У Расіі збіраюцца забараніць абарот усіх міжнародных крыптавалютаў
Новаўвядзенні расійскай улады наўпрост забараняюць не толькі абарот у РФ крыптавалютаў, якія былі выпушчаныя не пад унутраным рэгуляваннем, але і майнінг ды нават рэкламу. Пад абмежаванні безумоўна падпадае біткойн. Эксперты ацэньваюць страты бюджэту ад забароны майнінгу больш чым у 2 мільярды долараў на год.
Дзярждума РФ апублікавала тэкст законапраекта "Аб лічбавых фінансавых актывах" у другім чытанні, паведамляе thebell.io. Праект, прыняты ў першым чытанні яшчэ ў 2018-м, зазнаў за два гады некалькі ключавых правак. Жорсткую пазіцыю адносна абароту крыптовалютаў у Расіі выказалі Мінфін РФ (ведамства прапаноўвала ўвесці крымінальную адказнасць за абарот грашовых сурагатаў) і ЦБ (лічыў, што продаж крыптавалютаў павінна быць дазволены толькі па-за тэрыторыяй Расіі).
Улады хочуць увесці вызначэнне лічбавай валюты і лічбавых фінансавых актываў (ЦФА). Пад першае вызначэнне трапляе практычна усялякая крыптавалюта, пад другое — лічбавыя актывы, кантраляваныя Цэнтрабанкам, і каштоўныя паперы. З лічбавымі фінансавымі актывамі грамадзяне змогуць здзяйсняць здзелкі без абмежаванняў, а каб валодаць лічбавымі валютамі легальна, іх давядзецца задэклараваць у падатковай.
Лічбавыя валюты, выпушчаныя не ў Расіі, для выкарыстання ў краіне забароненыя. Але калі грамадзянін хоча працаваць з крыптавалютай, ён можа рабіць гэта на замежных пляцоўках, да адказнасці яго прыцягваць не будуць, сказаў "Коммерсанту" кіраўнік думскага камітэта па фінансавых рынках Анатоль Аксакав.
Адказнасць пагражае распрацоўшчым кампутарных гульняў, у якіх ёсць унутраная гульнявая валюта, а таксама інтэрнэт-карыстальнікам, якія здзяйсняюць анлайн-пакупкі з дапамогай распаўсюджанай у інтэрнэце практыкі прыняцця дагавораў-аферты, папярэджваюць эксперты Цэнтра кампетэнцый «Сколкава» (яны накіравалі ліст з водгукам на законапраект у Мінэканамразвіцця).
Законапраект таксама ўстанаўлівае адказнасць за распаўсюджванне інфармацыі аб арганізацыі і (або) ажыццяўленне выпуску, а таксама аб арганізацыі звароту лічбавай валюты. Згодна з заключэннем "Сколкава", пад такую забарону здольны патрапіць любы пост у сацыяльных сетках (месенджарах), публікацыя ў СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах, якія згадваюць распрацоўшчыкаў тэхналогіі блокчэйн або любую інфармацыю аб развіцці рынку ў Расіі і за мяжой. Пры парушэннях рэсурс будзе заблакаваны Раскамнаглядам.
Удзельнікі рынка кажуць, што такая версія законапраекта абмяжоўвае правы грамадзян і бізнесу.
Як патлумачыў "Коммерсанту" партнёр Taxology Міхаіла Успенскага, самае жудаснае, што законапраект цалкам блакуе легальны продаж асноўных сусветных крыптавалютаў у Расіі, у першую чаргу біткойна і Ethereum.
Забарона на майнінг прынясе расійскаму бюджэту буйныя страты: ён недаатрымае мінімум 2 мільярды долараў на год, папярэджвае Расійская асацыяцыя крыптавалютаў і блокчэйну (яна таксама накіравала лісты ў Мінэканамразвіцця і ў Дзярждуму). Паводле ацэнак асацыяцыі, абарот рынку крыптавалютаў складае не менш за 15 мільярдаў долараў на суткі, з якіх не менш 10% прыпадае на рускамоўныя праекты.
Паводле thebell.io