Жыхары вёскі супраць фермера. Пачаўся паўторны разгляд скаргі

Ленінскі суд Магілёва 7 мая пачаў разгляд скаргі жыхара вёскі Нядашава-2 Дзмітрыя Яўстратава на рашэнне Магілёўскага райвыканкама, які без грамадскага абмеркавання прыняў рашэнне аб перадачы ўчастка зямлі побач з вёскай фермерскай гаспадарцы "Пралесак".



pic46504.jpg

Юрый Коршунаў, дэпутат і арандатар

Нагадаем, справа ў Ленінскі суд вярнулася з Магілёўскага аблсуда, які 1 красавіка прызнаў неправамерным адмову раённай суддзі Галіны Тарасавай разглядаць яе. Пытанне тычыцца сенажаці паміж вёскай і ракой Шчацінка плошчай каля 13 га, які раней выкарыстоўваўся мясцовымі жыхарамі як паша, а затым як месца адпачынку. Зямля з 1991 года знаходзілася ў межах Нядашава-2. У лютым 2011 года без правядзення грамадскіх слуханняў раённыя ўлады перадалі сенажаць "Пралеску" з умовай захавання ранейшага прызначэння зямлі. Аднак арандатар — дэпутат Магілёўскага райсавета Юрый Коршунаў — адразу ж пасеяў на ёй кукурузу.
 

Як і першы раз, Дзмітрый Яўстратаў прасіў суд аб запрашэнні ў якасці сведак жыхароў вёскі, аднак суддзя Алена Дыбленка адмовілся задаволіць хадайніцтва. Выступаючы на судзе, заяўнік неаднаразова падкрэсліваў, што рашэнне аб перадачы зямлі фермеру было прынята Магілёўскім райвыканкамам негалосна, тайна, без правядзення грамадскіх абмеркаванняў з жыхарамі вёскі. Паводле слоў Яўстратава, Юрый Коршунаў, які ўжо два  гады высяваў кукурузу, пазбавіў вяскоўцаў выхаду да вадаёму, нягледзячы на тое, што населены пункт знаходзіцца ў водаахоўнай зоне. Апрача таго, зараз вёска з усіх бакоў апынулася акружанай ворыўнымі палямі, што значна знізіла яе прывабнасць як месца жыхарства і адпачынку, і зменшыла рыначны кошт мясцовай нерухомасці.
 

У справе ўтрымлівалася мноства зваротаў, у тым ліку калектыўных у розныя органы ўлады, з патрабаваннем адмяніць рашэнне раённых улад і правесці грамадскае абмеркаванне. Яўстратаў заклікаў прысутных на судзе чыноўнікаў кіравацца не толькі ўказам прэзідэнта, прымаючы рашэнне аб перадачы зямлі, але і палажэннямі Канстытуцыі і Зямельнага кодэкса, якія прадугледжваюць удзел грамадзян у абмеркаванні пытанняў, якія закранаюць іх інтарэсы.
 

У сваю чаргу прадстаўнік Магілёўскага райвыканкама Ігар Петрусенка зазначаў, што ў даным выпадку заканадаўствам не вызначаны парадак грамадскіх слуханняў. Іншыя прысутныя на судзе прадстаўнікі раённай і абласной улады сцвярджалі, што інтарэсы жыхароў Нядашава-2 ніяк не былі ўшчамлёныя, а ўказ прэзідэнта і Зямельны кодэкс маюць аднолькавую сілу.
 

Раней участак "быў захламлены драўнічнай", а цяпер выкарыстоўваецца па сельгаспрызначэнні, заяўляў у сваю чаргу Юрый Коршунаў. Ён таксама зазначаў, што нават па кукурузным полі людзі пратоптваюць сцежку да ракі, па якой ён нікому не забараняе хадзіць. Дэпутат сцвярджаў, што ў гэтым выпадку інтарэсы жыхароў ніякім чынам не закранутыя.
 

Адказчыкі і Юрый Коршунаў прасілі суд адмовіць заяўніку ў задавальненні скаргі. З іх меркаваннем пагадзілася і пракурор, якая прысутнічала на судзе.
 

Рашэнне па справе павінна быць аб'яўлена сёння.

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН