Зноў шок без тэрапіі
Беларусь краіна бедная, у якой жывуць бедныя людзі. Бедныя міністры, бедныя (вось жах!) банкіры, бедныя настаўнікі, бедныя прыбіральшчыкі.
Было ж такое, калі галоўная банкірша краіны публічна прызнавалася, што ад крызісу бароніцца скарачэннем персанальнага спажывання. Маўляў, хацела вясной купіць новыя басаножкі, але нічога страшнага, перахаджу лета у старых.
Калі грошай няма, іх з калена не выламаеш. І сёлета, як і тры гады таму, пасля выбараў, усе вытворчыя і эканамічныя паказчыкі раптоўна пагоршыліся. Прыкаладам, ВУП усталяваўся на адметцы ў 98,4%. Прамысловасць два месяцы выконвае вытворчае заданне на 94,5% , сельская гаспадарка — на 96%, капіталаукладанні — 81,3%.
Значыць, скараціўся памер імпарту фактараў вытворчасці, павялічыліся прастоі будаўнікоў і мантажнікаў.
Ніхто не здзіўляецца, лёгкая прамысловасць не паддаеца ні шматлікім рэарганізацыям, ні мадэрнізацыі, ні рэгулярным і шматлікім ужо “пасадкам” фабрычных менеджараў, а толькі ўсё больш затаварваецца.
Яшчэ год таму здавалася, што далей няма куды, бо затаваранасць швейнікаў і тэкстыльшчыкаў дасягнула 173,1% сярэднемесячнага аб’ёма вытворчасці. Аказалася ёсць!
Найгоршая сітуацыя ў машынабудаванні. З пачатку года складаскія запасы машын і абсталявання павялічыліся да 240% сярэднемесячных памераў вытворчасці. Па сутнасці, на склады трапіла амаль уся вырабленая прадукцыя. Пры гэтым значна скараціліся памеры вытворчасці.
Зразумела, калі гатовая прадукцыя не трапіла на рэалізацыю, не была аплачана спажыўцом, то ў прадпрыемстваў няма абаротных сродкаў, каб забяспечываць выкананне вытворчых праграм. Гэта дрэнна. Таму і прадпрыемствы, і ўрад, і сам Лукашэнка спрабуюць дзе пазычыць, у каго адабраць, каму аказаць паслугу, не складаную, але добра аплачваемую.
Атрымліваецца не вельмі, бо створаная у Беларусі эканоміка, па-першае, не мае іманентных стымулаў для самаразвіцця, па-другое, рухаецца выключна пад пугай (як калісьці калгасны мерын), па-трэцее, здольная да асваення любой колькасці рэсурсаў, якія б не выдзяляліся ёй. Бо відавочна, калі б у прадпрыемстваў меліся грошы, яны б рэзка павялічылі памеры вытворчасці, а аўтаматычна — складскія запасы.
А безграшоў’е для іх — гэта шок, гэта діскамфорт, гэта ломка, пасля якой пачынаецца лекаванне ад залежнасці. Менавіта Лукашэнка са сваімі падручнымі “моцнымі гаспадарнікамі” падсадзіў эканоміку на халяўныя грошы, якія прадпрыемствы не зараблялі і не імкнуліся зарабіць на экспарце.
На гэту праблему спачатку закрывалі вочы, пасля прызналі, што пэўныя цяжкасці ёсць, а пасля загаварылі аб генеральнай задачы. Спрабавалі яе вырашаць па-рознаму, у тым ліку і коштам абмежавання “некрытычнага імпарта”, і ўсталяваннем дыктатуры імпартазамяшчэння. Усё марна. Як казала тая банкірша, простаму беларусу долары не надта і патрэбныя.
Можна было б з ёй і пагадзіцца, але кожны абывацель добра разумее сэнс сацыяльнай рэкламы —- “ведайце свае грошы”. Бо “свае грошы” вельмі непаслядоўныя і вельмі падобныя да неабавязковага партнёра. Толькі што быў тут, а зараз няма. Хоць і праўду кажуць, што долар падае, але спрадвеку, і жыве. А вось гісторыя валюты незалежнай Беларусі на ўсім сваім шляху адзначана выкідамі нікому не патрэбных паперак з вялікай колькасцю нулёў.
Абывацель у масе сваёй не цікавіцца, якое сальда мае замежны гандаль, адкуль бяруцца долары ў абменніках, ён жыве чаканнем дзяржаўных прэферэнцый. Ці грашовага утрымання, ці пенсій, ці нейкіх іншых ільгот. Сказалі, што заробкі трэба падвышаць, хай плацяць. Да гэтага прывыклі.
Натуральная рынкавая эканоміка (прабачце за такое параўнанне) дзейнічае як складаная сістэма. Нават нязначны, на першы погляд, збой прыводзіць да разладу ўсёй сістэмы, таму для яе лячэння патрабуюцца адпаведныя метады. Патрэбна банкроства — будзе банкротства, беспрацоў’е — будзе бепрацоў’е, распродаж — дык распродаж.
У нас зусім не так. Ні банкроцтва, ні беспрацоў’я, а вось заробкі растуць. У студзені, калі амаль уся эканоміка працавала на склад, заробкі раслі. На 6% у рэальным памеры. Зноў спрабуюць тушыць пажар бензінам.