў, верагодна, прыйшлі вашы апаненты. Прапануйце маленькаму чалавеку паспрачацца з вамі, мяняючыся для гульні бакамі.

Макс Планк сцвярджаў, што новыя навуковыя ісціны перамагаюць не за кошт пераканання праціўнікаў, а праз іх паступовае выміранне. Майсей як спецыяліст па 40 гадам блуканняў, напэўна, пагадзіўся б з вялікім фізікам.

На шчасце для нас, студэнцтва ў жніўні 2020-га паказала, што амаль палова гэтага шляху па змене пакаленняў, мабыць, пройдзеная. Не ўсімі. Таму не даць шэрасці, адсутнасці цікаўнасці, рыгіднасці, убоству думкі, абыякавасці, рэтраграднасці і талерантнасці да гвалту з беззаконнем любога роду пракрасціся, прабачце за пафас, у галовы нашых дзяцей — найважнейшая задача для новай Беларусі. Без гэтага дэмакратыі і прагрэсу не відаць. Магчыма, за дзецьмі падцягнецца і частка адсталых дарослых...

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: