1937-ы і мінатаўр у кожным з нас

Самай чорнай ночы ХХ стагоддзя для беларускай культуры спаўняецца 80 гадоў. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га расстралялі нашу літаратуру, мастацтва і навуку: Зарэцкі, Дудар, Кляшторны… агулам пад паўтары сотні прозвішчаў.

theseus_and_the_minotaur_by_aka_maelstrom.jpg

Здаецца, сёння ўжо нікому не трэба тлумачыць, каго расстрэльвалі, за што, хто страляў. Каго? Прыстойных інтэлігентных людзей. За што? Бо любілі Беларусь. Хто? Каты з чырвонымі аколышкамі фуражак. Нібыта ўсё проста… Разам з тым, сэнс тых падзеяў з гадамі замульваецца, таксама як ужо замулялася значэнне і трагедыя Другой сусветнай, Халакосту і г.д.

Пры гэтым, мы кожны раз вяртаемся да тых падзеяў, пераварваем, перагаворваем, пракручваем унутры сябе і транслюем у публічную прастору — безумоўна, кожны са сваіх пазіцыяў. Чаму? Ці гэта зацягнутая рэфлексія? Ці крыніца натхнення — для адных у вобразе ахвяраў, для іншых — сярод катаў? Альбо мы наўпрост згубілі дзень сённяшні, таму і вяртаемся да траўмаў і падзеяў 80-гадовай даўніны?..

Сёння ў Курапатах стаяць крыжы і сосны, сягаючыя карэннем чарапоў з маленькімі адтулінамі ў патыліцы. Месца жалобы і памяці, беларуская галгофа… Але крыжы з соснамі, здаецца, не даюць адказу на галоўнае пытанне: чаму так сталася? Роўна як і бронзавыя жаўнеры ў пілотках на магілах чырвонаармейцаў ці сямісвечнікі на месцах яўрэйскіх расстрэлаў — яны больш не выклікаюць эмоцыяў у сучаснага чалавека.

Яшчэ напярэдадні супрацьстаяння і намётавага мястэчка ў Курапатах увесну гэтага года, падчас наведвання ўрочышча, у мяне ў галаве круціўся вобраз мінатаўра як ідэальнага помніка ў «крывавым лесе». Чаму мінатаўр? Бо гэта сімвал жывёлы, якая спіць у кожным чалавеку, якую ты заўсёды знойдзеш у лабірынтах сваёй свядомасці, але ніколі не заб’еш. Затое можаш выйсці, прайшоўшы лабірынт, скарыстаўшыся ніццю Арыядны — здаровым сэнсам.

brutto_prezentoval_klip_na_stihotvorenie_sergeya_zhadana_seredn_v_ki_14780098457171_t_720x360.jpg

Мінатаўр — гэта адказ на пытанне, чаму так сталася. Бо тыя, хто працаваў у кабінетах пад партрэтамі «Жалезнага Фелікса» альбо націскаў спускавы гачок наганаў, узяліся не з Месяца, але жылі ў Мінску: шпацыравалі з сем’ямі па праспекце Сталіна, куплялі мінеральную ваду ці піва роўна так жа, як і іх ахвяры. Гэта таксама людзі, але прызнаўшыя культ мінатаўра на дзяржаўным узроўні, адначасна вызваліўшы і жывёлу ўнутры сябе, якая ўжо не гуляла ў лабірынтах падсвядомасці, але выйшла вонкі.

Наконт супрацоўнікаў НКУС, якія працавалі ў тую, ды не толькі ў тую ноч, закатаўшы рукавы, існуюць розныя меркаванні: маньякі, садысты, нелюдзі, ды яшчэ і з рускімі прозвішчамі: гэта, маўляў, усё тлумачыць. Тлумачэнні, мякка кажучы, павярхоўныя… Ніякая сістэма не можа будавацца адно на людзях з псіхічнымі адхіленнямі, ды і нацыянальны склад катаў, здаецца, быў даволі стракатым.

Наогул, спецслужбы апрыёры не могуць быць «добрымі» ў сучасным гуманістычным сэнсе — гэта ўсё ж такі не клуб філатэлістаў ці збіральнікаў гербарыяў. Гэта людзі з вельмі спецыфічнай свядомасцю, якія маюць шмат у чым адмаўляць сабе ў жыцці, накладаючы змрочны адбітак працы і на сябе, і на сям’ю, і на выхаванне дзяцей. Людзі, якія маюць падазраваць усіх і кожнага, уключна са сваёй жонкай, якія жывуць з гэтым унутраным пеклам (паліткарэктна казаць — «прафдэфармацыя»), нават калі сыходзяць на пенсію.

Хочаце сказаць, што сучасныя афіцэры спецслужбаў ЗША альбо Ізраіля іншыя? Зусім не. Першыя за часы свайго існавання правялі безліч спецаперацыяў у той жа Паўднёвай Амерыцы, якія зусім не адпавядалі аніякім міжнародным стандартам і не ўпісваліся ў межы гуманнасці. Другія выкрадалі сваіх апанентаў з розных частак свету, каб дапытваць і судзіць, а сёння маюць наўпроставае права на знішчэнне асобаў, якіх палічылі тэрарыстамі-смяротнікамі і якія знаходзяцца ў горадзе, скажам, у рэжыме «ўключанай кнопкі».

Уявіце сабе на хвілінку, што БНР у 1918-м спраўдзілася як паўнавартасная дзяржава і праіснавала, прынамсі, да 1939–1941 года, як тыя ж краіны Балтыі. Думаеце, там не было б спецслужбаў? Былі б. Думаеце, яны не працавалі б жорстка? Працавалі б, бо пад бокам была Савецкая Расія, якая прагнула ствараць ачагі нестабільнасці, засылала агентаў і дыверсантаў, працавала з палітычнай апазіцыяй у рамках Камінтэрну і г.д. Так, усё было б вельмі падобна, адно што ў «амерыканцы» сядзелі б патэнцыйныя камуністы альбо сепаратысты прапольскага кірунку. Інакш маладая дзяржава наўпрост не мела б шансаў.

Спецслужбы маюць быць жорсткімі — метадалогія ва ўсіх аднолькавая. Тады ў чым розніца? Розніца адно ў тым, што метадалогія спецслужбаў — усяго толькі адной галіны дзяржапарату — не павінна рабіцца дзяржаўнай палітыкай і ідэалогіяй.

А яшчэ, задача спецслужбаў — гэта абарона інтарэсаў і жыццяў грамадзян краіны, а не асобна ўзятага клану, які кантралюе ўсё навокал. Кожны супрацоўнік мае найперш перамагчы мінатаўра ў самім сабе, ведаць яго і кантраляваць, а пасля ўжо брацца за кантроль грамадства. Простымі словамі, ён мае ведаць, для чаго і для каго ўсё гэта, інакш ахвярамі «мінатаўраў» у пагонах стануць і звычайныя грамадзяне. І іх учорашнія калегі, а магчыма, і галоўны «мінатаўр», які паставіў свой асабісты культ і цікавасці галоўным прыярытэтам развіцця краіны.



labyrintkopf_minotaurus.jpg