Расіян папярэджваюць пра блакаванне ўкладаў у выпадку вайны

Уварванне ва Украіну і санкцыі Захаду немінуча прынясуць Расіі дэвальвацыю рубля, абвал рынкаў і ўдар па дабрабыце грамадзян, аднадушна лічаць эканамісты.

9f175327_f591_4e1e_8c71_82384d7f34e6_5b03f5b8_320.jpg


У «дзень перасячэння мяжы», калі ён наступіць, могуць быць адразу ж уведзеныя абмежаванні на зняцце ўкладаў і зняцце грошай у банкаматах, лічыць эканаміст Якаў Міркін, загадчык аддзела міжнародных рынкаў капіталу Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін РАН, піша Finanz.ru.

«Ніхто не ведае планаў уладаў, але гэта тое, што адбываецца звычайна, або тое, што можа здарыцца, зыходзячы з логікі падзей», — удакладняе Міркін.

У гады Вялікай Айчыннай вайны зняцце наяўных з рахункаў было абмежавана ў першыя ж дні, а для грамадзян былі ўведзеныя ваенны падатак, падатак на бяздзетных і самотных, павышаны сельскагаспадарчы і падаходны падаткі.

У выніку калі да вайны паступленні ў дзяржбюджэт ад падаткаў і пазык насельніцтва складалі 10-12% даходаў, то за чатыры гады вайны іх доля перавысіла 60%.

Паводле звестак ЦБ, на 1 студзеня расіяне трымалі на рахунках і ўкладах у банках 34,7 трлн. рублёў. З іх 27,8 трлн. — у рублях і 92,8 млрд. — у замежнай валюце.

Акрамя гэтага, у грамадзян ёсць яшчэ 14,1 трлн. рублёў зберажэнняў у наяўных, з якіх 8,7 трлн. — у замежнай валюце (ацэнка Расстата).

Але абмен рублёў на валюту таксама можа быць абмежаваны, роўна як і хаджэнне наяўнай валюты, лічыць Міркін. Рубель абрынецца, паваляцца акцыі, аблігацыі, пачнуцца «панічныя ўцёкі капіталу з Расіі», апісвае сцэнар ён.

«Рубель мы зможам лавіць на ўзроўні 85-90 (за долар)», — салідарны ў ацэнках па рынку Яўген Коган,прэзідэнт інвестгрупы «Маскоўскія партнёры».

Сумны сцэнар, пры якім загрымяць гарматы і пальецца кроў, «сёння мае досыць высокую верагоднасць на рэалізацыю», шкадуе ён.

Абвал цэн на пазыковыя паперы ўрада РФ можа скласці 15-20% (па 10-гадовых АФЗ), інфляцыя «рване», а ЦБ «для стабілізацыі сітуацыі будзе вымушаны рэзка ўзмацніць жорсткасць і падняць стаўку», апісвае Коган магчымы сцэнар.

Міркін згодны: цэны ўзляцяць, інфляцыя стане двухзначнай, ЦБ узніме ключавую стаўку. Біржавыя таргі з-за абвалу рынкаў могуць і спыніць, лічыць ён: біржа можа наогул не адкрыцца, альбо яе будуць трымаць «часова закрытай».

«Могуць адразу ж перастаць працаваць карткі Visa і Mastercard, перш за ўсё за мяжой», — дадае эканаміст, магчымыя чэргі, дэфіцыты ў крамах, скарачэнне прыватнага падвозу.

На пазыковым рынку «можам убачыць вялікую колькасць дэфолтаў розных кампаній», а ў сегменце высокадаходных бондаў, «хутчэй за ўсё, пабачым калапс», піша Коган.

Што тычыцца глыбіні падзення рубля, то яна будзе залежаць ад маштабу санкцый. Калі меры закрануць вузкае кола фізічных асоб, долар паднімецца да 81 рубля, ацэньвае галоўны эканаміст «BCS Global Markets» Наталля Лаўрова.

Санкцыйны законапраект дэмакратаў, названы аўтарам, сенатарам Бобам Менендэсам, «маці ўсіх санкцый», апусціць рубель да адзнакі 88 за долар, прагназуе Лаўрова.

Санкцыі ў гэтым выпадку будуць уключаць удар па найбуйнейшых банках з пераліку, куды ўключаны «Ашчадбанк», ВТБ, «ВЭБ» і «Альфа-банк».

Самы жорсткі сцэнар — гэта адключэнне SWIFT. Ён абернецца «пастаянным шокам», скокам долара да 103 рублёў і скачваннем эканомікі ў працяглую рэцэсію: ВУП скароціцца на 2,6% у 2022 годзе і на 4,3% за два гады, ацэньвае Лаўрова.

Зрэшты, гэты варыянт вельмі малаверагодны, падкрэслівае яна. Пад ціскам еўрапейскіх краін ідэя адключэння SWIFT была выключаная з выніковага пакета санкцый, які ЗША і ЕС падрыхтавалі на выпадак вайны, паведамілі ў пятніцу дыпламатычныя крыніцы «Reuters».