За люты беспрацоўных у Беларусі стала на 5,2 тысячы больш

Непрацаўладкаванымі па выніках лютага застаюцца 35,9 тысячы беларусаў. У параўнанні з студзенем колькасць беспрацоўных павялічылася на 17,1%, або на 5,2 тысячы чалавек, адзначае Белстат.



bezrab1.jpg

У лютым арганізацыі Беларусі прынялі на працу на 3.600 супрацоўнікаў менш, чым звольнілі: месца працы пазбавіліся 53,2 тысячы чалавек, а працаўладкаваліся — 49,6 тысячы чалавек. Пры гэтым за прагулы і іншыя парушэнні працоўнай дысцыпліны былі звольненыя 3.511 чалавек, а з-за скарачэння колькасці або штата, а таксама ліквідацыі арганізацый страцілі свае месцы 425 чалавек.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя па выніках лютага дасягнуў адзнакі ў 0,8% да эканамічна актыўнага насельніцтва.

Больш за ўсё звольнілі ў мінулым месяцы спецыялістаў у звыкла “рыбных” сферах — будаўніцтве, прамысловасці і фінансавай дзейнасці. Затое ў адукацыі, ахове здароўя і сельскай гаспадарцы назіралася супрацьлеглая сітуацыя — колькасць прынятых работнікаў перавысіла колькасць звольненых, паведамляе “Беларускі партызан”.