Беларусь: крызіс як спосаб існавання

Эканоміка Беларусі ўпадае ў чарговую стагнацыю. Што не дзіўна, бо пасля апошняга крызісу 2014 года ў нас толькі адно дасягненне — дэнамінацыя. У астатнім усё засталося як было, а «было» не вельмі добра.

Кадр з фільма The Walking Dead

Кадр з фільма The Walking Dead


Пра стагнацыю пачалі казаць пасля прамовы прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса, які канстатаваў запаволенне тэмпаў росту нацыянальнай эканомікі да 1% па выніках студзеня-верасня 2019 года. «Учора атрыманыя папярэднія вынікі працы эканомікі за 9 месяцаў — рост працягвае запавольвацца — папярэдне 101% па выніках студзеня-верасня. І гэта нягледзячы на дзяржаўную падтрымку і запэўніванні кіраўнікоў міністэрстваў, што зацверджаныя планы будуць выкананыя», — заявіў Румас на пасяджэнні прэзідыума Саўміна ў аўторак у Мінску.

Прэм’ер таксама падкрэсліў, што «сітуацыя з экспартам па выніках студзеня — жніўня 2019 года няпростая і не можа задавальняць». Па яго словах, за 9 месяцаў экспарт тавараў у параўнанні з мінулым годам знізіўся на 3,1%, у сувязі з гэтым у прэм’ера «шмат пытанняў да міністраў, губернатараў, сур’ёзна недапрацоўвае Міністэрства замежных спраў і кіраўнікі замежных прадстаўніцтваў», — лічыць Румас.

Ён таксама падкрэсліў зніжэнне ўзроўню дыверсіфікацыі экспарту: «Не ўдаецца размеркаваць пароўну экспартныя пастаўкі паміж ЕАЭС, ЕС і іншымі краінамі. Павялічылася доля ЕАЭС, асела доля Еўрапейскага саюза. Тут вялікі ўплыў аказала нафта, асабліва ў частцы еўрапейскага рынку, аднак гэта не адзіная прычына».

«Калі няма вытворчасці, як можа расці экспарт? Гэта ж узаемазвязаныя пытанні. Кіраўнікі павінны несці адказнасць за свае словы і абавязацельствы», — падкрэсліў Румас .

Складваецца ўражанне, што наш прэм’ер вырашыў апярэдзіць кіраўніка дзяржавы з аналагічным разносам. Прычым, як і яго кіраўнік, Румас знаходзіць вінаватых там, дзе трэба і дзе не трэба. Па яго словах, «няма вытворчасці», і ў той жа час ён наракае на Міністэрства замежных спраў, што тыя «недапрацоўваюць па экспарце». Па-першае, калі «няма вытворчасці», то і МЗСу прадаваць няма чаго, а па-другое, займацца гандлем — зусім не справа знешнепалітычнага ведамства. У яго і сваіх праблемаў хапае, кшталту не падпісанага пакуль візавага пагаднення з ЕС і пагрозы страты Мінска як перамоўнай пляцоўкі па сітуацыі ва Украіне.

У любым выпадку, заклінаннямі і разносамі справе не дапаможаш. Дапамагло б разняволенне дзелавой ініцыятывы, але дзе ж яе возьмеш без згоды «на самым версе»?

Варта пры гэтым нагадаць, што праблемы росту беларускай эканомікі ў нас хранічныя. У 2018 годзе ВУП Беларусі павялічыўся на 3% (пры прагнозе 3,5%), у 2017 годзе ВУП вырас на 2,4%. Урад краіны ў мэтавым макрапрагнозе на 2019 год разлічваў на рост ВУП на ўзроўні 4%. Але ўсе казалі, што гэта занадта аптымістычна і… занадта мала. Бо, пасля шэрагу крызісаў 2011–2014 гадоў наш ВУП «прасеў» працэнтаў на 40. А таму, для аднаўлення хаця б страчаных пазіцый, трэба было мець па 10% росту ВУП на год.

Але ж мы багатыя для Еўразійскіх гульняў! Той жа самы Румас замест эканомікі займаўся Еўрагульнямі. Прынамсі, «на яго пастаянным кантролі», як казаў ён 6 лютага, знаходзіліся «гэтыя важныя для нас спаборніцтвы». А калі прэм’еру важныя спартовыя спаборніцтвы — дык чаго чакаць ад эканомікі?

Між тым, далей будзе горш. Міжнародны валютны фонд, які зазвычай больш цвяроза, чым урад, ацэньвае нашу сітуацыю, рэзка пагоршыў прагноз па росце эканомікі Беларусі ў 2020 годзе. Прычым «рэзка» — мяккае слова, больш пасуе «катастрафічна». Бо раней рост ВУП на наступны год МВФ планаваў на ўзроўні 2,2%, а зараз — 0,3%!

У студзені гэтага года Міжнародны валютны фонд таксама падкрэсліваў, што ў сярэднетэрміновай перспектыве тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі могуць быць істотна ніжэй за 2% у выпадку адсутнасці кампенсацыі стратаў у выніку рэалізацыі падатковага манеўру ў Расіі. Адсутнасць такой кампенсацыі эксперты МВФ лічаць асноўнай рызыкай для беларускай эканомікі ў цяперашні час. У прынцыпе, пакуль эксперты гэтай фінансавай арганізацыі маюць рацыю.

Таксама МВФ удакладніў прагноз па інфляцыі ў Беларусі. Паводле ацэнкі фонду, у 2019 годзе інфляцыя складзе 5,4% (раней чакалася 5%), у 2020 годзе — 4,8%.

Акрамя таго, мы паступова ўваходзім у яшчэ адну пастку для эканомікі. Мала таго, што ў нас «няма вытворчасці» — дык хутка і вытвараць не будзе каму. Беларусь апынулася на парозе сур’ёзнага дэмаграфічнага крызісу.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у Беларусі ў 2018 годзе нарадзілася 94,042 тысячы чалавек, што з’яўляецца мінімальным паказчыкам за апошнія 13 гадоў. У бягучым годзе, на жаль, чакаецца чарговае абнаўленне антырэкорду: паводле Белстата, колькасць народжаных у першым паўгоддзі 2019 года зменшылася ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года на 4,171 тысячы чалавек, або на 8,9%. У выпадку, калі ў бягучым годзе ў Беларусі народзіцца менш 88,5 тысячы чалавек, то будзе абноўлены мінімальны паказчык нараджальнасці аж з 1950 года!

Калі такая хуткасць падзення нараджальнасці захаваецца, то ўжо літаральна праз 11 гадоў колькасць народжаных будзе ніжэй за колькасць памерлых!

Як паведамляюць з гэтай нагоды некаторыя СМІ, падзенне нараджальнасці адбываецца «на фоне дэградацыі традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і негатыўных з’яваў у сацыяльнай і эканамічнай сферы».

Пра «традыцыйныя сямейныя каштоўнасці» мы, бадай, прамаўчым, і не будзем згадваць «міс Беларусь» Марыю Васілевіч, якая неаднойчы была заўважаная ў кампаніі афіцыйна жанатага мужчыны з вусамі. А вось што да сацыяльна-эканамічнага складніку — тое сапраўды так. Мы пісалі, што паўмільёна беларусаў жывуць за рысай беднасці, а больш за 4 мільёны — выжываюць ад заробку да заробку. Якія ўжо тут дзеці?

І пакуль выйсця з гэтай сітуацыі не бачна, бо жывем мы — не па сродках. Нам чарговым разам паказаў гэта Кільскі інстытут сусветнай эканомікі. Паводле яго дадзеных, Беларусь апынулася ў трыццатцы галоўных даўжнікоў Кітая разам з паловай Афрыкі і Чарнагорыяй. Доўг нашай краіны перад Кітаем складае больш за 10% ВУП.

А ёсць яшчэ і Расія. Так што, наперадзе — дэфолт?