«Украінская чыгунка» абмежавала транзіт беларускага калію, але, выглядае, фірмы-пракладкі змогуць абысці забарону

Украіна спыняе транзіт беларускіх калійных угнаенняў у Еўропу і СНД з 16 лютага. Абмежаванні датычацца прадукцыі «Беларуськалія» і «Беларускай калійнай кампаніі».

belarus_kaliy_vagony.jpg

Мяркуючы па тым, піша «Еўрарадыё», як сфармуляваная забарона, кампанія-пракладка з Беларусі зможа адправіць калійныя ўгнаенні ва Украіну — і «Украінская чыгунка» іх перавязе. Нават калі атрымальнікам груза будзе дачка «Беларускай калійнай кампаніі» «Агророзквiт», якая летась трапіла пад санкцыі ЗША.

На пытанне, ці могуць іншыя кампаніі быць грузаадпраўшчыкамі беларускага калію, «Украінская чыгунка» яшчэ да прыняцця абмежаванняў паведаміла, што не ведае.

— Інфармацыяй пра іншыя кампаніі, якія з'яўляюцца грузаадпраўшчыкамі мінеральных угнаенняў, што транспартуюцца па тэрыторыі Украіны, «Украінская чыгунка» не валодае.

Акрамя таго, абмежаванні абыходзяць перавозкі беларускага калію ў порт Мікалаева, які беларускі бок імкнецца выкарыстоўваць замест Клайпеды. Так угнаенні з «Беларуськалія» могуць трапіць у Індыю. Пастаўкі ў гэтую краіну — асноўная лагістычная праблема, якую вырашаюць беларускія ўлады.

Аднак з портам Мікалаева ў беларускага боку есть праблемы. У самім порце сказалі, што раней працавалі з «Беларуськаліем», але больш не працуюць:

— Адбыўся шэраг змен.

Ад далейшых каментароў там ухіліліся. Гэты адказ можа азначаць як спыненне транзіту, так і тое, што цяпер порт працуе не наўпрост з «Беларуськаліем», а праз фірмы-пракладкі.

Прадстаўнік «Украінскай чыгункі» да прыняцця рашэння аб абмежаванні транзіту не стаў хаваць, што ніякіх змен у плане перавозак калію ў іх не было. І ўгнаенні з «Беларуськалія» яны працягвалі вазіць.

— Ідуць яны традыцыйна да партоў, да Чорнага мора.

Паводле звестак «Украінскай чыгункі», у 2021 годзе сярэднямесячныя аб'ёмы транзіту мінеральных угнаенняў склалі 28 тысяч тон, а імпарт ва Украіну — 16,5 тысяч тон. У студзені 2022 года транзіт угнаенняў, грузаадпраўшчыкам якіх пазначаны «Беларуськалій», склаў 18,8 тысячы тон і 2,6 тысячы тон — імпарт.

З 1 лютага вазіць беларускія калійныя ўгнаенні ў порт Клайпеды адмовілася «Літоўская чыгунка». Урад Беларусі збіраўся дамовіцца на транзіт праз Расію.