Валютная выручка Беларусі знізілася на чвэрць, імпарт — на траціну
У студзені—лютым 2015 года валютная выручка Беларусі склала 4,85 млрд. долараў і зменшылася на чвэрць у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Аб'ём валютнай выручкі сёлета скараціўся да мінімальнага з 2011 года ўзроўню, сведчаць звесткі Нацбанка.
Зніжэнне валютнай выручкі ў першыя месяцы гэтага года абумоўленае скарачэннем аб'ёму таварнага экспарту. Валютныя паступленні Беларусі ад экспарту тавараў у студзені—лютым
склалі 3,76 млрд. долараў і скараціліся амаль на 1,5 млрд. долараў у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года.
Негатыўная дынаміка звязаная ў першую чаргу са скарачэннем беларускага экспарту ў Расію. Так, за студзень—люты гэтага года валютныя паступленні Беларусі ад экспарту тавараў і паслуг у РФ
знізіліся на 918,6 млн. долараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага.
Адначасова са скарачэннем экспарту ў першыя месяцы 2015 года зафіксаванае падзенне аб'ёмаў імпарту ў краіну. Аплата Беларуссю імпарту за студзень—люты склала 4 млрд. 312,6
млн. долараў — гэта на 33,3% менш за аналагічны леташні паказчык. У тым ліку аплата імпарту тавараў скарацілася на 34,7%, аплата імпарту паслуг — на
24,7%.
Як адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН эканаміст Кацярына Барнукова, да зніжэння імпарту прывялі такія фактары, як абмежаванне аб'ёмаў фінансавання прадпрыемстваў,
зніжэнне прамысловай вытворчасці і даходаў насельніцтва. "Плюс да гэтага падзенню імпарту садзейнічаюць адміністрацыйныя меры, што прымаюцца ў апошнія месяцы",
— дадала яна.
Што да скарачэння беларускага экспарту ў пачатку года, то эксперты тлумачаць гэта працэсамі ў расійскай эканоміцы.
"Зніжэнне звязанае, па-першае, са сцісканнем самога расійскага рынку з прычыны эканамічнага спаду ў Расіі. Акрамя таго, вобразна кажучы, зменшылася яшчэ і доля
нашага "пірага" на расійскім рынку", — адзначае эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый
Крук.
Пасля амаль двухразовай дэвальвацыі ў Расіі, што адбылася ў 2014 годзе, канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў на расійскім рынку прыкметна знізілася, і гэта ў тым ліку абумовіла падзенне айчыннага
экспарту ў Расію, адзначыў эксперт.
Як вядома, летась на фоне зніжэння сусветных цэн на нафту і ўвядзення заходніх санкцый у дачыненні да Расіі курс долара да расійскага рубля значна вырас. Калі ў пачатку 2014 года долар у
Расіі каштаваў прыкладна 32 расійскія рублі, то ў пачатку гэтага — больш за 56.
Следам за падзеямі ў Расіі Беларусь у снежні 2014-га — пачатку 2015 года пайшла на дэвальвацыю нацыянальнай валюты, курс долара ў краін вырас прыкладна на 40%.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН