У Магілёве прэзентавалі Статут ВКЛ на польскай мове
У Музеі гісторыі Магілёва 13 мая адбылася прэзентацыя Статута ВКЛ 1588 года на польскай мове. Ён быў перададзены ў дар музею мецэнатам, пісьменнікам, кіраўніком Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" Валерыем Казаковым.
Нагадаем, у канцы красавіка Музей гісторыі Магілёва папоўніўся яшчэ адным асобнікам Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года. Кніга была выдадзена ў Вільні ў 1744 годзе на польскай мове.
Фаліянт стаў другім асобнікам Статута ВКЛ не толькі ў Магілёве, але і ва ўсёй Беларусі. Паводле слоў Казакова, за гэтую кнігу ранейшы ўладальнік, які жыве ў Расіі, запрасіў менш чым тысячу
долараў.
"Я не багаты чалавек. У мяне няма тых грошай, якія ёсць у людзей, якіх мы называем алігархамі. Я лічу, што алігархі прывядуць фашызм. Яны працуюць толькі на сябе і нічога не аддаюць
народу, за кошт якога яны жыруюць. У гэтым Статуце напісана, што багаты чалавек павінен дзяліцца сваім багаццем. Па-іншаму — немагчыма", — заявіў Казакоў журналістам.
Паводле яго слоў, багацце, асабліва ў Расіі, проста "звалілася" на людзей. "Я не знайду ніводнага багатага чалавека — іх наогул вельмі мала, якія свае грошы самі
зарабілі. Хтосьці сядзіць на нафце, на вугалі, на золаце, яшчэ на чымсьці, выцягваючы гэта з нетраў нашай маці-зямлі", — гаворыць мецэнат.
"Калі ты багаты чалавек з Беларусі — вязі ўсё сюды. Тут шмат чаго трэба адраджаць. Магілёў — адно з самых старажытных месцаў. Я лічу, што Магілёву больш за 1000 гадоў.
Але мы ж яго да 1958 года разбурылі ўвесь, не вайна разбурыла, а самі людзі разбурылі, узарвалі тое, што было. Вяртаць усё гэта трэба", — сказаў Казакоў.
На яго думку, да Дня беларускага пісьменства, які сёлета пройдзе у Быхаве, вельмі важна перавыдаць Баркалабаўскі летапіс. "Цяпер і Нацыянальная бібліятэка, і "Беларуская
Энцыклапедыя" працуюць над тым, каб выдаць кнігу, дзе будзе арыгінал тэксту і пераклад яго на беларускую мову, рускую мову і сабраны добры каментар па дакументах", —
паведаміў Казакоў.
Адзначым, што першы асобнік Статута ВКЛ 1588 года на беларускай мове быў набыты Музеем гісторыі Магілёва ў 2012 годзе на ахвяраванні грамадскасці і спонсараў у памеры 45 тыс. долараў. Прыватныя асобы перадалі 76 млн. рублёў. 10-працэнтны задатак у памеры 4 тыс. 500 долараў музею дапамог унесці прадпрымальнік з Магілёва Уладзімір Мардачоў. 100 тыс. расійскіх рублёў перавёў беларус з Расіі Павел Бераговіч. Кампанія "Альпары" ахвяравала 30 тыс. долараў, што і дазволіла заявіць аб заканчэнні збору неабходных для выкупу фаліянта сродкаў.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН