«Вычарпаныя не ўсе рэзервы»: міністр фінансаў — пра эканоміку Беларусі ў 2020-м

Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў апублікаваў у ведамасным часопісе «Финансы. Учёт. Аудит» праграмны артыкул пра сітуацыю ў беларускай эканоміцы. Нават на афіцыйным узроўні цяпер прызнаюць, што становішча спраў не проста далёка не радаснае, але нават дрэннае. «Еўрарадыё» сабрала галоўнае з артыкула Селіверстава.

hroszy__kapejki__horad_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1.jpg

Бюджэт прыкметна недаатрымлівае

У 2020 годзе, піша Селіверстаў, рэспубліканскі бюджэт у рэальным выражэнні атрымаў амаль на 600 мільёнаў рублёў менш, чым годам раней. Дзе ўлады недабралі больш за ўсё? Міністр фінансаў пералічвае некалькі пунктаў:
— дывідэндамі недабралі 1,2 мільярда рублёў;
— падатку на прыбытак сабралі на 1 мільярд менш за план;
— вывазных пошлін на нафту і нафтапрадукты атрымалі на 737,5 мільёна рублёў менш, чым разлічвалі.
У той жа час ёсць пункты, даходы па якіх выраслі і дазволілі бюджэту не ўпасці так глыбока, як ён мог бы:
— ПДВ прынёс на 249 мільёнаў рублёў больш за запланаваны;
— акцызамі сабралі на 318 мільёнаў;
— вывазныя пошліны на калійныя ўгнаенні перавысілі разліковыя на 429 мільёнаў.

Расходы скарачаюцца

Урад быў вымушаны перафарматаваць расходы бюджэту. Увогуле расходы скараціліся на 1,6 мільярда рублёў. Акрамя таго, на 712 мільёнаў рублёў улады ўрэзалі расходы, якія павінны былі фінансавацца за кошт знешніх пазык.
«Адначасова ў мэтах падтрымкі асобных галін і эканомікі ў цэлым спатрэбіліся і дадатковыя расходы», — адзначае Селіверстаў.
Не абышлі складанасці і банкаўскую сферу. Напрыклад, на рэкапіталізацыю «Беларусбанка» пайшоў мільярд рублёў. Да 2028-га працягнулі тэрміны вяртання субардынаваных крэдытаў (тых, якія нельга запатрабаваць пагасіць загадзя) для «Белаграпрамбанка» і «Белінвестбанка». Гэта значыць, падтрымка спатрэбілася тром найбуйнейшым сістэмаўтваральным банкам — гэта вельмі яркі факт пра сітуацыю ў сферы.


Гарантыі на паўтара мільярда

Урад у 2020-м таксама аказаў падтрымку прадпрыемствам рэальнага сектару. Напрыклад, былі дадзены гарантыі па крэдытах амаль на 1,2 мільярда рублёў. Для мясцовых органаў улады ўрад даў гарантыі на 313,5 мільёна рублёў. «Акрамя таго, у мэтах рэструктурызацыі запазычанасці камбінатаў хлебапрадуктаў (на суму раней выкананых гарантый урада і мясцовых органаў улады) быў павялічаны статутны фонд Агенцтва па кіраванні актывамі на 1,8 мільярда рублёў», — дадае міністр.

Цяжкі доўг

Селіверстаў прызнае, што рашэнні ўрада «мелі і пэўныя выдаткі». Напрыклад, давялося павялічваць дзяржаўныя запазычанні. Праз гэта працягнуў расці дзяржаўны доўг — нягледзячы на тое, што ў 2020 годзе Беларусь спраўна плаціла па рахунках.
Міністр прызнае гэта. Нягледзячы на задачу скарачаць дзяржаўны доўг, ён усё роўна вырас. Адначасова змянілася яго структура і пашырыліся формы запазычанняў. За апошнюю пяцігодку ўлады прыцягнулі 11,5 мільярда долараў і мільярд рублёў нязвязаных запазычанняў, а таксама 5,5 мільярда долараў для інвестыцыйных і інфраструктурных праектаў. Па сутнасці, даўгі растуць па ўсіх напрамках.

Шукаць грошы за кошт «аптымізацыі» бюджэтнікаў

«Відавочна, што шукаць рэсурсы давядзецца ў тым ліку і за кошт унутрыгаліновай аптымізацыі, — піша міністр фінансаў. — Як вынік вымушанага працэсу, новае аблічча набудзе ўся сістэма бюджэтных арганізацый. Бюджэтнаму сектару давядзецца адыходзіць ад статычнага стану, рэфармуючыся паралельна змене эканамічнай сітуацыі».
Селіверстаў анансуе перагляд штатаў бюджэтных арганізацый — фактычна гаворка можа ісці пра скарачэнні.
Каб павялічваць даходную частку бюджэту, улады плануюць знаходзіць дадатковыя крыніцы. Паводле слоў Селіверстава, «вычарпаныя не ўсе рэзервы».
«Сёння існуе значная колькасць розных рэжымаў падаткаабкладання, уклад якіх не цалкам адэкватны той дзейнасці, якой яны займаюцца», — піша Селіверстаў, як бы намякаючы на тое, што павышэнне падаткаў, якое ўжо закранула ПВТ і аптэчныя сеткі, чакае і іншых плацельшчыкаў. Напрыклад, індывідуальных прадпрымальнікаў.
Ну і, нарэшце, міністр задаецца цікавым пытаннем: чаму ж у Беларусі так і не запрацавалі інвестыцыйныя фонды. Селіверстаў лічыць, што трэба шукаць «вузкія месцы». Пра відавочныя прычыны гэтага (ціск на бізнес, зніжэнне крэдытных рэйтынгаў, палітычную «таксічнасць» Беларусі) чыноўнік чамусьці не ўзгадвае.