Выплаты па беспрацоўі абяцаюць падняць, але пакуль яны змяншаюцца

FINANCE.TUT.BY паглядзеў, як выплаты афіцыйным беспрацоўным адрозніваюцца па рэгіёнах.

intex-press.by

intex-press.by

Сярэдняя дапамога па беспрацоўі ў Беларусі складае каля 27 рублёў. «Гэта досыць маленькая велічыня», — заявіла ў студзені міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. У гэтай сітуацыі ў Беларусі «будуць працаваць над удасканаленнем дапамогі па беспрацоўі». Раней у Мінпрацы не толькі звярталі ўвагу на нізкі памер гэтых выплат, але і анансавалі магчымыя змены — увесці страхоўку. Але з навінамі для беспрацоўных не склалася, дапамога па-ранейшаму невысокая. У снежні сярэднія выплаты беспрацоўным ўпалі ў большасці рэгіёнаў.
Вышэй за ўсё ў снежні сярэдняя дапамога па беспрацоўі была ў Брэсцкай вобласці — 29,1 рубля. Гэта адна з двух абласцей, дзе сярэднія выплаты беспрацоўных выраслі. Другі рэгіён — Гродзенская вобласць.У астатніх рэгіёнах памер сярэдняй дапамогі скараціўся. Да прыкладу, у Мінскай вобласці — з 29,3 рубля ў лістападзе да 24,9 рубля ў снежні, а ў Мінску — з 26,37 да 23,93 рубля адпаведна. Да прыкладу, беспрацоўны мінчанін на сярэднюю выплату па беспрацоўі можа купіць 40 талонаў на паездкі на наземным транспарце.
У Беларусі максімальны памер дапамогі па беспрацоўі не можа перавышаць дзве базавыя велічыні (51 рубель з 1 студзеня гэтага года).
Нагадаем, у 2017 годзе ў Беларусі запусцілі петыцыю за павелічэнне памеру дапамогі па беспрацоўі і павелічэнне тэрмінаў яго выплат. «Беларусь, абвяшчаючы сябе сацыяльнай дзяржавай, не можа забяспечыць нават самы мінімальны ўзровень сацыяльнага забеспячэння для грамадзян, якія трапілі ў цяжкае становішча ў сувязі са стратай працы», — адзначалі аўтары петыцыі.
Яны прапаноўвалі сярод іншага павысіць мінімальны памер дапамогі па беспрацоўі да мінімальнага спажывецкага бюджэту на душу насельніцтва за кошт сродкаў дзяржбюджэту. Максімальную планку прапаноўвалі ўсталёўваць у працэнтных адносінах да сярэдняга заробку, вылічэнні за тры апошнія месяцы па апошнім месцы працы (але не ніжэй за 50% страчанага заробку).