Здавалася б, пры чым тут калгасы?
Скажыце, калі ў нас было ўсё добра з сельскай гаспадаркай? Напэўна, больш за сто гадоў таму, калі сялянам ніхто не ўказваў, калі саджаць, а калі ўбіраць. А потым — то харчразвёрстка, то калгасы, то «планавы сацыялізм» і студэнты на пашы замест калгаснікаў… І ніякія загады ўсё не могуць падняць тую гаспадарку.
Лукашэнка шмат разоў гэтым летам казаў пра «голад», які настане з-за вайны з Украінай. І ўсяляк імкнуўся настрапаліць нашых калгаснікаў на добрую працу. Тым больш што, падавалася б, усё для гэтага ёсць: беларускія ўгнаенні пад санкцыямі, пад санкцыямі МАЗ і МТЗ, пад санкцыямі нафтаперапрацоўка. А калі гэтыя тавары ніхто ў нас не набывае, толькі і застаецца, што аддаваць іх калгасам. І грошы мы выдаткоўваем на кожную пасяўную і ўборачную проста шалёныя.
Але вось бяда: не жадаюць людзі працаваць! Аж да таго, што той жа Лукашэнка заявіў аб правале ў падрыхтоўцы да ўборачнай. Па яго словах, недахопы выяўленыя праверкамі КДК і пракуратуры ў кожнай чацвёртай гаспадарцы. Не гатовыя да працы камбайны, не працуюць элеватары, інфармацыя аб гатоўнасці тэхнікі сфальсіфікаваная.
«Фактычна кожны дзясяты камбайн не гатовы да працы. Няма механізатараў, кажуць. Як няма? Мы ж яшчэ восенню мінулага года дамовіліся. Не ўсюды працуюць элеватары і склады для захоўвання збожжа. Прычым такое высветлілася пры праверцы ў кожнай чацвёртай гаспадарцы. Прыпіскі па гатоўнасці тэхнікі і зернесушыльных комплексаў устаноўленыя на 40 сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Гэта не проста безадказнасць з боку мясцовай улады, гэта харчовая дыверсія. Менавіта так гэта будзе расцэньвацца», — сказаў ён.
«Дыверсанты», па словах Лукашэнкі, папрацавалі і пры нарыхтоўцы кармоў. Парушэнні тэхналагічных рэгламентаў выяўленыя практычна ў кожнай другой з правераных гаспадарак. У 277 сельгасарганізацыях па ўсіх рэгіёнах краіны тэмпы ўборкі траў стрымліваюцца з-за няспраўнай тэхнікі. Факты нізкай гатоўнасці ўстаноўлены ў 130 гаспадарках.
Сёлета міліцыя ўжо склала каля 700 пратаколаў аб правапарушэннях падчас уборачнай, у тым ліку больш за 100 за п'янства.
У выніку Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў даць яму хлеба нават коштам уласнага жыцця: «Памрыце, але пакладзіце на стол тое, пра што мы дамовіліся». Персанальная адказнасць ускладзеныя на прэм'ер-міністра, кіраўніка МСГХ і старшыняў аблвыканкамаў.
Што цікава: у той час, як адны павінны «памерці, але пакласці», іншыя проста не ведаюць, куды падзець ужо вырашчаную прадукцыю. Тыдзень таму альшанскія фермеры проста выкідалі добрую белакачанную капусту, бо дзяржава яе прымала ўсяго па 5 капеек за кілаграм. Па такім кошце, казалі яны, прасцей нават не ўбіраць капусту з палёў, а пераараць яе.
Пры гэтым цэны ў крамах на маладую беларускую капусту былі ад 90 капеек да 1,5 рублёў за кілаграм.
Між тым і сам Лукашэнка ведае, хто будзе «палачкай-выручалачкай» для беларускай сельскай гаспадаркі. «На прыватных падворках 65 тысяч гектараў засеяна збожжавымі культурамі. А гэта каля 200 тысяч тон збожжа ў агульнарэспубліканскі каравай. У першую чаргу дапамагчы пажылым і адзінокім, якім больш няма на каго спадзявацца. Камбінатам хлебапрадуктаў варта пры неабходнасці зрабіць закупку лішкаў збожжа ў сялянскіх, фермерскіх гаспадарках і разлічыцца своечасова», — заявіў ён.
Такім чынам, фактам пацверджана і ўскосна прызнана: прыватныя падворкі і фермеры працуюць значна больш эфектыўна за «планавую» беларускую сельскую гаспадарку. У той час, як калгасы даводзіцца ўсяляк «пінаць», людзі, якія зацікаўленыя ў выніках сваёй працы, робяць значна больш і лепш.
Дык ці не распусціць нам калгасы ўвогуле? Даць больш зямлі фермерам (яны пра гэта ўжо даўно просяць), вызначыць мінімальную дзяржаўную замову — і хай людзі працуюць сабе ў задавальненне? Падавалася б, вельмі простае і эфектыўнае рашэнне харчовай праблемы.
Аднак – не. З кім тады Лукашэнка будзе праводзіць селектарныя нарады? Куды падзенуцца ўсе старшыні калгасаў з іх ідэалагічнымі аддзеламі? Усе гэтыя «Зажынкі» і «Дажынкі», — навошта яны фермеру? Чым будзе займацца КДК і міліцыя, якія цяпер «шарсцяць» па калгасах і саўгасах?
Так, мы цалкам можам атрымаць у кароткі тэрмін эфектыўную сельскую гаспадарку. Але гэтая гаспадарка, па-першае, будзе без усялякай ідэалагічнай напампаванасці, што, безумоўна, «не ў жылу» нашым кіраўнікам, а па-другое — скароціць ВУП краіны на аплату працы ідэолагаў, міліцыянтаў і КДК…
Канешне, гэты «скарот ВУП» можна накіраваць на больш цікавыя патрэбы. Вось, напрыклад, Дзяржпамежкамітэт паведаміў, што работы па рэканструкцыі інфраструктуры ў пункце пропуску «Беняконі» на беларуска-літоўскай мяжы падоўжаныя да 1 верасня. Планавана яны павінны былі скончыцца 1 жніўня, але… Раней грошы на абнаўленне памежных пераходаў давалі Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і іншыя «варожыя» цяпер нам структуры. Сёння, самі ведаеце з-за чаго, гэтых грошай нам не даюць. А «сваімі сіламі», аказваецца, не вельмі і атрымліваецца.
Не дзіўна, што ўлады вырашылі павялічыць дзяржаўную інвестыцыйную праграму больш чым на 50% — на 357 млн рублёў, з 695 млн рублёў да 1,052 млрд рублёў. Як гаворыцца ў каментары да ўказа, дадатковыя сродкі будуць вылучаныя на будаўніцтва рэспубліканскіх дарог і мастоў, працяг будаўніцтва аб'ектаў, фінансаванне якіх прыпынена міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, узвядзенне станцый абезжалезвання вады, праектаванне і будаўніцтва арэнднага жылля для вайскоўцаў і дзяржаўных служачых.
З гэтага каментара і выдаткаваных сродкаў мы бачым, колькі магчымасцяў мы страцілі з-за разрыву адносін з цывілізаваным светам. І ніякай Расіяй гэта не замяніць — найперш таму, што гэта не патрэбна Расіі.
Лукашэнка напрыканцы тыдня паабяцаў губернатару расійскага Пермскага краю Дзмітрыю Махоніну зрабіць для расійцаў усё, нават немагчымае. Ён хваліўся імпартазамяшчэннем, машынабудаваннем, сельскай гаспадаркай (якую сам жа разнёс напярэдадні). Што адказаў Махонін на гэтыя прапановы?
«Сумесны гандаль — гэта добра, але прамысловая кааперацыя — гэта тая аснова, на якую мы павінны абапірацца... Я наогул лічу, што самае эфектыўнае — калі бізнес працуе наўпрост, а наша задача — ім як мінімум не перашкаджаць, а дзесьці, калі трэба, падказаць, дапамагчы», — заявіў пермскі губернатар.
З аднаго боку, Лукашэнку далі зразумець, што бізнес — больш эфектыўны за «дзяржаўныя дасягненні». А з іншага губернатар паказаў яму «звярыны аскал капіталізму», адразу пазначыўшы мэту — «прамысловая кааперацыя». Цікава, якую прамысловасць нацэліўся «адціснуць» расійскі прадстаўнік?