142 мільёны рублёў падаткаў за прадпрыемства, якое 10 гадоў не існуе

Грамадскі актывіст, былы каардынатар аргкамітэту па стварэнню партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Юрый Клімовіч са здзіўленнем даведаўся, што ён павінны дзяржаве 142 мільёны рублёў.



padatki.jpg

Выявілася, што падатковыя органы правялі праверку дзейнасці прадпрыемства, якое 10 гадоў таму заснаваў і ўзначальваў грамадскі актывіст, і знайшлі там хібы. На падставе нейкай раздрукоўкі дакументаў з банку за 2003 год падатковая прыйшла да высновы, што Юрый Клімовіч не даплаціў падаткі. Яму прад'явілі да аплаты 16 мільёнаў падаткаў, і налічылі 120 мільёнаў пені за гэтыя 10 гадоў, і яшчэ 6 мільёнаў дзяржаўнай пошліны. Такім чынам зараз грамадскі актывіст застаўся вінны 142 мільёны рублёў.

Юрый Клімовіч лічыць, што гэтыя прэтэнзіі вылучаны з-за яго актыўнай палітычнай дзейнасці, бо за дзесяць папярэдніх гадоў ніякіх прэтэнзій ні да яго, ні да прадпрыемства не было. Ён спрабаваў балатавацца ў дэпутаты мясцовых Саветаў у 2010 годзе, а потым быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. «Вось і пачалі нешта шукаць, здабываць на мяне потым, бюракратычная машына працавала паволі, пісалі запыты адзін аднаму, і паўтары гады таму мяне пачалі актыўна турбаваць», — адзначыў суразмоўца.

Па яго словах, нейкім чынам знікла частка дакументаў прадпрыемства, якое ён узначальваў да 2004 года. «А раз былі безнаяўныя пераводы грошай, і некуды зніклі паперы, дамовы і так далей, то гэта залічылі мне ў прыбытак, і налічылі падаткі. Калі б падатковая правяла праверку ну хай 10 гадоў таму, ці нават пяць — я мог бы лёгка аднавіць тыя паперы, узяць копіі ў партнёраў, а зараз канечне — дзе іх шукаць, мяне пазбавілі магчымасці абараніць сябе, абсалютна. Тры паседжанні эканамічнага суду праходзілі без майго ўдзелу. У судзе патлумачылі — мне, маўляў, дасылалі позвы, але на адрас, дзе я не жыву ўжо 14 гадоў! І гэта пры тым, што я нідзе не хаваўся, жыву па месцы рэгістрацыі, маю тэлефоны, зарэгістраваныя на маё імя», — звяртае ўвагу Юрый Клімовіч.

У пачатку 2000-х ён быў дырэктарам прыватнага вытворча-камерцыйнага унітарнага прадпрыемства «Бел-Ост». У 2004 годзе прадпрыемства спыніла сваю дзейнасць — супрацоўнікі былі звольненыя, як, зрэшты, і сам дырэктар. І вось зараз пачаліся праблемы.

22 верасня 2014 года эканамічны суд вынес рашэнне: спагнаць з Юрыя Клімовіча 136 мільёнаў рублёў на рахунак прыватнага вытворча-камерцыйнага унітарнага прадпрыемства «Бел-Ост» і 6 мільёнаў гэта дзяржаўнай пошліны. Ён не пагадзіўся з такім рашэннем, і падаў апеляцыю, якая была разгледжана 20 кастрычніка, але не прынесла плёну — была адхіленая.

Па словах актывіста, на пасяджэнні эканамічнага суда ў верасні ён даведаўся, што прэтэнзіі да яго ўжо вылучаны не падатковай, а яго ж прыватным прадпрыемствам «Бел-Ост», прадстаўніком якога на судзе выступаў нейкі грамадзянін Саенка, які нібыта прызнаў усё пазыкі фірмы «Бел-Ост». «Кім ён быў прызначаны, дадзены прадстаўнік, на якой падставе, якія яго паўнамоцтвы — мне на судзе ніхто не патлумачыў», — дадаў Юрый Клімовіч.

Пра свае далейшыя дзеянні ён будзе вырашаць пасля кансультацый з юрыстамі.


spring96.org