Дзярждума Расіі прагаласавала за прызнанне ДНР і ЛНР
Дзяржаўная дума Расіі на пасяджэнні ў аўторак пераважнай большасцю галасоў ухваліла рашэнне аб прызнанні самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік (ДНР і ЛНР).

351 голасам дэпутаты зацвердзілі праект КПРФ, які патрабуе неадкладнага звароту да прэзідэнта без кансультацый з профільнымі ведамствамі. Аналагічны праект «Адзінай Расіі», які прапаноўваў спачатку атрымаць «візу» МЗС, набраў менш галасоў (310 «за») і быў адкінуты, піша Finanz.ru.
Праект камуністаў падтрымала фракцыя ЛДПР, першы намеснік кіраўніка якой Васіль Уласаў заявіў, што трэба «цалкам усю Украіну забіраць».
Ніякіх афіцыйных рашэнняў пра магчымасць прызнання Расіяй ДНР і ЛНР, дзе з 2019 года масава раздаюць расійскія пашпарты, а колькасць грамадзян РФ ужо перавышае 600 тысяч, не прымалася, заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
«Расія неаднаразова дэкларавала, што яна застаецца прыхільнай мінскаму комплексу мер і з'яўляецца прыхільніцай таго, каб як мага хутчэй увесь мінскі план дзеянняў быў увасоблены ў жыццё ў той паслядоўнасці, якая там прадугледжана», — сказаў ён.
Украіна будзе расцэньваць прыняцце Дзярждумай звароту да прэзідэнта з заклікам прызнаць Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі (ДНР і ЛНР) як выхад Масквы з мінскіх пагадненняў, заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба. Украіна давяла гэтую пазіцыю сваім партнёрам, падкрэсліў ён.