Шмат гродзенцаў упершыню пачулі пра Курапаты
Больш за 200 жыхароў Гродна наведалі дакументальна-мастацкую выставу
«Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні», якая з 12 па 26 кастрычніка
экспанавалася у мясцовым Цэнтры гарадскога жыцця.
Выставу, арганізаваную грамадскай ініцыятывай “Эксперты ў абарону Курапатаў” разам з гродзенскімі актывістамі — грамадскім дзеячам Паўлам Мажэйкам і гісторыкам Сяржуком Германам, наведалі неабыякавыя да тэмы сталінскіх рэпрэсій людзі рознага веку, у тым ліку студэнты, прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі і ветэраны беларускага Адраджэння. Сярод іх — бард Віктар Шалкевіч, навукоўца Мікола Таранда, скульптар Юрась Мацко, жывапісцы Алесь Сураў і Анатоль Скамарошчанка, даследчык гісторыі нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў на землях Беларусі Васіль Герасімчык, публіцыст Уладзімір Хільмановіч, краязнаўца Эдуард Дмухоўскі, літаратар Сяргей Астраўцоў і малады актор Зміцер Рубель.
Дарэчы апошні некалькі разоў прыходзіў на выставу, каб даведацца пра
гісторыю нацыянальнага некропалю і ў дыялогу з арганізатарамі экспазіцыі
абмяняцца думкамі па найбольш актуальных праблемах нацыянальнага жыцця.
У каментары НЧ гісторык Сяржук Герман, які разам з экспертамі з Мінску
праводзіў экскурсіі па выставе, зазначыў, што большасць наведнікаў, асабліва з моладзі,
ніколі не чулі пра Курапаты.
“Таму нам ёсць над чым працаваць. На прычынах спыняцца не мае сэнсу,
паколькі яны і так вядомыя. Калі казаць пра самае запамінальнае, дык
прыгадваецца рэакцыя ад выставы маладой жанчыны, якая не стрымала слёзы і
вельмі моцна праніклася тым горам, якое па волі лёсу напаткала беларускі народ.
Вельмі пазітыўныя пачуцці пакінула рэакцыя на экспазіцыю наведнікаў адкрытага
клубнага дому “Новыя гарызонты” — сацыяльнай службы для рэабілітацыі людзей з
псіхічнымі захворваннямі, што дапамагае вяртацца да актыўнага жыцця ў
грамадстве. Трэба адзначыць, што гэтыя наведнікі паказалі сябе досыць
абазнанымі ў гісторыі трагедыі народу ад савецкага таталітарызму, у тым ліку ў мінулым
Курапатаў. Так, адзін з прадстаўнікоў гэтай групы распавёў пра пакуты яго сям’і
пад саветамі, у тым ліку пра расстрэл свайго дзеда, які быў афіцэрам польскай
арміі”, — сказаў Сяржук Герман.
Ён звярнуў увагу на тое, што ўсе наведнікі выказаліся за неабходнасць стварэння
высокамастацкага абрамлення Народнага мемарыялу ў Курапатах, якое б адпавядала сучасным
сусветным падыходам да помнікаў такога ўзроўню і нацыянальным традыцыям
ушанавання памяці адданых Бацькаўшчыне сыноў і дачок Беларусі ў галіне
архітэктуры і выяўленчага мастацтва.
Паводле спадара Сяржука, вядзецца збор сродкаў для ўсталявання ў Курапатах адмысловага крыжа ад жыхароў Гродзеншчыны у памяць пра сваіх бязвінна забітых землякоў, бо, як казаў класік беларускай нацыянальнай літаратары Уладзімір Караткевіч, “Нельга забыць!”
Разам з тым, гісторык адзначыў, што паколькі сталінізм на Гродзеншчыну прыйшоў толькі ў другой палове 1939 году, дык складана казаць пра існаванне месцаў масавых забойстваў ахвяраў палітычных рэпрэсій на тэрыторыі вобласці, па сваіх маштабах параўнальных з Курапатамі ці Катынню. “На тэрыторыі Заходняй Беларусі расстрэлы бязвінных людзей у асноўным адбываліся ў мясцовых астрогах, асабліва пасля пачатку германа-савецкай вайны 22 чэрвеня 1941 годзе, калі немцы наступалі і саветы зачышчалі турмы. І такіх выпадкаў дзясяткі”, — заявіў Сяржук Герман.
Напрыканцы хацеў бы выказаць цёплыя словы падзякі Паўлу Мажэйку і Сяржуку
Герману за добрую арганізацыю выставы, усім гродзенцам — за ўвагу да гэтай
падзеі, а актывісту нашай ініцыятывы, мастаку Генадзю Драздову — за дапамогу ў
падрыхтоўцы экспазіцыі і яе адкрыцці.
Дарэчы, пад час наведвання Гродна давялося пажыць у доме №7 па вуліцы Савецкай — галоўнай пешаходнай магістралі старажытнага гораду. Гэты дом (былы Фукса) знакаміты тым, што ў ім на кватэры Ідэльфонса Мілевіча падчас нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-64 гадоў адбываліся сустрэчы ўдзельнікаў Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, якія наведваў Кастусь Каліноўскі. У гэтым доме побач жылі кіраўнікі паўстання ў краі Сільвястровіч, Геніюш і Адольф Іванавіч Талочка.