«Ствараецца ілюзія захавання міжнародных стандартаў». Брусель занепакоены сітуацыяй у Беларусі

Брусель занепакоены зместам справаздачы спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын. 

sciahibm_2.jpg

 

Пра гэта, паводле інфармацыі TUT.BY, заявіў афіцыйны прадстаўнік Еўрасаюза 17 кастрычніка ў Нью-Ёрку на пасяджэнні Камітэта па сацыяльных, гуманітарных і культурных пытаннях у рамках 74-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

На пасяджэнні Анаіс Марын прадставіла справаздачу аб сітуацыі ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў. Яе выступ і абмеркаванне дакладу трансляваліся на сайце вэб-тэлебачання Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Прадстаўнік Еўрасаюза заявіў, што змест гэтага дакумента «выклікае непакой, асабліва прымаючы пад увагу, што ўжо шосты год запар спецдакладчык сутыкаецца з адсутнасцю супрацоўніцтва з боку Беларусі». «Мы падтрымліваем мандат спецыяльнага дакладчыка і заклікаем урад Беларусі супрацоўнічаць з ім», — заявіў ён.

Па словах прадстаўніка Бруселя, ЕС занепакоены зробленымі ў дакладзе высновамі, згодна з якімі ў Беларусі «не дасягнуты неабходны прагрэс у правядзенні рэформаў і працягваецца абмежаванне асноўных свабодаў». «Ацэнка спецдакладчыка напярэдадні парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны прайсці у 2019 і 2020 гадах, паказвае на тое, што магчыма пагаршэнне сітуацыі ў сферы выканання правоў чалавека. Гэта таксама выклікае непакой», — сказаў ён.

«У дакладзе гаворыцца, што ствараецца толькі ілюзія захавання міжнародных стандартаў, застаюцца неспрыяльнымі ўмовы для выражэння апазіцыйных пунктаў гледжання, што з'яўляецца парушэннем палітычных правоў чалавека, а таксама перашкаджае рэалізацыі свабоды на мірныя сходы і асацыяцыі, якія сутыкаюцца з абмежаваннямі, — адзначыў спікер ад ЕС. — Мы заклікаем урад Беларусі забяспечыць поўнае выкананне правоў чалавека і асноўных свабодаў да, падчас і пасля выбарчага цыклу, а таксама стварыць спрыяльныя ўмовы для таго, каб людзі маглі прымаць удзел у дзяржаўнай дзейнасці».

«Неабходна прытрымлівацца прынцыпаў вяршэнства права і правоў чалавека, — падкрэсліў прадстаўнік Еўрасаюза. — Гэта мае ключавое значэнне для фарміравання эфектыўнай палітыкі. ЕС выкарыстоўвае ўсе магчымыя дыпламатычныя інструменты з тым, каб нагадаць Беларусі пра абавязальніцтвы ў сферы абароны правоў чалавека».

Аналагічную пазіцыю на пасяджэнні прадэманстравалі прадстаўнікі Польшчы, Чэхіі, Германіі, Літвы.

Прадстаўнік Нарвегіі заклікаў Беларусь адмяніць смяротнае пакаранне незалежна ад грамадскай думкі, а Вялікабрытаніі — хоць бы ўвесці мараторый у якасці першага кроку да адмены гэтай меры пакарання.

Спікер ад ЗША выказала занепакоенасць тым, што ў Беларусі «не прымаецца дастаткова намаганняў, каб спыніць практыку абмежавання правоў чалавека, асабліва свабоды мірных сходаў і свабоды слова». Ад імя сваёй краіны яна заклікала беларускі ўрад палегчыць працэдуру рэгістрацыі структур грамадзянскай супольнасці, у тым ліку — няўрадавых праваабарончых арганізацый, «каб яны маглі мець магчымасць весці адкрыты канструктыўны дыялог».

«Заклікаем урад Беларусі прадэманстраваць прагрэс у позве па правах чалавека напярэдадні выбараў. Спадзяемся на паляпшэнне нашых двухбаковых стасункаў», — заявіла амерыканскі дыпламат.

Як раней паведамляў БелаПАН, намеснік пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Ірына Вялічка назвала даклад Анаіс Марын «фантастычнай літаратурай». Яна заявіла, што «рэзалюцыя аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі і створаны ёю мандат спецыяльнага дакладчыка — вынік недальнабачных палітычных амбіцый і прыклад злоўжывання працэдурамі Савета па правах чалавека». Гэтыя інструменты «не служаць мэты заахвочвання і абароны правоў чалавека», падкрэсліла прадстаўнік афіцыйнага Мінска.

spring96.org